Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Музей «Пад баранамі»

З нагоды 160-годдзя нараджэння пiсьменнiцы Элiзы Ажэшкi 6 чэрвеня ў Гродне ў доме, дзе яна жыла, адкрыўся невялiкi музей.

Зараз у дамку Ажэшкi месцiцца бiблiятэка дзiцячай i юнацкай лiтаратуры. Тут даўно iснаваў мемарыяльны пакой пiсьменнiцы. Музей адкрылi ў двух невялiкiх пакойчыках, якiя пры жыццi Ажэшкi называлiся салонiкам «Пад баранамi» – ад назвы вядомай карцiны, што знаходзiцца ў Луўры (пiсьменнiца мела рэпрадукцыю). Тут Э.Ажэшка прымала гасцей, тут збiралася iнтэлiгенцыя, вялiся дыскусii. Яшчэ некалькi гадоў таму тут мясцiлася абласное аддзяленне Саюзу пiсьменнiкаў. Тут доўгiя гады працаваў вядомы гродзенскi пiсьменнiк Аляксей Карпюк. Праўда, па настойлiвых просьбах Саюзу палякаў пiсьменнiкаў выселiлi мясцовыя ўлады. У музейчыку цяпер стаiць стылiзаваная мэбля. Захаваўся гербарый пiсменьнiцы, яе кнiжкi.

У Гродне Ажэшку называюць самай слаўнай жанчынай усiх часоў. Не буду спыняцца на яе бiяграфii, якая шмат каму вядомая, але зазначу, што падчас хваробы Ажэшкi гродзенцы засцiлалi саломай брукаваную дарогу побач з домам, каб не было чуваць грукату колаў. Памерла пiсьменнiца ў 1910 годзе i пахаваная на старых гродзенскiх могiлках. Помнiк, якi зараз стаiць у Гродне на вулiцы Ажэшкi, жыхары гораду схавалi ў часе Другой Сусьветнай вайны ад немцаў, а потым iзноў аднавiлi.

Да арганiзацыi музея спрычынiлiся супрацоўнiкi бiблiятэкi, мясцовыя ўлады, Саюз палякаў Беларусi. На адкрыццi прысутнiчаў старшыня гарвыканкаму Анатоль Пашкевiч, якi назваў пiсьменнiцу вялiкай дэмакраткай i адзначыў яе ўдзел у паўстанцкiм руху. Былi таксама госьцi з Польшчы, прадстаўнiкi Таварыства гарадзенцаў з Варшавы, прадстаўнiк Польскага консульства ў Гродне.

Пасля ўрачыстага адкрыцця музею былi ўскладзеныя кветкi да помнiка пiсьменнiцы, на магiле. Адбыўся канцэрт. Была арганiзаваная i выстава кнiжак пiсьменнiцы.

М.КАРНЕВIЧ

Назад