Чаго хоча моладзь
Ва аўторак 38 арганiзацый падпiсалi заяву, у якой пералiчана пяць умоваў, пры якiх моладзевыя арганiзацыi падтрымаюць адзiнага кандыдата ад грамадзянскай каалiцыi.
Заява пад назвай «Моладзь за Беларусь» павiнна была быць перададзена Ўладзiмiру Ганчарыку ўчора ранiцай. Прадстаўнiкi арганiзацый, у лiку якiх такiя ўплывовыя, як Малады Фронт, Маладая Грамада, Задзiночанне Беларускiх Студэнтаў, патрабуюць аднаўлення бел-чырвона-белага сцяга, герба «Пагоня» i вырашэння такiх праблем, як прымусовае размеркаванне, абавязковая вайсковая служба. Таксама моладзь патрабуе прызнання беларускай мовы адзiнай дзяржаўнай. Акрамя таго, прапануецца неадкладна правесцi парламентскiя выбары i пераразмеркаваць паўнамоцтвы памiж галiнамi ўлады на карысць заканадаўчай i судовай, а таксама памiж прэзiдэнтам i ўрадам на карысць прэм’ер-мiнiстра. Пры гэтым пяты пункт заявы заклiкае гарантаваць лiдару «Рэгiянальнай Беларусi» Сямёну Домашу пасаду прэм’ер-мiнiстра.
Напрыканцы заявы прадстаўнiкi арганiзацый заклiкаюць кожнага маладога беларуса далучыцца да гэтай iнiцыятывы.
Д.ЯГОРАЎ
|