Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Каментарый да публiкацыi

А.Чарніцкі і яго «очернительство»

Дзяржаўная iдэалагiчная «вертыкаль» дала каманду перадрукаваць з «Советской Белоруссии» артыкул некага «писателя» Аляксандра Чарнiцкага «Беседа с отцом о времени и президенте». Абласная газета «Гродзенская праўда» паслухмяна ўзяла пад казырок (гл. нумар ад 31 лiпеня г.г.). Што ж гэта за супер-матэрыял, калi яго iмкнуцца данесцi да шырокай масы самага простага чалавека?

Нiчога новага я ў iм не знайшоў. Звычайная «агiтка» за Лукашэнку, так неабходная апошняму напярэданi прэзiдэнцкiх выбараў. Прычым, «зварганеная» прымiтыўна, разлiчаная менавiта на нiжэйшы плебс з адзiнай мэтай – давесцi, што Лукашэнка незамянiмы, удзяўбцi ў галовы: альтэрнатывы яму няма, ён абавязкова будзе перавыбраны.

Гэта агульнае ўражанне. Цяпер пра форму, пры дапамозе якой аўтар спрабуе пераканаць у гэтым чытача. Узята адвечная спрэчка бацькi i сына. У нашым выпадку, бацька – вучоны-электроншчык, iнтэлiгент, спадзяемся, не ў першым калене, шматгадовы слухач заходнiх радыёстанцый. Я таксама слухач са стажам тых жа станцый. I адразу скажу, што чалавек, якi пастаянна валодае альтэрнатыўнай iнфармацыяй, не можа разважаць так, як гэта робiць дарослы чалавек у артыкуле А.Чарнiцкага. Здаецца, аўтар наўмысна не называе радыёстанцыi, якiя слухае так званы бацька. З яго выказванняў вынiкае, што ён заядлы слухач менавiта беларускай першай праграмы, якая штодзень напорыста прамывае мазгi сваiм слухачам. Добра-такi прамыла i яму. Прымiтыўныя развагi пра эканамiчны i сацыяльны стан Беларусi сведчаць якраз пра гэта...

Адным словам, сын дае пытаннi, а бацька адказвае. Асноўных накiрункаў гутаркi тры – разгром «оголтелых националистов-дуболомов», крытыка парадкаў, якiя пануюць у Расii (там кепска, а ў нас добра) i прапаганда асобы Лукашэнкi («почти ликвидированы очереди на установку телефонов. Даже скромно обеспеченные граждане позволяют себе отдых за границей...»).

Аўтар не стаў абцяжарваць сябе пошукамi новых форм аблiвання брудам палiтычных апанентаў. Сынок «знаком кое с кем лично». Прозвiшчы апазiцыянераў, вядома, не называе. Вiдаць, праяўляе клопат пра бяспеку грамадзян. Бо за выказваннi накшталт «Хороший русский – это мёртвый русский», «Даже лучшие их словари созданы инородцами Далем и Фасмером...» пагражае судовы пераслед за распальванне мiжнацыянальнай рознi. Каб чытачы перапоўнiлiся яшчэ большай нянавiсцю да «ультранационалистов», аўтар прыпiсвае iм выслоўе, даўно зацяганае дзяржаўнымi СМI: «Это не народ, а быдло». Але хто так часта паўтарае гэта, той так i думае.

Крытыка парадкаў у Расii стала апошнiм часам нiбыта дзяржаўнай палiтыкай кiраўнiцтва Беларусi. Там усё кепска – «весь российский бизнес выстроен на воровстве, взятках и скрытии доходов», «страна насквозь пронизана бандитизмом» i г.д. Тады навошта Лукашэнка так хоча аб’яднацца з гэтай злачыннай краiнай?

Ёсць адна цiкавая дэталь у артыку ле. Аўтар з усяе сiлы крытыкуе Мiлошавiча – «сербского националиста, который разжег все до единой балканские войны последнего десятилетия». З чаго б гэта ўзгаданы мiжнародны злачынца i падсудны Еўрапейскага трыбуналу? Выбаршчыкi памятаюць спешны прыезд у Белград беларускага прэзiдэнта для падтрымкi свайго сябра Слабадана, iх клятвы ў вернасцi адзiнай «славянскай» iдэi, абдымкi i пацалункi. Скажы, хто твой сябар...Вось i спатрэбiлася развесцi iх на розныя бакi, «сходство Лукашенко с Милошевичем может усматривать только очень недалёкий человек...», сцвярджае А.Чарнiцкi.

Сынок аказаўся слабым апанентам для бацькi, якi ўсе наскокi гарачага субяседнiка разбiвае адным махам. Нездарма артыкул перасыпаны ўдакладненнямi, якiя адносяцца да сынка: «Я безнадежно машу рукой», «Я удивлен», «Мне остается лишь растерянно воскликнуть», «Я молча развожу руками». Карацей, не падрыхтаваны хлопец для сур’ёзнай гутаркi, як i той чытач, для якога падсунута публiкацыя ў «Советской Белоруссии» i яе перадрукi ў мясцовых СМI. Застанецца грамадзянам пачухаць патылiцу i паўтарыць словы сына: «Беседы с отцом сильно поколебали мои взгляды на Лукашенко как на антиреформатора с диктаторскими замашками». Менавiта гэтага i дамагаецца аўтар i тыя, хто за iм стаiць. Нездарма гучыць нiчым не падмацаванае сцвярджэнне: у дзень выбараў мiнчане аддадуць Лукашэнку куды больш галасоў, а не менш адной чвэрцi, як прагназуюць аналiтыкi. Вось галоўная турбота выбарчага штаба Лукашэнкi. Таму i будуць з’яўляцца ў дзяржаўным друку прымiтыўныя артыкулы-блiзняты накшталт опуса А.Чарнецкага. Але хто паверыць гэтай лухце, акрамя 25-28 працэнтаў вернага электарату Лукашэнкi. Яны i так прагаласуюць за свайго кумiра. Выходзiць, дарэмна страюцца «писатели» абалванiць нармальных грамадзян.

Калi ў гэтага лукашэнкаўскага аўтара i кнiгi такога ж узроўню, як узгаданы намi артыкул, то трэба паспачуваць рэжыму: бедны ён на сапраўдных прапагандыстаў i агiтатараў.

Антон ЛабовIЧ

Назад