Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Вялікія клопаты беларускай рэстаўрацыі

Два днi на мiнулым тыднi ў Гродзенскай вобласцi адбывалася выяздная калегiя мiнiстэрства Культуры Беларусi па ахове культурнай гiстарычнай спадчыны. У ёй браў удзел i мiнiстр Культуры Леанiд Гуляка. Прадстаўнiкi мiнiстэрства, супрацоўнiкi ўпраўленняў культуры з розных абласцей наведалi Мiрскi замак, Навагрудак, Лiду, абыйшлi i агледзелi помнiкi архiтэктуры Гродна i падвялi вынiкi працы на паседжаннi калегii, якое адбылося ў памяшканнi абласной бiблiятэкi. Асноўнае пытанне, якое разглядалася на калегii, датычыла рэстаўрацыi i захавання архiтэктурных помнiкаў Беларусi.

Дзелавы тон калегii задаў сам мiнiстр. Ён нагадаў сваiм падначаленым, што агляд архiтэктурных помнiкаў Гродна – гэта не экскурсiя, а рабочая дзелавая абстаноўка. Магчыма, яго ўразiў стан Каложы, дзе дагэтуль так i не праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы па ўмацаванню берага Нёмана – помнiк ХII ст. так i знаходзiцца пад пагрозай. Адзiн з самых старэйшых i дарагiх помнiкаў гiсторыi краiны. Магчыма, усхвалявалi закiнутыя руiны Нiжняй царквы на Старым замку, якiя ўжо колькi гадоў ляжаць раскапанымi, а рука рэстаўратара так i не можа да iх дацягнуцца. А можа абурыла тое, што ўжо добры дзесятак гадоў так i не дзейнiчае музей Гiсторыi рэлiгii, якi ў спешцы перавезлi i кiнулi ў непадрыхтаванае памяшканне...

Зрэшты, крытычныя выступы ўдзельнiкаў калегii паказалi, што рэстаўрацыя помнiкаў архiтэктуры ў нашай краiне знаходзiцца ў стане адчаю.

Кожны капае, як хоча

Уявiце сабе, што старшыня Камiтэту па рэстаўрацыi i кансерваванню помнiкаў Васiль Абломскi распавядае аб тым, што дагэтуль у Беларусi не створаны рэестр архiтэктурных помнiкаў, якiя маюць гiстарычную каштоўнасць, далёка не ўсе пазначаны шыльдамi, якiя сведчаць аб тым, што гэта помнiк гiсторыi, i ён ахоўваецца дзяржавай. Што датычыць якасцi рэстаўрацыйных работ, то, аказваецца, у нас няма нi спецыялiстаў-рэстаўратараў, нi навучальных устаноў, дзе б яны маглi рыхтавацца. Напрыклад, па словах таго ж В. Абломскага, правесцi рэстаўрацыйныя работы на Каложы немагчыма нават па той прычыне, што праект, зроблены арганiзацыяй «Гроднаграмадзянпраект», не адпавядае патрабаванням рэстаўрацыi. Аб гэтай праблеме гаварыў i дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ўладзiмiр Пракапцоў, якi зазначаў, што неабходна павысiць адказнасць аўтараў рэстаўрацыйных праектаў. Толькi пра якое павышэнне адказанасцi можна казаць, калi няма спецыялiстаў, якiя маглi б i ўмелi гэта зрабiць на належным узроўнi. Больш таго, рэстаўрацыйныя работы, якiя праводзяцца ў краiне, выконваюць часцей за ўсё звычайныя будаўнiкi, без спецыяльнай падрыхтоўкi. Падобная рэстаўрацыя нагадвае звычайны рамонт, а не сапраўдную рэстаўрацыю помнiка архiтэктуры. У гэтым можна пераканацца на прыкладзе Гродна. Фасады дамоў, якiя падмалёўваюцца да чарговага свята, праз год прынцыпова мяняюць свой выгляд. Гэта выкiнутыя на вецер немалыя грошы. Матэрыялы, якiя выкарыстоўваюцца для гэтых мэтаў, не адпавядаюць часцей за ўсё такiм работам, не вытрымлiваецца тэхналогiя рэстаўрацыйных работ. Уразiла, калi адзiн з удзельнiкаў калегii распавядаў, што ў Лiдскiм замку пасля яго рэстаўрацыi знайшлi пустоты ў сценах. Дарагая цэгла была раскрадзена, а муры заставiлi з пустотамi, i гэта назвалi рэстаўрацыяй. Той жа Пракапцоў прывёў прыклад, калi праз пяць гадоў пасля рэстаўрацыi згнiлi калоны ў Доме-музеi Ваньковiча.

Рэстаўрацыйныя арганiзацыi, якiя дзейнiчаюць пры Камiтэце па рэстаўрацыi i кансерваванню, пастаянна знаходзяцца на картатэцы, праплаты з бюджэта, як правiла, затрымлiваюцца на месяц, праверкi падаткавай iнспекцыi сканчаюцца штрафамi, што можа развалiць i гэтыя прадпрыемствы. Якiя, дарэчы, i так не могуць канкураваць з прыватнымi фiрмамi.

I што яшчэ вельмi турбуе, рэстаўрацыйныя работы праводзяцца без перспектыўнага планавання, а таксама без археалагiчных i гiстарычных даследаванняў. Культурны пласт капае кожны, як хоча i дзе хоча – хай сабе гэта гiстарычны цэнтр Гродна, нейкага мястэчка цi вёсачкi. Гэта не што iншае, як варварства ў дачыненнi да сваёй гiсторыi. «У спрэчках i амбiцыях мы не заўважаем як трацiм сваю спадчыну», – падсумаваў выступленне Васiль Яўгенавiч Абломскi.

Колькi каштуе гiсторыя?

Слухаючы выступоўцаў, прыгадаў 1984 год, калi давялося пабываць у адным з самых прыгожых гарадоў Польшчы – Кракаве. Старажытны горад выглядаў у поўным занядбаннi, як i ўся краiна. Шэрыя, абшарпаныя будынкi, паўразваленыя брукоўкi, мурзатыя цыганы з гiтарай хадзiлi па вулiцы i выпрошвалi ў прахожых грошы, сумныя нерэстаўраваныя касцёлы, занядбаны чыгуначны вакзал. Адзiнай заслугай было толькi тое, што нiводзiн памятнiк архiтэктуры гэтага прыгожага горада за гэты час не знiк з мапы. У сярэдзiне 90-х я пабачыў Кракаў другiм. Краiна пазбавiлася ад камунiзму i ўдыхнула ў сябе iншае жыццё: найперш, адрэстаўраваны вакзал, дагледжаны, вылiзаны стары горад, расфарбаваныя касцёлы, нават адноўленыя разбураныя раней дамы. Прычым, адноўленыя так, як першапачаткова былi збудаваны. Пры iх аднаўленнi, як мне распавядалi, працавалi напачатку археолагi, вялi раскопы. Дарэчы, падобныя работы праводзяцца ў Польшчы за кошт заказчыка. Ды i цяпер, каб выкапаць любую яму нават за горадам, нi адзiн будаўнiк не стане гэтага рабiць без правядзення археалагiчнай экспертызы, паколькi ў краiне iснуе закон, якi ўсе выконваюць. Да ўсяго, палякi лiчацца лепшымi ў свеце рэстаўратарамi. Цяпер па Кракаву гуляюць турысты з усяго свету. Дарэчы, сродкаў краiне на рэстаўрацыю нiхто не даваў. Але найперш у Польшчы паўсталi i набылi еўрапейскi выгляд iх гарады i мястэчкi, помнiкi архiтэктуры, iх гiсторыя, а не лядовыя палацы.

Вольга Мацко, якая з’яўляецца спецыялiстам па ахове помнiкаў пры аддзеле культуры Гродзенскага гарвыканкама, распавядала калегам, як яна праз пракуратуру спрабавала адшукаць злодзеяў, якiя разрабавалi закiнуты будынак былой абласной бiблiятэкi, што на Савецкай плошчы. Унiкальная кафля, фрагменты лесвiцы i iншыя каштоўныя рэчы знiклi з гэтага будынка пасля таго, як бiблiятэка з’ехала. Гiстарычны помнiк застаўся сам на сам са злодзеямi i прыродай. Аказалася, што ў пракуратуры не маглi ўзбудзiць крымiнальнай справы, паколькi каштоўныя рэчы, якiя адтуль пазнiкалi, згодна з нашымi законамi, не маюць методыкi ацэнкi. I, сапраўды, колькi можа каштаваць наша гiсторыя? Мы гэтага не ведаем...

У адзiн голас прадстаўнiкi ад культуры з абласцей гаварылi аб тым, што яны не маюць нiякiх паўнамоцтваў, каб уплываць на ахову помнiкаў: «Нiхто не хоча слухаць аб нашых патрабаваннях» – казала прадстаўнiца Гомельскага аблвыканкама. «Я павiнна караць мясцовых кiраўнiкоў, але яны плацяць мне заробак», – падсумоўвала свой выступ Вольга Мацко.

Выявiлася, што толькi ў Брэсцкай вобласцi практычна ўсе помнiкi архiтэктуры маюць адпаведныя шыльды на сваiх пасадах. Але неабыякавы чыноўнiк з палескiм прозвiшчам Несцярчук, у якога балiць душа за гiсторыю сваёй краiны, зрабiў гэта ўсё ў адмiнiстрацыйным парадку, падчас парушаючы заканадаўства: «Гэта быў адзiны спосаб зрабiць справу», – распавядаў ён мiнiстру.

Мара аб горадзе Храмаў

Вядома, што кожная краiна iмкнецца зарабляць на турызме. Гэта вельмi выгодны бiзнес. Мы таксама, як высветлiлася, спрабуем, толькi пакуль не вельмi атрымлiваецца. Аб гэтым распавядаў на калегii намесьнiк мiнiстра Спорту i турызму Чэслаў Шульга. Ён заклiкаў мiнiстра рэстаўраваць помнiкi культуры, ўлiчваючы геаграфiю, каб можна было наладжваць турыстычныя маршруты. У далейшым развiваць iнфраструктуру для турыстаў, заклiкаў не абкладваць падаткамi тых, хто ўкладвае грошы ў рэстаўрацыю гiстарычных помнiкаў... Гаварыў шмат, з еўрапейскiм падыходам да справы. Толькi хто гэта павiнен зрабiць, калi мiнiстры i iх намесьнiкi аб усiм ведаюць, але ад гэтага нiчога не змяняецца.

Напачатку ХУIII ст. Гродна выпадкова наведаў французскi летапiсец. Яго ўразiў наш горад, i асаблiва – храмы. Яго ўразiла не колькасць гэтых храмаў, а тое, што яны належылi самым розным канфесiям: праваслаўнай, каталiцкай, унiяцкай, мусульманскай, iўдзейскай, лютэранскай. Француз так i назваў наш горад у сваiх нататках – горад Храмаў. Гiсторыя, на жаль, распарадзiлася так, што продкi нашы здолелi набудаваць гарадоў, храмаў, прычым, набудаваць надзейна i прыгожа (звярнiце ўвагу на сцяну Каложы: муры ХII ст. не асыпаюцца), але мы не можам захаваць таго, што нам засталося ў спадчыну. Яшчэ пры нашай памяцi ў замках рабiлi кароўнiкi, у храмах – майстэрнi i склады, будынкi разбуралi i застройвалi панэльнымi дамамi. А цяпер не маем нi грошай на ўтрыманне, нi спецыялiстаў адрэстаўраваць, нi сумлення, каб не раскрасцi.

Дарэчы, на калегii абсалютна не вялася размова аб тым, каб аднавiць помнiкi, якiя былi разбураны. Напрыклад, у нашым горадзе: Ратуша, Фара Вiтаўта, гандлёвыя рады, Гасцiнны двор, палац Баторыя... Гэты спiс па ўсёй Беларусi мог бы змясцiцца толькi ў таўшчэзную кнiгу. Але аб гэтым няма i мовы. А як хацелася б пасядзець сапраўды на плошчы Рынак, перад Ратушай, касцёламi i палацамi, папiць добрага гродзенскага пiва з традыцыямi пiваварэння з ХIУ ст. i парадавацца за свой горад...

Уразiла тое, як на калегii падводзiлiся вынiкi. Мiнiстр Гуляка дзякаваў гаспадарам, што добра прынялi, i што ў працы калегii ўзялi ўдзел аж два намесьнiкi старшынi аблвыканкама. Праўда, зазначыў, што рашэнне калегii, якое было падрыхтавана заранёў, будзе перапрацавана. Якiм яно будзе, i што памяняецца – пакуль невядома.

Зрэшты, гэта абсалютна не супакойвае чалавека, якi жыве на мяжы з Лiтвой i Польшчай, i бачыць, як там захоўваецца гiстарычная спадчына народа.

М.КАРНЕВIЧ

Назад