Пошта
Гродзенская вобласць – гэта не тое самае, што Гродзенская губернія
Сёлета большасць краiн, якiя паўсталi на абшарах былога Савецкага Саюза, у тым лiку i Беларусь, святкавалi 10-годдзе сваёй незалежнасцi. Як нi парадаксальна, зноўжа сёлета мы адзначаем 200-годдзе заснавання Гродзенскай губернii. Супастаўляючы дзьве гэтыя даты, пачынаеш думаць, якая з iх важнейшая для беларусаў? Цi наогул яны супаставiмыя?
Незалежнасць – гэта вялiкая заваёва народа, якi iмкнецца быць нацыяй, духоўная вартасць, каштоўнасць сама ў сабе.
Чаму так здарылася, што беларусы, адна з самых старажытных нацый у Цэнтральнай Еўропе, адчуваюць комплекс нацыянальнай непаўнавартасцi ў параўнаннi з лiтоўцамi, латышамi, палякамi? Таму што да канца не ведаюць сваёй гiсторыi i культуры. Толькi нядаўна такiя паняццi, як Вялiкае Княства Лiтоўскае, Рэч Паспалiтая, Беларуская Народная Рэспублiка трывала звязваюць з нашай беларускай гiсторыяй. Апошнiм часам мы навучылiся ганарыцца сваiмi выдатнымi помнiкамi культуры: замкамi Мiра, Нясвiжа, Навагрудка, Лiды, настала ўпiсалi ў сваю гiсторыю iмёны Льва Сапегi, Тадэвуша Касцюшкi, Адама Мiцкевiча. Вось толькi каралёў Рэчы Паспалiтай чамусцi па-ранейшаму называем польскiмi? Нават тых, чый лёс непасрэдна звязаны з нашым горадам.
Цяпер i школьнiкi ведаюць, што залаты век беларускай культуры супадае з часам iснавання Рэчы Паспалiтай. Сапраўднай трагедыяй сталi падзелы дзяржавы, якая была па-драпежнiцку разадраная на часткi Аўстра-Венгрыяй, Прусiяй i Расiяй. У вынiку ўся Беларусь у яе этнiчных межах адыйшла да Расii i, адпаведна, ўспрыняла яе адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльную арганiзацыю. Замест спрадвечных ваяводстваў i паветаў тут былi створаны губернii i ўезды. Спачатку ў губернiю ўваходзiлi 8 паветаў: Брэсцкi, Ваўкавыскi, Гродзенскi, Кобрынскi, Лiдскi, Навагрудскi, Пружанскi, Слонiмскi. У 1843 г. да яе былi далучаны Беластоцкi, Бельскi i Сакульскi паветы са скасаванай Беластоцкай вобласцi. Навагрудскi павет быў перададзены Мiнскай, Лiдскi – Вiленскай губернii. Як бачым, тэрыторыя сучаснай Гродзенскай вобласцi «не пакрывае» былую Гродзенскую губернiю. I калi каму падаецца, што сучасная Гродзенская вобласць – гэта былая Гродзенская губернiя, то ён моцна памыляецца.
Нi тэрытарыяльна, нi этнаграфiчна, нi палiтычна два гэтыя паняццi не супадаюць. Гродзенская губернiя – гiстарычны феномен, якi iснаваў i знiк, i ставiцца да яго трэба ў гiстарычным кантэксце – вывучаць, а не рэанiмiраваць дзеля iдэалагiчных мэтаў.
Пасля акупацыi Беларусi расiйскiмi войскамi лепшыя прадстаўнiкi нацыi са зброяй у руках баранiлi iдэалы свабоды i незалежнасцi, iшлi на эшафот, у казематы, у ссылкi, выязджалi ў выгнанне, уступалi ў войска Напалеона, каб змагацца з расiйскiм самадзяржаўем за аднаўленне Рэчы Паспалiтай. Паўстаннi ўспыхвалi ў 1794, 1830-31, 1863-64 гадах. Царызм адказваў на iх стрэламi з гарматаў, узмацненнем рэпрэсiй, сацыяльным, нацыянальным i рэлiгiйным цiскам. Былi забаронены нацыянальныя мовы, скасавана ўнiяцкая царква, зачынялiся каталiцкiя кляштары i навучальныя ўстановы. Гэта гiстарычныя факты.
Такiм чынам, усё 19 стагоддзе прайшло пад знакам змагання за свабоду супраць Расiйскай iмперыi. I вось сёння, на 11 годзе незалежнасцi Беларусi мы ўрачыста адзначаем 200-годдзе з’яўлення расiйскай улады на нашых землях. Улады, якая знiшчала нашых продкаў i нашу культуру. Цяжка ўявiць, што такое магло б здарыцца ў Лiтве цi Польшчы, народ якiх разам з нашым перажываў цяжкасцi самадзяржаўнага прыгнёту.
Вiдавочна, што гэта праява «западно-руссизма» – iдэалогii, якая ўзнiкла яшчэ ў 19 стагоддзi i дагэтуль мае нямала прыхiльнiкаў. Паводле гэтай iдэалогii, Беларусь не з’яўляецца краiнай з асобнай нацыянальнай культурай i не мае права на самастойнае развiццё. Культурна i дзяржаўна, згодна з гэтай iдэалогiяй, Беларусь – частка Расii i павiнна разглядацца як адна з яе састаўных элементаў. Прадстаўнiкi гэтай тэорыi i дагэтуль iмкнуцца давесцi, што Беларусь, як «Заходняя Расiя», непадзельна звязана з цэлым – адзiнай вялiкай Расiяй, i што беларусы як адно са славянскiх плямёнаў арганiчна ўваходзяць у склад «единого русского народа». Асаблiва смешна i сумна слухаць гэта ў 21 стагоддзi.
Дзякуючы 10 гадам незалежнасцi, мы пачалi адчуваць сябе еўрапейскай нацыяй, вывучаць сваю гiсторыю i культуру, i таму тэорыя «западно-руссизма» беззваротна састарэла. Святкаванне датаў, падобных юбiлею Гродзенскай губернii, з’яўляецца перажыткам мiнулага.
Вiкторыя ТКАЧОВА
|