СМI
Улады баяцца газет?
Гродзенскi абласны гаспадарчы суд адмовiў у зыску заснавальнiку «Новай газеты Смаргонi» Улану Раману да Смаргонскага райвыканкама, якi не даў яму дазволу на размяшчэнне ў горадзе яшчэ дзьвюх газетаў. Прычынай адмовы суду стаў той факт, што рашэнне прымалася непасрэдна старшынём райвыканкама Станiславам Юргелем, а не на паседжаннi выканкама, як гэта павiнна быць згодна закона.
Смаргонскiя ўлады з лiпеня 2001 году не даюць Р.Улану дазволу на размяшчэнне ў горадзе рэдакцый дзьвюх новых выданняў – «Новай газеты Астраўца» i «Новай газеты Ашмянаў».
На iмя спадара Улана яшчэ ў 1996 годзе зарэгiстарваная «Новая газета Смаргонi», наклад якой зараз у тры разы большы, чым наклад афiцыйнай раённай газеты. Сёлета выдавец паспрабаваў дабiцца дазволу на размяшчэнне ў Смаргонi рэдакцый яшчэ дзьвюх газетаў, якiя павiнны выходзiць у суседнiх Астравецкiм i Ашмянскiм раёнах. Гэта звязана з адсутнасцю на дадзены момант магчымасцяў для арганiзацыi ўсяго тэхналагiчнага працэсу выпуску выданняў на месцах. Меркавалася, што пакуль стварэнне газетаў будзе праходзiць на базе «Новай газеты Смаргонi» з удзелам ашмянскiх ды астравецкiх журналiстаў.
Аднак у прыватных гутарках з Рамуальдам Уланам раённыя чыноўнiкi заявiлi яму, што i з iснуючымi мясцовымi газетамi шмат праблемаў, таму мець галаўны боль з новымi яны не хочуць. Толькi пасля неаднаразовых патрабаванняў выдаўца, спадару Улану была ўручаная афiцыйная папера за подпiсам старшынi Смаргонскага райвыканкама Станiслава Юргеля. Паводле яе, прычынай для адмовы размясцiць у горадзе рэдакцыi новых газетаў з’яўляецца «немэтазгоднась» гэтага. Спадару Улану параiлi звярнуцца ў райвыканкамы тых раёнаў, дзе мяркуецца распаўсюджваць выданнi. Аднак кiраўнiцтва Ашмяншчыны i Астравеччыны таксама адмовiла ў размяшчэннi рэдакцый газетаў у раёнах. Аргументацыя была падобная да папярэдняй смаргонскай: чыноўнiкi вырашылi, што мясцовае насельнiцтва атрымлiвае дастаткова iнфармацыi з мясцовых афiцыйных выданьняў i не мае патрэбы ў альтэрнатыўных iнфармацыйных крынiцах. Паўторны зварот выдаўца ў Смаргонскi райвыканкам i скарга ў аблвыканкам таксама не прынеслi станоўчых вынiкаў.
У вынiку Р. Улан быў вымушаны звярнуцца з зыскам да Смаргонскага райвыканкаму ў гаспадарчы суд. У судзе высветлiлася, што, згодна iснуючага заканадаўства, падобнае рашэнне магло быць прынята толькi на паседжаннi райвыканкама, а не асабiста старшынём. Усцешылi Улана толькi тым, што судовыя траты яму будуць вернуты Смаргонскiм райвыканкамам. Цяпер Улану давядзецца чакаць рашэння Смаргонскага райвыканкама.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|