Выстава
«Ноеў каўчэг» - у Гродна
У выставачнай зале Саюза мастакоў на вулiцы Ажэшкi з’явiлася новая экспазiцыя. Гэта 54 работы – графiка, жывапiс i скульптура. Аўтары твораў – выпускнiкi кафедры выяўленчага мастацтва ГрДзУ, святкаванню 10-годдзя якой i прысвечана выстава пад назвай «Пастскрыптум». Адкрыта яна з iнiцыятывы Антона Ляшчынскага, загадчыка кафедры i сябра Саюза мастакоў. Галоўным арганiзатарам мерапрыемства стаў Iван Русачак, якi летась скончыў унiверсiтэт i выкладае цяпер малюнак на кафедры выяўленчага мастацтва.
На адкрыццi выставы сабралiся выпускнiкi ўнiверсiтэта, мастакi, студэнты i выкладчыкi. Людзей было шмат. Распачала мерапрыемства загадчыца выставачнай залы Марыя Мацко: «Маладосць – гэта раскоша. Тут мы бачым раскошу ў квадраце, бо яна спалучаецца з талентам». Мастацтвазнаўца Марыя Загiдулiна заўважыла, што сярод работ ёсць цiкавыя, самастойныя. На iншых заўважны ўплыў рускiх мастакоў i мадэрнiзма. Наступным прамаўляў мастак Ларыёнаў. Ён параўнаў кафедру з Ноевым каўчэгам i пажадаў ёй плыць далей i знайсцi нарэшце сваю Арарат. Антон Ляшчынскi, памiж iншым, нагадаў, што 10-я ўгодкi адзначае не толькi кафедра, але i СНД.
116 практыкаў
Зараз на кафедры займаецца 116 студэнтаў. Кожны год набiраюць 15 чалавек на дзённае аддзяленне i 5 – на завочнае. Вялiкая ўвага ўдзяляецца вывучэнню кампазiцыi, мастацкага праектавання, сур’ёзнай акадэмiчнай падрыхтоўцы – малюнку i жывапiсу. «Мы рыхтуем не мастацтвазнаўцаў, а практыкаў», – кажа Антон Ляшчынскi. Сярод выкладчыкаў – 3 дацэнты i 4 сябра Саюза мастакоў. Кафедра супрацоўнiчае з вядомымi гродзенскiмi мастакамi, сярод якiх Юры Якавенка, Уладзiмiр Панцялееў, Генадзь Лакоба ды iншыя.
Падпiсана дамова з Акадэмiяй Мастацтваў аб падрыхтоўцы спецыялiстаў у галiне графiчнага дызайну. Плануецца набраць ад 6 да 10 чалавек для навучання на платнай аснове. Першыя два гады студэнты будуць наведваць Акадэмiю Мастацтваў, два з паловай – вучыцца ў ГрДзУ. Апошнi семестр таксама пройдзе ў Акадэмii Мастацтваў, дзе навучэнцы атрымаюць дыплом. Ужо на трэцiм курсе ў iх будзе магчымасць працаваць па спецыяльнасцi – у фiрмах i рэкламных агенствах.
$ 300 за пераезд мяжы
На працягу 10 год кафедра выяўленчага мастацтва супрацоўнiчае з Калiшскiм унiверсiтэтам i мастацка-педагагiчным iнстытутам (Познаньскае ваяводства, Польшча). Падыход да выкладання мастацтва ў польскiх ВНУ адрознiваецца ад нашага. У Польшчы большая ўвага надаецца вывучэнню абстракцыi, заснаванай на творчасцi Малевiча i Кандзiнскага. Беларусы ж з’яўляюцца прыхiльнiкамi акадэмiчнай выяўленчай школы 19 стагоддзя. Таму ў рамках праекта праводзяцца заняткi па нестандартных, арыгiнальных методыках. Выкладчыкi абменьваюцца метадычнай лiтаратурай i дакументацыяй (параўноўваюць вучэбныя планы, графiкi канiкул i пленэраў).
Адзiн з пунктаў праекту супрацоўнiцтва – арганiзацыя персанальных выставаў выкладчыкаў за мяжой. У 1991 годзе прайшла выстава Антона Ляшчынскага ў Калiшы. Летась гродзенская галерэя «У майстра» прадставiла жывапiс Зыгмунда Баранка, прысвечаны жыдоўскай тэматыцы. Такiя акцыi праводзяцца рэдка з-за праблем з правозам карцiн праз беларускую мяжу, якiя стварае беларускае заканадаўства. Мастак не мае права вывезцi свае творы за мяжу без дазволу Мiнiстэрства Культуры. Каб атрымаць дазвол, трэба прадставiць фотаздымкi работ. На карцiнах i фотаздымках ставяцца пячаткi. Нават пасля такой складанай працэдуры дазваляецца вывезцi ўсяго 5 жывапiсных работ i 10 графiчных. Арганiзацыя замежных выставаў у Беларусi – таксама праблема. За ўвоз карцiн з Польшчы ў Беларусь трэба заплацiць мiнiмум $150, за вываз – яшчэ столькi ж. Прычым пакрывае выдаткi беларускi бок.
I. АстраЎцова
|