Помнік чужому чалавеку
Уладзiслаў Анатольевiч Макарэвiч, якога вы бачыце на здымку насамрэч чалавек незвычайны. Гэты здымак зроблены на вясковых могiлках у Путрышках Гродзенскага раёна. Жыве Уладзiслаў Анатольевiч у Севастопале, нарадзiўся ў Омску. На Гарадзеншчыну яго прывяла цiкаўнасць свайго хобi, калi можна так сказаць.
Ён займаецца генеалогiяй ваенных медыкаў асобай чырвоназнамённай Далёкаўсходняй армii. Хаця сам па адукацыў геафiзiк i ў свой час займаўся акеаналогiяй. Пасля таго, як па стану здароўя выйшаў на пенсiю, яго зацiкавiў лёс людзей, якiя несправядлiва пастрадалi ад рэпрэсiй у сталiнскiя часы. Займаўся ён i генеалогiяй свайго роду, але не зусiм паспяхова. Ведае толькi, што бацька ягоны з Гродна, а дзед нарадзiўся ў Слонiмскiм павеце. Далей не дайшоў. Праўда, шмат удалося зрабiць у дачыненнi лёсу iншых людзей.
Генеалогiя аднаго з iх – начальнiка санiтарнай службы 18 карпуснога артылерыйскага палка Мечыслва Антонавiча Ракоўскага, рэпрасаванага ў 1937 годзе i прывяла Уладзiслава Антонавiча ў архiвы Гродна, Вiльнi, Беластока.
Шыльда, якую сам зрабiў i ўсталяваў на памятным каменi Уладзiслаў Анатольевiч, увекавечвае памяць нашага мала каму вядомага земляка Матышчыка. Ён быў дзедам таго самага Ракоўскага, генеалогiяй якога зацiкавiўся Уладзiслаў Антонавiч. Яму ўдалося ўстанавiць, што гэты чалавек нарадзiўся на Беласточчыне, жыў у Верцялiшках, а пахаваны ў Путрышках. Толькi такiя звесткi. Цяпер ёсць яшчэ i шыльда, якая сведчыць, што такi чалавек жыў на гэтай зямлi.
Мы не доўга размаўлялi з Уладзiславам Анатольевiчам, але ўвесь час карцела зразумець, што натхнiла яго на такую працу. Ездзiць у далёкi свет, шукаць лёсы чужых людзей. Мой субяседнiк сцiпла тлумачыў, што яго папросту абурыла тая несправядлiвасць, якая чынiлася ў 30-я гады да нi ў чым непавiнных людзей. Яшчэ ён вельмi шкадаваў, што не здолеў адшукаць генеалогiю свайго роду. Уладзiслаў Анатольевўч лiчыць, што на помнiку павiнен быць зроблены надпiс на той мове, якую чалавек лiчыў роднай. А сам ён кажа, што не ведае, якая мова родная ў яго. «Я – русскоязычный, так склаўся лёс» – казаў Уладзiслаў Анатольевiч.
М.КАРНЕВIЧ
|