Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Выбары-2001

Ганчарык і Домаш: шлях да адзінства

Вызначэнне адзiнага кандыдата ад дэмакратычнай каалiцыi сталася важнейшай падзеяй перадвыбарчай кампанii. 3 жнiўня Уладзiмiр Ганчарык i Сямён Домаш выступiлi з сумеснай заяваю, у якой пацвердзiлi сваё адзiнства i непарушнасць рашэння пра адзiнага кандыдата. Аднак пэўныя супярэчнасцi памiж камандамi двух кандыдатаў тым не менш застаюцца.

У чым палягаюць прычыны гэтых супярэчнасцяў? У чым Уладзiмiр Ганчарык гатовы пайсцi насустрач пажаданням прыхiльнiкаў Сямёна Домаша? Хто такi Ганчарык для выбаршчыкаў Домаша - толькi найменшае зло ў параўнаннi з Лукашэнкам цi выразьнiк iх iнтарэсаў?

На гэтыя пытаннi адказваюць кiраўнiк тэхнiчнага штабу Ўладзiмiра Ганчарыка Валянцiна Палевiкова i кiраўнiк перадвыбарчага штабу Сямёна Домаша Аляксандар Мiлiнкевiч.

— Вызначэнне адзiнага кандыдата ад дэмакратычнай каалiцыi сталася важнейшай падзеяй перадвыбарчай кампанii. Але падаецца, што поўнага адзiнства няма. Пэўныя сумненнi i супярэчнасцi робяцца здабыткам галоснасцi. Некаторыя сябры каманды Сямёна Домаша не толькi адмаўляюцца працаваць на карысць Уладзiмiра Ганчарыка, але i заклiкаюць Домаша працягваць барацьбу. Безумоўна, добраахвотнае зняццё сваёй кандыдатуры нiкому не можа даставiць асалоды. Але чамусцi толькi сярод прадстаўнiкоў каманды Домаша публiчна выказваецца нязгода з рашэннем пра адзiнага кандыдата, у той жа час прадстаўнiкi камандаў iншых сябраў «пяцёркi» такiх меркаванняў не выказваюць. Сп-ня Палевiкова, чаму так адбываецца?

Палевiкова: Можа, мой адказ будзе нечаканасцю, але я iх вельмi разумею. Калi б здарылася наадварот, i першым нумарам стаў Домаш, напэўна такое ж расчараванне адчулi i сябры нашай iнiцыятыўнай групы. Па-чалавечы гэта зразумела. Калi працуеш на чалавека, жывеш яго iдэямi, пачуццём каманды – i ў адзiн момант гэта ўсё разбураецца. Я ўдзячная i Сямёну Мiкалаевiчу, i ягонай камандзе, якая, ў асноўным, прыняла гэты сцэнар. У размовах пра супярэчнасцi больш чутак i iнтрыгаў. Сямён Мiкалаевiч паступiў вельмi мудра i годна. Ён ужо на другi дзень пасля рашэння пра адзiнага кандыдата дэлегаваў вялiкую прафесiйную групу для працы ў цэнтральным штабе i мы працуем разам. Мы правялi перамовы i з Аляксандрам Мiлiнкевiчам, падчас якiх знялi некаторыя праблемы. Мы верым, што нашыя кандыдаты – мужныя людзi, i што яны дамовяцца. — Паводле вашага меркавання, сп-ня Палевiкова, прычына супярэчнасцяў палягае, так бы мовiць, у чалавечым. Сп-р Мiлiнкевiч, цi згодны вы з такiм поглядам?

Мiлiнкевiч: Сённяшняя напружанасць у колах беларускай дэмакратыi iснуе таму, што мы разумеем, якая вялiкая адказнасць ускладзеная на нас усiх. Напружанасць iснуе яшчэ i таму, што нават маленечкая звестачка пра тое, што ў штабе Домаша не ўсе пагадзiлiся i не ўсе ведаюць, як сябе паводзiць, адразу ж выклiкае вялiкiя эмоцыi. Гэта абсалютна натуральны працэс. Я мяркую, што недахопам працэдуры вылучэння адзiнага кандыдата быў недахоп празрыстасцi, адсутнасць адказу на пытанне, чаму перавага была аддадзена таму, а не iншаму. Але сёння ў нашым штабе гэтае пытанне не падлягае дыскусii, мы яго больш не абмяркоўваем, гэта ўжо пройдзены этап. Мы спрабуем зрабiць усё, каб Домаш з Ганчарыкам не проста абнялiся перад тэлекамэрамi i заявiлi, што яны гатовыя працаваць разам. Самая вялiкая праблема сёння – каб вялiкая колькасць прыхiльнiкаў Домаша не фiктыўна, а актыўна працавала на кампанiю, каб яны не апусцiлi рукi i верылi, што iх iдэi, iх iнтарэсы будуць адстойвацца. Гэта не простая праца, яна не робiцца за адзiн дзень, але мы рухаемся наперад, i кожны дзень ёсць пазiтыўныя зрухi.

— Мне здаецца, што ў сваiм адказе вы, сп-р Мiлiнкевiч, зрабiлi намёк на тое, што праблема не зводзiцца да чалавечых адносiнаў, да чыйгосцi задавальнення цi крыўды. Падаецца, што адна з прычынаў гэтых супярэчнасцяў палягае на тым, што Домаш i Ганчарык маюць розныя сацыяльныя базы, абапiраюцца на розныя сiлы ў грамадстве. I тут сапраўды мала, каб адзiн чалавек проста пацiснуў руку iншаму, трэба, каб прыхiльнiкi аднаго адчулi, што iншы кандыдат задаволiць iх патрэбы, iх патрабаваннi.

Сп-р Мiлiнкевiч, у чым, на ваш погляд, палягаюць адрозненнi памiж прыхiльнiкамi Ганчарыка i Домаша, i ў чым палягаюць патрабаваннi да Ўладзiмiра Ганчарыка не асабiста нават Сямёна Домаша i нават не ягонай каманды, а тых людзей, якiх ён прадстаўляе?

Мiлiнкевiч: Гэта сапраўды так: за абодвума кандыдатамi стаяць даволi розныя сацыяльныя групы, але гэта нават плюс, а не мiнус, бо кожны можа працаваць на сваiм электаральным полi. Калi б яны iшлi паасобку i сябравалi памiж сабою, гэта таксама было б магчыма. Але ў сённяшнiх умовах, калi ёсць дамоўленасць, трэба, каб iшоў адзiн, але вельмi важна, каб другi кандыдат, якi здыме сваю кандыдатуру, быў увесь час побач з адзiным у публiчных выступах. За Домашам стаяць людзi, для якiх важнымi з’яўляюцца лiберальныя i нацыянальна-дэмакратычныя каштоўнасцi, моладзь, дробны i сярэднi бiзнэс. I гэтым людзям надзвычай важна не толькi ўбачыць, што i Ўладзiмiр Ганчарык можа выканаць тое, што з’яўляецца iх iнтарэсам, але i каб Домаш увесь час быў побач з Ганчарыкам у гэтай кампанii. I пасля таго, як мы пераможам, каб ён быў гарантам таго, што ўсё, што iм дорага, будзе выканана.

Тады людзi зразумеюць, што адзiн з кандыдатаў сыходзiць дзеля добрай справы, дзеля Беларусi, бо мы не за ўладу змагаемся, а за будучыню нашых дзяцей. У Ганчарыка i Домаша ёсць магчымасць, працуючы кожны на сваiм электаральным полi, ахапiць усiх, хто ў супрацiве рэжыму.

— Сп-р Мiлiнкевiч, я папрашу вас канкрэтызаваць ваш адказ. Вы сказалi, што гэтыя людзi адстойваюць лiберальныя i нацыянальныя каштоўнасцi. У iх, наколькi я разумею, ёсць пэўныя сумненнi, што iншы кандыдат выканае iх пажаданнi i патрабаваннi. А ў чым яны палягаюць?

Мiлiнкевiч: Я мяркую, што калi абодва кандыдаты – i той, што застаецца, i той, што здымаецца, як мага часцей будуць разам, iм важна казаць, што яны прадстаўляюць агульнадэмакратычны рух, i хаця абапiраюцца на крыху розныя сiлы, выканаюць пажаданнi i тых, i iншых. Калi Домаш здымаецца i стаiць побач з Ганчарыкам, ён мусiць увесь час казаць: «Я застаюся, каб выканаць тое, што для вас дарагое». Ганчарык будзе казаць тое ж самае свайму электарату.

— Сп-ня Палевiкова, Аляксандр адказаў вельмi дыпламатычна, можа, вы адкажыце больш шчыра. На якiя саступкi электарату Домаша гатовая каманда Ганчарыка, гатовы сам Уладзiмiр Ганчарык?»

Палевiкова: Я яшчэ раз падкрэслiваю – яны разумныя людзi, яны самi дамовяцца i растлумачаць гэта сваiм камандам i свайму электарату. Ведаеце, у нас вельмi мала часу. Уладзiмiр Iванавiч выдатна разумее, што больш за ўсiх у «пяцёрцы» ахвяраваў менавiта Сямён Мiкалаевiч. За iм стаiць каманда, якая рыхтавалася не месяц i не паўгады. Накiрунак працы ў каманды Домаша – гэта, ў першую чаргу, Гарадзеншчына, дзе ён працаваў i мае велiзарную падтрымку.

— Сп-ня Палевiкова, вы не адказваеце на пытанне. Ёсць людзi, якiя падтрымлiваюць Домаша, таму што яго меркаваннi адпавядаюць iх меркаванням. I зараз шмат хто з iх задае пытанне: «Дзе гарантыi, што Уладзiмiр Ганчарык будзе выконваць гэтыя нашыя патрабаваннi, задаволiць нашыя iнтарэсы?»

Палевiкова: У любым дэмакратычным грамадзтве ёсць людзi з рознымi меркаваннямi, нельга ўсiх пастроiць i сказаць: «Iдзiце туды». Але есць мы – палiтычныя партыi, грамадзкiя рухi, прэтэндэнты. Пры штабе працуе Палiтычная Рада, якая распрацоўвае праект пагаднення памiж, у першую чаргу, «пяцёркаю», якое падпiша адзiны кандыдат. Гэта будуць гарантыi не толькi з боку адзiнага кандыдата, але i з боку палiтычных партыяў i рухаў. Мы мяркуем вынесцi яго на разгляд шырокага народнага форуму. Пакуль размова iдзе пра Кангрэс дэмакратычных сiлаў, але, магчыма, форма зменiцца, i гэты форум будзе аб’ядноўваць больш шырокае кола палiтычных сiлаў.

— Зараз у Беларусi вельмi папулярныя параўнаннi з Югаславiяй. Летам мiнулага году югаслаўскiя дэмакраты пагадзiлiся, што адзiным кандыдатам ад дэмакратычных сiлаў стане Ваiслаў Каштунiца. На гэтае месца прэтэндавалi i iншыя надзвычай амбiтныя палiтыкi, i ў першую чаргу – лiдэр Дэмакратычнай партыi Сербii Зоран Джынджыч. Але ён саступiў Каштунiцу. Аднак, калi Каштунiца быў прызнаны адзiным дэмакратычным кандыдатам, кiраўнiком ягонага перадвыбарчага штабу стаў ягоны канкурэнт Зоран Джынджыч. У Беларусi адзiным кандыдатам ад дэмакратычных сiлаў стаў Уладзiмiр Ганчарык. А кiраўнiком ягонага штабу стаў ягоны прыхiльнiк Васiль Лявонаў, а не Сямён Домаш. Чаму?

Палевiкова: Гэта пытанне да «пяцёркi», якая прымала гэтае рашэнне. Нагадаю, што там прысутнiчаў i Домаш. Нарэшце, у Югаславii свой сцэнар, у нас – свой сцэнар.

— Сп-р Мiлiнкевiч, калi будзе рэалiзаваны той сцэнар, якi быў вызначаны 21 лiпеня, – рэгiструюць абодвух, Сямён Домаш здымае сваю кандыдатуру, адзiны кандыдат ад дэмакратычнай каалiцыi – Уладзiмiр Ганчарык, на ваш погляд, што мусiць атрымаць за гэта Сямён Домаш ужо падчас перадвыбарчай кампанii?

Мiлiнкевiч: Гарантам добрай, сумленнай i супольнай працы можа быць дадатковае публiчнае пагадненне памiж Ганчарыкам i Домашам. Гэта нармальнае пагадненне пра ўмовы, на якiх Домаш здымае сваю кандыдатуру. Паводле гэтага дакументу Домашу можа быць прапанаваная пасада прэм’ер-мiнiстра з пашыранымi паўнамоцтвамi. I такая сiтуацыя, калi адзiны кандыдат Уладзiмiр Ганчарык iдзе на выбары, маючы побач будучага прэм’ер-мiнiстра, для прыхiльнiкаў Домаша гэта будзе знакам, што яны будуць мець уплыў на будучую палiтыку.

— Сп-р Мiлiнкевiч, як вы можаце растлумачыць выбаршчыку Сямёна Домаша, чаму ён мусiць галасаваць за Ганчарыка не як за найменшае зло, а як за таго, хто будзе праводзiць лiнiю Домаша? Мiлiнкевiч: Можна ўмоўна назваць Ганчарыка левацэнтрысцкiм кандыдатам, а Домаша – правацэнтрысцкiм, але яны абодва дэмакратычныя кандыдаты. Агiтаваць прыхiльнiкаў Домаша за Ганчарыка не цяжка. Але для iх вельмi важна, каб у тых праграмах, што будуць рэалiзоўвацца пасля абрання новага прэзыдэнта, iх iнтарэсы былi ўлiчаныя.

Ю.ДРАКАХРУСТ, Радыё «Свабода»

Назад