Гісторыя Беларусі да сённяшняга дня мае невядомыя і невывучаныя старонкі. Невядомай прасторай з’яўляецца гісторыя беларускай шляхты. Таму гэтая серыя артыкулаў ставіць на мэту пазнаёміць шырокае кола чытачоў з жыццём шляхты Вялікага княства Літоўскага ў XVI-XVII стст.. Свае пытанні можаце даслаць на e-mail talitas@pochtamt.ru або ў рэдакцыю газеты «Біржа інфармацыі».
Замалёўкі з гісторыі і культуры беларускай шляхты
Гiсторыя i культура беларускай шляхты да сённяшняга дня з’яўляецца маладаследаванай старонкай гiсторыi Беларусi. Беларуская нацыя засталася пазбаўленай уласнага вышэйшага грамадства, што дрэнна адбiлася на нацыянальнай свядомасцi i менталiтэце. Беларус атаясамлiваецца з лапцямi ды бульбай. А калi запытаць сярэдняга беларуса, што ён ведае пра шляхту, то ў лепшым выпадку ён назаве прозвiшчы Радзiвiлаў i Сапегаў.
Адсутнасць квалiфiкаванай iнфармацыi, iснаванне ў савецкай навуцы ўстойлiвага стэрыятыпа, што «паны» – гэта «класавыя ворагi i эксплуататары» беларускага народа, прывялi да неўспрымання шляхты як элемента беларускай гiсторыi i культуры.
Дык што ж уяўляла сабой беларуская шляхта, чым яна займалася i якая была яе функцыя ў грамадстве? Шляхецкiя прозвiшчы можна сустрэць на дзяржаўных i вайсковых пасадах, на сеймах i сеймiках, у спiсе фундатараў цэркваў, касцёлаў, кляштараў, друкарняў, сярод мемуарыстаў, лiтаратараў, паэтаў, навукоўцаў, юрыстаў, царкоўных дзеячоў. Па заканадаўству Вялiкага княства Лiтоўскага толькi шляхецкае саслоўе магло ўдзельнiчаць у палiтычным жыццi краiны i займаць дзяржаўныя пасады. Найбольш прыстыжнымi лiчылiся пасады: канцлер ВКЛ, падканцлер ВКЛ, гетман, ваявода, кашталян i iнш. Дзяржаўнае кiраванне таксама адбывалася праз сiстэму сеймаў. Першапачаткова павятовая шляхта збiралася на сеймiк. На iм абiралiся два дэлегаты на вальны сейм, якi адбываўся ў Варшаве, а з 1673 г. кожны трэцi сейм – у Гароднi. На сеймах абiралi караля, такiя сеймы называлiся вальнымi.
Галоўным месцам пражывання шляхты быў панскi маёнтак, да якога належалi фальваркi i вёскi. Феадальная гаспадарка забяспечвала сябе амаль усiм неабходным i вырабляла прадукцыю на продаж. На яе тэрыторыi мясцiлiся наступныя пабудовы: гаспадарскi дом (у iм было не меньш 5 пакояў), хаты для абслугi i чэлядзi, амбары, млыны, пякарня, лазня, бровар, саладоўня, сырнiца, кухня, стайнi, хлявы, скляпы, майстэрнi для адбельвання палатна. Так выглядалi маёнткi Лазнiкi (Вiленскi павет) Станiслава Юр’евiча Лазнiцкага (1586), Смаргонь – удавы берасцейскага ваяводы Крыштафа Зяновiча Фядоры Валовiч (1621) i iншыя.
На працягу XVI стагоддзя шляхта набыла сваю ўласную культуру, якая стала адрознiвацца ад мяшчанскай i сялянскай. Ёй уласцiвы шляхетнасць, роўнасць, зямляцтва цi суседства, рэлiгiйнасць, вайсковасць. Шляхту стаў вылучаць не толькi строй, але нават гаворка i акцэнт. На культурны воблiк шляхты ВКЛ моцна паўплывала далучэнне да шляхецкiх традыцый суседняй Польшчы. «Прамова Мялешкi» выдатна паказвае змены, якiя адбылiся ў шляхецкiм асяроддзi за стагоддзе. «... у дарагiх свiтках не хадзiлi. Iншыя без нагавiц, як бернардзiны гулялi, а сарочкi да костак шылi, а шапкi да самага пояса нашывалi... я сам калi па-хатняму ўбiраюся, то Яе Мiласць, панi Мсцiслаўская, жонка мая, нацешыцца i наглядзецца на мяне не можа...» Змянiлiся стравы: замест гуся з грыбамi, качкi з перцам, пячонкi з цыбуляй i часныком сталi ўжываць тарты i iншыя прысмакi, замест малмазii, медавухi i гарэлкi пiць венгерскае вiно. Шмат iншаземцаў з’явiлiся ў княстве – немцаў i палякаў (ляхаў). На думку невядомага аўтара, усе гэтыя перамены пагоршылi лад жыцця i зрабiлi слабой краiну, якая раней ў войнах лепш змагалася. Аўтар быў выхаваны на iншай сiстэме каштоўнасцяў, i новы лад жыцця яму было цяжка ўспрымаць. Яму лягчэй было ўставаць пад пеўня, чым пад гадзiннiк. Жаданне вярнуць старыя часы праходзiць лейтматывам праз увесь тэкст.
За гэты перыяд шляхецкая культура адышла ад народнай. Яна набыла рысы элiтарнасцi, што было звязана з высокiм статусам шляхты ў грамадстве ВКЛ. Шляхта стала асэнсоўваць сваю саслоўную выключнасць. Шляхцiц лiчыўся дасканалым як у духоўным, так i фiзiчным плане. З нараджэння ён быў сонцам i павiнен быў свяцiць, як сонца. Сапраўднага шляхцiца вылучала старая i чыстая кроў.
Адначасова адбылося наблiжэнне шляхты да культуры вышэйшага грамадства еўрапейскiх краiн. Сваю ролю адыграла Люблiнская ўнiя, якая яшчэ больш наблiзiла шляхту ВКЛ да шляхты Кароны i працягнула працэс паланiзацыi. Асваенне культуры Захаду стала неад’емнай умовай прыналежнасцi да элiтнай часткi грамадства, якая праз уладанне творамi мастацтва сцвярджала сваю арыстакратычную саслоўную выключнасць.
Рэлiгiйнасць стала неад’емнай рысай шляхты. Усё ў жыццi асобы адбывалася «дзякуючы Богу» i з «блаславення Божага». Гэта вельмi добра iлюструюць дзённiкi, мемуары i iншыя дакументы. Вонкавы бок рэлiгiйнага жыцця шляхты быў даволi актыўным. Найбольш гэта праявiлася ў фундацыях цэркваў, касцёлаў, кляштараў, збораў, школ, шпiталяў. Падтрымка рэлiгiйных установаў была распаўсюджанай з’явай яшчэ ў XVI ст. Вышэйшага пiку яна дасягнула ў XVII ст. Жонка крычаўскага старосты Багдана Саламярэцкага Ева Баркулабаўна Саламярэцкая (?-1626) падаравала на заснаванне праваслаўнага манастыра Ясiнскi i Сятчэўскi зямельныя ўчасткi ў Менскiм ваяводстве, якiя атрымала ад мужа (25 чэрвеня 1626 г.). Пасля яе смерцi яе сын Багдан (1589-1630) у памяць сваёй мацi фундаваў у маёнтку Баркулабава праваслаўны манастыр i царкву. Даруючы лiст ён адрасаваў свайму настаўнiку Мялецiю Сматрыцкаму (2 лiстапада 1626 г.). Увогуле Саламярэцкiм было ўласцiва падтрымлiваць грэчаскую царкву з пакалення ў пакаленне. Навагрудскi кашталян Аляксандр Iванавiч Палубiнскi (?-1607/08) i Соф’я Юр’еўна Гальшанская перадалi вiленскаму Свята-Троiцкаму брацтву маёнтак Судэрвы ў Вiленскiм павеце для заснавання праваслаўнай школы (1593). Далi фундацыйныя запiсы маршалак ВКЛ Павел Iванавiч Сапега, пiсар ВКЛ Богуш Багавiтавiч (1546), берасцейскi гараднiчы Iеранiм Жаба i яго жонка Ганна Залеская (1662), вiленскi кашталян i гетман ВКЛ Ёзаф Бальтазар Слушка (1696) i iншыя.
Цэрквы, касцёлы, кляштары, шпiталi ў асноўным падтрымлiвалiся прадстаўнiкамi шляхецкага саслоўя. Сярод iх сустракалiся прыхiльнiкi розных веравызнанняў. У XVI стагоддзi большасць з iх была праваслаўныiм, але з распаўсюджваннем iдэй пратэтантызма многiя сталi кальвiнiстамi, лютэранамi. З пашыреннем уплыву каталiцызму значная частка шляхты перайшла ў каталiцызм. Аднак адначасова ў шляхецкiм асяроддзi былi праваслаўныя, пратэстанты i нават унiяты.
Як бачым, шляхта адрознiвалася ад мяшчанства i сялянства, мела ўласную культуру i традыцыi. Сфармаваўшыся ў XVI стагоддзi, шляхецкае саслоўе, дзякуючы сваёй кансерватыўнасцi i традыцыйнасцi, захавалася амаль нязменным да сярэдзiны XVIII стагоддзя.
Наталля СлIж
|