Пасля далучэння Заходняй Беларусi да БССР (верасень-кастрычнiк 1939 г.) доля палякаў сярод насельнiцтва рэспублiкi значна павялiчылася. Аднак рэпрэсii супраць польскай супольнасцi працягвалiся. На тэрыторыi Заходняй Беларусi яны распачалiся адразу пасля ўступлення Чырвонай армii.
Так, ужо на 7 кастрычнiка 1939 г. беларускiя органы НКУС арыштавалi 2708 асобаў пераважна польскай нацыянальнасцi. На падставе вывучэння захаваўшыхся дакументаў НКУС-КДБ Беларусi гiсторык Аляксандр Хацкевiч сцвердзiў, што за перыяд 1939-1941 гг. з заходнiх абласцей рэспублiкi на ўсход быдо дэпартавана больш за 120 тыс.чал. Асноўную частку рэпрэсаваных складалi палякi. Досыць часта яны лiчылi менавiта беларусаў галоўнымi вiноўнiкамi таго, што з iмi адбывалася, хаця беларусы i самi з’яўлялiся аб’ектам палiтычных рэпрэсiй. Наогул, падзеi другой паловы 30-х г. нанеслi моцны ўдар па патрыятызму беларускiх палякаў. Беларусь сталася часткай таталiтарнай савецкай дзяржавы, у якой палякi адчувалi сябе нацыяй «другога гатунку».
Далейшаму росту напружанасцi ў польска-беларускiх адносiнах спрыяла палiтыка акупацыйных уладаў падчас савецка-германскай вайны. Даследчык Юры Туронак звярнуў увагу на працэс вяртання польскiм землеўласнiкам маёмасцi (лета-восень 1941 г.), якi суправаджаўся вострымi канфлiктамi ў галiне нацыянальных адносiнаў i арыштамi беларусаў па абвiнавачванню ў «бальшавiзме». На думку гiсторыка, «стварылася атмасфера польскага вяршэнства i антыбеларускага тэрору». Праз нейкi час ужо беларусы сталiся «нямецкiмi фаварытамi». Такiм чынам, распальвалася нацыянальная варожасць дзеля ўмацавання нямецкага панавання.
У лютым 1942 г. узнiкла Армiя Краёва (АК), якой суджана было стаць галоўнай сiлай польскага руху супрацiўлення. Галоўная мэта дзейнасцi АК на тэрыторыi Заходняй Беларусi (аднаўленне польскай дзяржаўнасцi) разыходзiлася з мэтамi i савецкiх, i беларускiх партызанаў. Адназначна ацанiць дзейнасць польскага руху супрацiўлення на беларускiх землях немагчыма. Вядома, што ў АК змагалiся не толькi палякi, але i беларусы, што яе дзейнасць спрыяла вызваленню Беларусi ад германскай акупацыi. Але iснуе шмат фактаў, якiя сведчаць, што беларускае насельнiцтва таксама з’яўлялася ахвярай дзеянняў АК. Камандзiр Стаўбцоўскай групоўкi АК капiтан Адольф Пiльх адзначаў, што са снежня 1943 па чэрвень 1944 г. ягоныя вайскоўцы забiлi каля 6 тыс. «бальшавiкоў». На думку Ю.Туронка, пераважную частку гэтых «бальшавiкоў» складалi мiрныя беларускiя жыхары, якiя падазравалiся ў сувязях з савецкiмi або беларускiмi партызанамi.
Надыход савецкай армii прынёс новыя шматлiкiя ахвяры. Пераследам былi ахопленыя не толькi калабаранты. Шмат беларусаў i палякаў было абвiнавачана ў нацыяналiзме i рэпрэсавана. Пачалася новая хваля дэпартацыяў. Паводле падлiкаў Пятра Эберхардта было дэпартавана яшчэ каля 80 тыс.чал.
Адразу пасля завяршэння ваенных дзеянняў на тэрыторыi Беларусi ўзнiкла праблема мяжы. СССР ад пачатку вайны з Германiяй настойваў на неабходнасцi вяртання да межаў з чэрвеня 1941 г. Iосiф Сталiн здолеў дамагчыся згоды ўрадаў ЗША i Велiкабрытанii. Аднак на працягу 1944-1955 гг. заходняя мяжа СССР (i БССР) неаднаразова ўдакладнялася. Практычна ўсе гэтыя ўдакладненнi зводзiлiся да чарговага перасоўвання мяжы на ўсход. Так, напрыклад, 20 жнiўня 1944 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову пра перадачу Польшчы большай часткi зямель Беластоцкай вобласцi. (Зразумела, што папярэдне гэтае рашэнне было прынята ў Маскве.) Дзеля ўрэгулявання спрэчных пытанняў у вераснi 1944 г. памiж урадам БССР i Польскiм камiтэтам нацыянальнага вызвалення было падпiсана пагадненне пра рэпатрыяцыю беларускага насельнiцтва з Польшчы i польскага – з Беларусi. У вынiку ў 1945-1947 гг. з Беларусi выехала болей 274 тыс.чал. Большасць выехаўшых складалi палякi. Таксама трэба ўлiчваць, што мноства палякаў было вывезена ў Германiю ў перыяд акупацыi. Яны засталiся на Захадзе або вярнулiся ў Польшчу. На думку П.Эберхардта, рэпатрыяцыя ў шырокiм разуменнi ахапiла ад 350 да 400 тыс. палякаў.
У 1959 г. паводле перапiсу насельнiцтва на тэрыторыi Беларусi пражывала 538,9 тыс. палякаў (6,7%). Перапiсы, якiя праводзiлiся ў БССР, сведчаць, што доля палякаў сярод усяго насельнiцтва рэспублiкi няўхiльна зменьшалася: 1959 г. – 538,9 тыс. (6,7%), 1970 г. – 382,6 тыс. (4,3%), 1979 г. – 403,2 тыс. (4,2%), 1989 г. – 417,7 тыс. (4,1%). П.Эберхардт не пагаджаецца з гэтымi падлiкамi. Паводле ягонага аналiзу ў 1989 г. у БССР пражывала каля 600 тыс. палякаў.
Палiтычныя рэпрэсii засталiся ў мiнулым, аднак свабоды нацыянальна-культурнага развiцця палякi, як i iншыя народы, не атрымалi. У БССР працягвалася гвалтоўная палiтыка русiфiкацыi. Пасля Другой святовай вайны руская мова сталася ў рэспублiцы фактычна адзiнай урадавай мовай. У 1947 г. у Гароднi была зачынена апошняя польская школа ў Беларусi. Перапiс 1959 г. паказаў, што толькi палова (49,9%) польскай грамадскасцi лiчыць польскую мову роднай. У 1989 г. iх колькасць зменьшылася да 13,3% (55,7 тыс.). Абсалютная большасць лiчыла роднай мовай беларускую. Перамены ў моўнай сферы былi першым этапам змяненняў нацыянальнай свядомасцi. Польскiя даследчыкi часта гавораць пра працэс беларусiзацыi палякаў. З гэтым можна пагадзiцца, але трэба ўлiчваць, што беларускай дзяржавы не iснавала, i беларусiзацыя мясцовых палякаў была толькi этапам iх русiфiкацыi. Неспрыяльная для палякаў нацыянальная сiтуацыя ў БССР разам з фактарам iснавання Польскай дзяржавы разбуралi сярод значнай часткi польскага насельнiцтва традыцыйнае для яго ўспрыяцце беларускай зямлi як сваёй Радзiмы. Беларускiя палякi паступова ператваралiся ў палякаў у Беларусi.
Перамены да лепшага распачалiся толькi ў другой палове 80-ых г. разам з працэсам дэмакратызацыi ў СССР. У 1988 г. быў створаны Саюз палякаў Беларусi з сядзiбай у Гароднi, пачалi ўзнiкаць шматлiкiя польскiя суполкi, распачалося факультатыўнае вывучэнне польскай мовы ў школах, з’явiлася польская газета «Glos znad Niemna» (1989).
Сiтуацыя яшчэ больш змянiлася разам з распадам СССР, якi адкрыў шлях да стварэння незалежнай Беларускай дзяржавы. 27 лiпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб незалежнасцi, а 24 жнiўня 1991 г. яна набыла статус канстытуцыйнага закону. 17 верасня 1991 г. змянiлася i назва дзяржавы. На карце Еўропы з’явiлася Рэспублiка Беларусь. 27 снежня 1991 г. Польшча прызнала яе незалежнасць. Усё гэта спрыяла актывiзацыi працэсаў польскага нацыянальна-культурнага адраджэння ў Беларусi. З 1991 г. Гарадзенскае абласное тэлебачанне пачало весцi штотыднёвую перадачу на польскай мове, у 1992 г. быў адчынены Польскi народны унiверсiтэт у Менску, працягвалася стварэнне польскiх суполак (у 1994 г. узнiк Саюз палякаў на Меншчыне), стваралася сiстэма вывучэння польскай мовы i г.д.
Свабода нацыянальнага развiцця, поспехi Беларусi на мiжнароднай арэне, адносная стабiльнасць эканамiчнага становiшча рэспублiкi на пачатку 90-ых г. спрыялi таму, што ў Беларусi распачаўся працэс фармавання палiтычнай беларускай нацыi. Значная частка мясцовай польскай грамадскасцi выступiла з заявамi, у якiх адназначна звязвала ўласны лёс з лёсам незалежнай i дэмакратычнай Беларусi. Адзiн з першых нумароў часопiса «Magazyn Polski» надрукаваў працу беларускага гiсторыка i палiтыка пачатку ХХ ст. Мiтрафана Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасьцi Беларусi», якая была своеасаблiвым манiфестам Беларускай дзяржавы.
Аднак у сярэдзiне 90-ых гадоў пасля перамогi на прэзiдэнцкiх выбарах Аляксандра Лукашэнкi ў нацыянальнай палiтыцы кiраўнiцтва рэспублiкi адбыўся прыкметны паварот. Ён праявiўся ў спробе вярнуць з небыцця палiтыку русiфiкацыi i саветызацыi насельнiцтва, у адмове ад умацавання дзяржаўнага суверэнiтэту. Пачалi стварацца перашкоды ў правядзеннi культурна-асветнiцкай i грамадскай дзейнасцi нацыянальных суполак Беларусi, у т.л. i польскай. Але цалкам пераламiць тэндэнцыю нацыянальна-культурнага Адраджэння народаў Беларусi ўлады не здолелi. Пра гэта сведчаць вынiкi перапiсу 1999 г.
Перапiс паказаў, што ў рэспублiцы пражывае болей за 396 тыс. палякаў (3,9%). Варта адзначыць прыкметны рост кольскасцi палякаў, якiя лiчаць роднай мову сваёй нацыянальнасцi – 16,5%. Пры гэтым 57,6% польскага насельнiцтва заявiлi, што звычайна размаўляюць па-беларуску. Такiм чынам, палякi Беларусi аказалiся самым беларускамоўным народам краiны. Колькасць беларусаў, якiя звычайна размаўляюць па-беларуску склала 41,3%).
Дадзеныя перапiсу 1999 г. па колькасцi палякаў выклiкалi здзiўленне сярод польскiх навукоўцаў. Дэмографы Польшчы ў сваiх ацэнках колькасцi палякаў у БССР зыходзiлi з таго, што «польскiя» паказчыкi практычна ўсiх савецкiх перапiсаў былi фальсiфiкаваныя. Улады БССР, якiя паслядоўна праводзiлi курс на русiфiкацыю мясцовага насельнiцтва, былi зацiкаўлены ў занiжэннi колькасцi палякаў, лiтоўцаў, татараў i iнш. Актыўная грамадска-палiтычная i культурная дзейнасць Саюза палякаў Беларусi (былы старшыня Тадэвуш Гавiн), ягоная падтрымка намаганняў беларускай апазiцыi па дэмакратызацыi краiны, адраджэнне рэлiгiйнага жыцця каталiцкага касцёла i iнш. яшчэ больш пераконвалi ў занiжэннi савецкiх статыстычных дадзеных, якiя датычылi польскай грамадскасцi. Але вынiкi перапiсу 1999 г. гэтага не пацвердзiлi. Праўда, нельга з абсалютнай упэўненасцю сцвярджаць, што ў 1999 г. не было фальсiфiкацыi, i вызначэнне нацыянальнасцi залежыла толькi ад волi чалавека.
Сучаснае становiшча польскай грамадскасцi ў краiне, дзе адсутнiчаюць эканамiчныя i палiтычныя ўмовы для развiцця польскай культуры i ўздыму матэрыяльнага дабрабыту насельнiцтва, не спрыяе пашырэнню сярод мясцовых палякаў беларускага патрыятызму. Яшчэ больш не спрыяе гэтаму знешнепалiтычны курс на дзяржаўную iнтэграцыю з Расiяй. У той жа час вiдавочныя эканамiчныя, мiжнародныя i культурныя поспехi Польскай рэспублiкi ўмацоўваюць «варшаўскi вектар» сiмпатый польскай грамадскасцi Беларусi. Iзноў яна апынулася перад дылемай арыентацыi на Менск або на Варшаву. Вынiкi польскага выбару могуць даволi iстотна паўплываць на палiтычную i культурную сiтуацыю ў Беларусi.
Алесь СМАЛЯНЧУК, гiсторык