Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Рускія ў Беларусі

З’яўленне этнiчна рускага насельнiцтва на беларускiх землях адносiцца да перыяду сярэднявечча. У тыя часы аснову мясцовай рускай супольнасцi складалi перасяленцы. Аднымi з першых былi слугi, што суправаджалi сваiх гаспадынь, якiя ўступалi ў дынастычныя шлюбы з князямi Беларуска-лiтоўскай дзяржавы. Так, у 1350 г. вялiкi князь Альгерд ажанiўся на дачцы цвярскога князя Юльяне. Аднак шматлiкiя дынастычныя шлюбы не былi перашкодай для войнаў памiж дзяржавамi, якiя iснавалi на тэрыторыях сучасных Беларусi i Расii. Прычым, з канца 15 ст. агрэсiя часцей iшла з заходу. У вынiку на беларускiх землях асядалi тысячы ваеннапалонных. Напрыклад, у вынiку пахода вялiкага князя Вiтаўта на Пскоў (1405) некалькi тысяч жыхароў Пскоўшчыны былi паселеныя ў Гароднi. Больш масавы характар перасяленне набыло ў 15-16 ст. На беларускiя землi беглi прыгонныя сяляне ў пошуках волi цi лепшага памешчыка, сюды ж з мэтаю заробку накiроўвалiся вольныя людзi. Частка з iх увайшла ў групу ваеннаслужылых людзей – панцырных баяраў, якiя сялiлiся на ўсходняй мяжы Вялiкага Княства Лiтоўскага i неслi службу ў яго вайсковых фармаваннях.

У другой палове 17-пачатку 18 ст. колькасць рускiх мiгрантаў узрасла коштам старавераў, якiя шукалi ў Беларусi паратунку ад рэлiгiйных пераследаванняў у Расiйскай дзяржаве. Менавiта ў гэты час пачала фармавацца досыць шматлiкая калонiя рускiх старавераў у Беларусi. Iх цэнтрам на працягу доўгага часу была слабада Ветка на Гомельшчыне, заснаваная ў 1685 г. Яна ператварылася ў сапраўдны Ерусалiм старавераў. У 18 ст. iх колькасць у раёне Веткi дасягала 40 тыс.чал.

Iншая хваля рускай мiграцыi распачалася пасля далучэння беларускiх земляў да Расii ў другой палове 18 ст. У Беларусi з’явiлiся рускiя чыноўнiкi i памешчыкi. Паўстанне 1830-1831 гг., якое адбывалася пад лозунгам «За нашу i вашу свабоду!», паказала iмкненне значнай часткi насельнiцтва былой Рэчы Паспалiтай, у першую чаргу, шляхты, да свабоды i незалежнасцi. Паўстанне распачалося ў Польшчы, але i на беларускiх землях яно знайшло падтрымку. А вось ягоны разгром абярнуўся мэтанакiраванай рускай каланiзацыйнай палiтыкай. Урад пачаў прадастаўляць землi ў Беларусi не толькi рускiм памешчыкам, але i сялянам. Аднак гэтая спроба рускай каланiзацыi Беларусi пацярпела поўны крах. Рускiя землеўласнiкi звычайна распрадавалi свае землi i выезджалi на ўсход. Перасяленнi сялян мелi нязначны характар. Па звестках менскага гiсторыка Паўла Церашковiча, у 1837 г. у Менскую губ. перасялiлася з этнiчнай Расii 40 сялянаў, а ў Вiленскую – 70. На пачатку 1861 г. «новых» перасяленцаў з Расii налiчвалася не болей 10 тыс.чал. Асноўную масу рускага насельнiцтва на беларускiх землях па-ранейшаму складалi стараверы. Па падлiках беларускага даследчыка В.Цiтова, iх было каля 34 тыс.чал.

Расiйскi ўрад iмкнуўся да унiфiкацыi i русiфiкацыi беларускiх земляў таксама палiтычнымi сродкамi. У 1839 г. была злiквiдаваная беларуская унiяцкая царква. У 1840 г. загадам iмператара Мiкалая I пачала распаўсюджвацца новая назва беларускiх земляў – «Паўночна-Заходнi край». У сярэдзiне 19 ст. распрацоўвалiся асновы iдэалагiчнай дактрыны «заходнерусiзма». Яна зыходзiла з таго, што беларусы з’яўляюцца толькi часткай «рускага народу», якая падпала пад «польска-каталiцкiя» ўплывы i «сапсавала» сваю сапраўдную рускасць. Гэтая дактрына дыктавала неабходнасць тэрмiновага выпраўлення «сапсаванасцi».

Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 г. распачалася больш жорсткая палiтыка русiфiкацыi. Устаноўленыя ўладамi прывiлеi прываблiвалi ў Беларусь натоўп чынавенства. Беларускi палiтык i гiсторык Аляксандр Цвiкевiч наступным чынам ахарактарызаваў гэтую хвалю чыноўнай мiграцыi: «Залiтая крывёй толькi што задушанага паўстаньня, разбураная гаспадарча, змучаная i зьбiтая з астоi нормальнага жыцьця, краiна сапраўды стагнала ад гэтае процьмы кар’ерыстаў i прайдзiсветаў».

Беларускi друк польскай лацiнкай быў забаронены. За перыяд з 1863 па 1888 г. у межах Расiйскай iмперыi не было надрукавана нiводнага беларускага мастацкага твора. Дазвалялася друкаваць толькi асобныя этнаграфiчныя творы на кiрылiцы. Гiсторык Мiхась Бiч адзначыў: «Адмаўляючы, як i раней iснаваньне беларускага этнасу, яго мовы i культуры, царскi ўрад i мясцовыя адмiнiстратары ў 60-я г. рэзка ўзмоцнiлi iдэалагiчную апрацоўку беларускага насельнiцтва праз царкву, асвету, друк, дзяржаўныя ўстановы з мэтай надання краю «истинно русского» аблiчча, выкаранення гiстарычнай памяцi, нацыянальнай свядомасцi i ўсiх этнiчных асаблiвасцей беларусаў... I школьны настаўнiк, i праваслаўны святар, i дзяржаўны чыноўнiк, i афiцыйная газета настойлiва i паслядоўна даказвалi беларусам, што яны – рускiя, толькi «сапсаваныя» польска-каталiцкiм уплывам, што iм як мага хутчэй трэба пазбавiцца сваёй «мужыцкай», «хамскай» мовы i злiцца з вялiкарусамi». Адным з асноўных накiрункаў новай палiтыкi было панаванне рускай мовы ва ўсiх сферах грамадскага жыцця. У гэты час руская мова i культура не столькi спрыялi культурнаму развiццю беларускай зямлi, колькi сталiся сродкам асiмiляцыi карэннага насельнiцтва.

Трэба прызнаць, што ўлады дасягнулi пэўнага поспеху. У 1904 г. вiленскi генерал-губернатар князь Пётр Святаполк-Мiрскi ў справаздачы Iмператару адзначаў: «Процесс окончательного обрусения Северо-Западного края идёт хотя и медленно, но твёрдыми шагами и не преминет из года в год оказывать воздействие на местное инородческое население».

Пэўныя поспехi русiфiкацыi адлюстравалiся ў вынiках перапiсу 1897 г. За апошнiя чатыры дзесяцiгоддзi 19 ст. колькасць рускага насельнiцтва ў Беларусi павялiчылася ў 23,5 разы i дасягнула 235 тыс.чал. (3,6%). Пры гэтым колькасць «новых» рускiх-мiгрантаў складала каля 90 тыс., старавераў налiчвалася каля 100 тыс., а астатнiя з’яўлялiся зрусiфiкаванымi беларусамi.

Найбольш прадстаўнiчай групай рускага насельнiцтва ў Беларусi заставалiся стараверы. Па-ранейшаму iх цэнтры знаходзiлiся на Гомельшчыне i Вiцебшчыне. Так, у Гомельскiм уездзе стараверы ў канцы 19 ст. складалi 11% насельнiцтва, а ў Вiцебскiм – 6,6%. Беларускi географ Аркадзь Смолiч адзначаў, што рускiя стараверы «i па быту, i па нацыянальнаму характару вельмi рэзка аддзяляюцца ад беларусаў, прадстаўляюць з сябе чыста маскоўскi тып i блiзка што ня змешваюцца з акружаючым беларускiм насяленьнем. Займаюцца яны найбольш гандлем, рамяством, а мяйсцамi – гароднiцтвам; да земляробства вялiкага замiлаваньня ня маюць». Аднак самаiзаляцыю старавераў не трэба перабольшваць. Этнографы (А.Дзембавецкi) заўважылi пранiкненне ў мову старавераў беларускiх слоў. А на пытанне перапiсчыкаў, якiя ў адпаведнасцi з апытальнымi аркушамi перапiсу 1897 г. высвятлялi родную мову, 12% старавераў прызналi, што роднай мовай з’яўляецца беларуская. Вiдавочна, што працэс адаптацыi рускiх старавераў да беларускiх умоваў паступова набываў пэўныя рысы беларускай асiмiляцыi.

Складанасць беларуска-рускiх адносiнаў другой паловы 19 – пачатку 20 ст. адлюстравалася ў беларускiм фальклоры. Рускiя ў фальклоры прысутнiчалi пад назвамi «расейцы» i «маскалi». «Расейцамi» звычайна называлi старавераў, а «маскалямi» – чыноўнiкаў, памешчыкаў i вайскоўцаў. Аналiз фальклорнага матэрыялу сведчыць пра досыць талерантныя адносiны беларусаў да «расейцаў». А вось у адносiнах да «маскалёў» прысутнiчала выразная варожасць: «Не за тое маскаля б’юць, што ўкраў, а за тое, што дрэнна схаваў»; «– Тата, тата, лезе чорт у хату! – Нiчога, сынок, абы не маскаль» i г.д. Гэтая варожасць, магчыма, была абумоўленая негатыўнымi адносiнамi чыноўнiкаў i вайскоўцаў да працэсаў нацыянальнага адраджэння народаў Беларусi, якiя распачалiся напрыканцы 19 ст. i набылi асаблiва прыкметны характар у перыяд рэвалюцыi 1905-1907 гг. Сваю ролю адыгрывала i тое, што рускiя чыноўнiкi не ведалi, а зачастую i не жадалi ведаць пра iснаванне адметных культурных, гаспадарчых i рэлiгiйных традыцый i асаблiвасцяў Беларусi.

Аднак нельга рускую прысутнасць у Беларусi трактаваць толькi ў рэчышчы нацыянальнай канфрантацыi. Дэмакратычна настроеная частка рускай грамадскасцi супрацьстаяла праявам «вялiкарускага» ваяўнiчага нацыяналiзма. Гэта на яе было разлiчана выданне кiраўнiкамi беларускага руху братамi Антонам i Iванам Луцкевiчамi рускамоўнай «Вечерней газеты» (Вiльня, 1911-1915). У артыкуле «Национальные течения и демократия» галоўная задача рускай дэмакратыi фармулявалася як «борьба с проявлениями национализма в своей национальной среде и объединение всей краевой демократии». Браты Луцкевiчы хавалi ў таямнiцы сваё рэдактарства ў гэтай газеце. Аднак тлумачыць феномен гэтага выдання, толькi як «беларускую iнтрыгу» па стварэнню рускай дэмакратыi ў Беларусi, нельга. Газета знайшла свайго чытача i выходзiла болей чатырох гадоў.

Таксама варта адзначыць iснаванне беларусафiлаў, якiя, паводле ацэнкi А.Цвiкевiча, «выходзiлi з рускай культуры... канчалi расiйскi унiверсiтэт, пiсалi i думалi па-расiйску, але адчувалi па-беларуску». Такiя iх прадстаўнiкi, як аўтар беларускай граматыкi сярэдзiны 19 ст. Павел Шпiлеўскi, вядомы фiлолаг i этнограф рубяжа стагоддзяў Яўхiм Карскi, гiсторык i этнограф Аляксей Сапуноў i iнш., актыўна прычынiлiся да фармавання новай беларускай культуры.

Алесь СМАЛЯНЧУК

Назад