Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Выбарчы марафон пачаўся

Выбары Прэзiдэнта РБ праходзяць, згодна прынятага год назад Выбарчага кодэкса, па новых правiлах. Таму мы пачынаем азнаямленне чытачоў з юрыдычнымi аспектамi розных этапаў выбарчага працэса.

Першымi этапамi выбараў Прэзiдэнта з’яўляецца ўтварэнне тэрытарыяльных (абласных, раённых, гарадскiх, раённых у гарадах) камiсiй па выбарах Прэзiдэнта РБ i вылучэнню кандыдатаў у прэзiдэнты.

Тэрытарыяльныя камiсii ў складзе 9-13 чалавек павiнны быць сфармаваны да 21 чэрвеня на сумесных паседжаннях прэзiдыўмаў Саветаў i выканкамаў адпаведнага ўзроўню з прадстаўнiкоў, вылучаных палiтычнымi партыямi, грамадскiмi арганiзацыямi, працоўнымi калектывамi, цi грамадзянамi шляхам збору не меньш 30 подпiсаў. Пратаколы паседжанняў, сходаў, цi заявы з подпiсамi грамадзян павiнны быць пададзены ў адпаведныя выканкамы цi Саветы да 18 чэрвеня.

Такiм чынам да наступнага панядзелка можна вылучыць любога грамадзянiна ў раённую цi абласную камiсii па выбарах Прэзiдэнта РБ. Для гэтага неабходна сабраць не меньш 30 подпiсаў. Больш падрабязную iнфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 773-975, 721-183

Другiм важным этапам, якi ўжо пачаўся, з’яўляецца вылучэнне кандыдатаў, якiя будуць змагацца за пасаду Прэзiдэнта на выбарах.

Кандыдатам у Прэзiдэнты можа стаць любы грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь па нараджэнню, якому не меньш 35 гадоў i якi стала пражывае ў Беларусi апошнiя 10 гадоў, не мае не пагашанай згодна заканадаўства судзiмасцi. Для гэтага яму трэба стварыць iнiцыятыўную групу ў колькасцi не меньш 100 чалавек i да 15 чэрвеня падаць заяву разам са спiсам iнiцыятыўнай групы ў Цэнтральную камiсiю па выбарах Прэзiдэнта.

Зараз усе прэтэндэнты на пасаду Прэзiдэнта займаюцца рэгiстрацыяй сваiх iнiцыятыўных груп. ЦК у пяцiдзённы тэрмiн (да 21 чэрвеня) павiнна разгледзець заявы, зарэгiстраваць iнiцыятыўныя групы i выдаць iх членам адпаведныя пасведчаннi i падпiсныя лiсты.

Такiм чынам, 21 чэрвеня мы з вамi даведаемся, хто будзе шукаць вашай падтрымкi, каб стаць кандыдатам у Прэзiдэнты.

Кожная iнiцыятыўная група на працягу 30 дзён павiнна будзе сабраць за свайго прэтэндэнта не меньш 100 тысяч подпiсаў выбаршчыкаў-грамадзян Беларусi.

Як па закону павiнен праходзiць збор подпiсаў i якiя правы пры гэтым маюць выбаршчыкi мы абмяркуем у наступным нумары.

Сяргей Мальчык, праваабарончы цэнтр «Вясна»

Назад