Да 75-годдзя Янкі Запрудніка
Ты запытай у Ясеня...
Янка Запруднiк (Вiльчыцкi Сяргей Мiкалаевiч) нарадзiўся 9 жнiўня 1926 г. у мястэчку Мiр Карэлiцкага раёна. Гiсторык, палiтолаг, паэт, публiцыст. Скончыў Лювенскi ун-т (1954).
У 1944 г. выехаў у Германiю. Вучыўся ў Беларускай гiмназii iмя Янкi Купалы ў Мiхельсдорфе. З 1948 г. працаваў шахцёрам у Англii. Браў удзел у выданнi часопiса «Наперад» (1948-1953), у якiм друкавалiся яго творы. З 1954 г. працаваў на радыё «Свабода» у Мюнхене i Нью-Йорку. З 1957 г. жыве ў ЗША. Уваходзiў у склад рэдкалегii часопiса «Беларуская моладзь» (1959-1964), рэдагаваў бюлетэнь «Навiны з Беларусi» (1964-1969), быў галоўным рэдактарам газеты «Беларус» (1970-1980). У 1969 г. абаранiў доктарскую дысертацыю на тэму «Палiтычная барацьба за Беларусь у царскай Думе. 1907-1917». Аўтар вершаў, артыкулаў, прысвечаных гiсторыi беларускай дзяржаўнасцi, Слуцкага паўстання 1920 г., газет «Наша нiва», «Вольная Беларусь» i iнш.
Такiя звесткi дае пра Янку Запруднiка Беларускi энцыклапедычны даведнiк. Сцiсла i скупа. Калi пашукаць у iншых беларускiх выданнях, то што-кольвечы можна знайсцi. Напрыклад, у 1970-1975 г. выкладаў гiсторыю ў Квiнскiм каледжы гарадскога ўн-та г. Нью-Йорка, чытаў курс лекцый па гiсторыi i палiтыцы Беларусi ў Калумбiйскiм унiверсiтэце. Аўтар кнiгi «Спадчына бацькоў» (да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы i Я.Коласа). Дагэтуль актыўна займаецца вывучэннем ролi гэтых пiсьменнiкаў у фармiраваннi беларускай палiтычнай думкi. Яго манаграфiя «Беларусь на гiстарычных скрыжаваннях» (1983) была перакладзена на беларускую мову.
У юнацтве Янка Запруднiк вучыўся ў прагiмназii i гандлёвай школе (1942-1944). Быў сябрам Саюза Беларускай Моладзi. Пасля ад’езду ў Германiю знаходзiўся ў лагеры перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу. Удзельнiчаў у скаўцкiм руху. У 1954 г. закончыў гiстарычны факультэт Лювенскага ўнiверсiтэта, працаваў журналiстам. Быў рэдактарам бюлетэня «Факты аб Беларусi» (1972-1975), сябрам рэдкалегii «Запiсаў» – выдання Беларускага Iнстытута навукi i мастацтва. Сябра Рады БНР. Актывiст руху Беларуска-Амерыканскага задзiночання, Фонду iмя П.Крачэўскага, сябра Асацыяцыi амерыканскiх славiстаў. Неаднаразова выступаў на розных мiжнародных семiнарах i сiмпозiўмах.
На Беларусi ўдзельнiчаў у рабоце Мiжнароднага з’езда беларусiстаў (1992), канферэнцыi «Рым-IV» (1993, Гродна), 1-га з’езда беларусаў свету.
Лiтаратурны псеўданiм Сяргей Ясень выкарыстоўвае з 1947 г. Акрамя таго, свае творы падпiсвае як Аркадзь Будзiч, Рыгор Лiцьвiн, Скараход, Арсень Загорны, крыптонiмамi «А.З.», «Р.Л.», «Я.З.».
Такiя дадзеныя параскiданы на розных беларускiх выданнях. А найлепш пра сябе расказаў сам Запруднiк у iнтэрв’ю Леанiду Пранчаку. Там расстаўлены ўсе кропкi над «i». Усё жыццё чалавека, як на далонi. У Нямеччыну выехаў таму, што вучыўся ў Баранавiцкай прагiмназii, куды паступiў, каб не быць мабiлiзаваным у палiцыю. Немцы не дазвалялi беларусам мець вышэйшую адукацыю, а партызаны забаранялi вучыцца ў пачатковай школе. Таму навучанне ў гандлёвай школе – гэта ўжо лiчылася злачынствам перад народнымi мсцiўцамi. Да таго ж Вiльчыцкiя ў 1941 г. былi занесены ў спiсы для вывазу ў Сiбiр. Частку сям’i вывезлi 19 чэрвеня 1941 г. 17-гадовы хлопец ведаў, што яго чакае з прыходам Савецкай Армii. Бацька быў мабiлiзаваны Саветамi на фронт i загiнуў.
Ён на Захадзе быў зусiм адзiн. Аднак знайшоў сiлы на вучобу i працу. Знайшлiся выдатныя асобы, якiя не пакiнулi ў бядзе, – Вiтаўт Кiпель, Аўген Калубовiч, Барыс Рагуля, айцец Аўген Смаршчок, Мiкола Равенскi. У час работы на радыё «Свабода» (а гэта 37 гадоў!) з’явiлiся новыя знаёмыя – Наталля Арсеньнева, Масей Сяднёў, Рыгор Крушына, Вiцьбiч, Кавыль, Дудзiцкi, Станiслаў Станкевiч, Антон Адамовiч, Алесь Карповiч...
Янка Запруднiк служыць беларускаму народу тым, што дзесяцiгоддзямi знаёмiць амерыканскае грамадства з невядомай для iх краiнай. А тут, на Беларусi, засталося яго першае каханне, успамiны, «песня, якую спявалi жанчыны на Татарскай вулiцы ў Мiры». Гэтая мелодыя чамусьцi не забываецца. Бярэдзiць сэрца i боль за Радзiму: чаму людзi не могуць жыць так, як у Амерыцы? За што iх Бог пакараў? Калi ўжо стане на лад?..
Антон ЛабовIЧ
|