Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Адкрыты ліст А.Лукашэнку ад беспрацоўнага мастака Д.Іваноўскага

Я, Iваноўскi Дзмiтрый Пятровiч, 1957 года нараджэння, адрас: г. Гродна, вул. Суворава, д.19А, кв.27, мастак, беспрацоўны.

Шчыра кажучы, беспрацоўным вельмi цяжка назваць мастака, якi правёў толькi асабiстых 38 выставак жывапiсу, 26 з якiх за межамi Рэспублiкi Беларусь да 1999 года. Калi казаць больш дакладна, то я працую, але не маю магчымасцi паказваць i прадаваць свае творы, паколькi iх нацыянальна-гiстарычная тэматыка – не адпавядае i не прымаецца iснуючым у Беларусi палiтычным ладам.

Пiшу Вам, сп. Лукашэнка А.Г., адкрыты лiст праз СМI, таму, што ўпэўнены, справа, за якую я быў асуджаны, датычыць усiх грамадзян нашай краiны.

Сёння Вы, сп. Лукашэнка А.Г., выконваеце абавязкi прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i, кiруючыся сваей перадвыбарчай праграмай : «Разам за моцную i квiтнеючую Беларусь», кiруеце краiнай. А менавiта ў гэтай праграме ў трэцiм раздзеле «Гарантыi беларускаму народу» запiсана : « У Беларусi будзе створаны iнстытут упаўнаважанага па правах чалавека». Але Прэзiдэнт не можа перакласцi свае канстытуцыйныя абавязкi гаранта правоў чалавека нi на якi iнстытут. Толькi Кiраўнiк дзяржавы, маючы па Канстытуцыi шырокiя паўнамоцтвы, зможа забяспечыць гарантыю правоў i свабод грамадзян». Дарэчы, вы сам аб гэтым неаднойчы заяўлялi. У раздзеле «Свабода веравызнанняў» – «кожны чалавек мае права выбраць сваю дарогу да свайго храма. Нiкому не будзе дазволена навязваць грамадзянам Беларусi тую або iншую веру». У раздзеле «Свабода слова» – « Кожны чалавек мае права на асабiстыя меркаваннi, будзе мець права свабодна, без абмежаванняў iх выказваць. Усякiя спробы з боку кiраўнiкоў i чыноўнiкаў «заткнуць рот» грамадзянiну будуць «пресекаться!». Пад усiм гэтым стаiць Ваш асабiсты подпiс, Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер па сутнасцi справы.

29 лiстапада 2001 года споўнiлася 40 гадоў як быў знiшчаны помнiк архiтэктуры ХIУ-ХУI ст. Храм Божы, Фара Вiтаўта ў цэнтры горада Гродна.

Я, Iваноўскi Д.П., разам з iншымi вернiкамi, грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь, неабыякавымi да нашай гiсторыi, падалi заяўку ў гарвыканкам г. Гродна на правядзенне мiтынгу на тэму: «Без гiсторыi – няма будучынi». Заява на правядзенне мерапрыемтва была пададзена намi згодна тэрмiнам, устаноўленым Законам РБ, 13 лiстапада 2001 года, у Гродзенскi гарвыканкам на iмя яго старшынi Антоненкi А.I. Трэба адзначыць, што назваць падобнае мерапрыемства мiтынгам – гэта кашчунства, але гэта адпавядае лiтары Беларускага Закону.

Афiцыйная адмова ў правядзеннi мiтынгу была даслана толькi 28 лiстапада 2001 года, за дзень да мерапрыемства (па закону яе павiнны былi даслаць за пяць дзён), толькi з-за таго, што чыноўнiкам не спадабалася заяўленая тэматыка.

Арганiзатарамi мерапрыемства было прынята рашэнне – мiтынгу не праводзiць. Не маючы iншай магчымасцi папярэдзiць людзей, я быў вымушаны з’явiцца на месца планаванага мерапрыемства, каб папярэдзiць людзей аб забароне .

6 снежня 2001 г.судом Ленiнскага раёна г. Гродна, суддзём Ярашэвiчам Сяргеем Георгiевiчам вынесены прысуд: грамадзянiна Iваноўскага Д.П. згодна ч.2 артыкула 167-1 КоАП Рэспублiкi Беларусь падвергнуць штрафу на карысць дзяржавы ў памеры 150 мiнiмальных заробкау, 1 500 000 ( адзiн мiльен пяцьсот тысяч) рублёў ( 1000 даляраў).

Як лiчыць суддзя Ярашэвiч С.Г.: « Iваноўскi Д.П. выказаў свае адносiны да ўлады, як той, пры якой гэты помнiк архiтэктуры быў знiшчаны, так i сённяшняй, якая забаранiла правядзенне мiтынгу. I толькi пасля гэтага аб’явiў пра тое, што мiтынг праводзiцца не будзе, заклiкаў усiх разам памалiцца, на што сабраўшыяся адказалi песнапеннямi i малiтвамi, што можна расцэньваць як мiтынг, паколькi есць усе яго прыкметы»( вытрымка з пастановы суда). Такiм чынам, з дапамогай гродзенскiх чыноўнiкаў малебен i песнапеннi, iнiцыяваныя iнтэлiгенцыяй i вернiкамi, ператвораны ў палiтычную акцыю.

Прашу Вас, як Прэзiдэнта, растлумачыць мне, грамадзянiну Рэспублiкi Беларусь, хто не выконвае свае абавязкi :

– Я, Дзмiтрый Iваноўскi, асуджаны i аштрафаваны на 1 500 000 рублеў, якi папярэдзiў людзей аб тым, што акцыю не санкцыянавалi ўлады i прапанаваў яе не праводзiць, а запрасiў прысутных памалiцца i гэтым самым ушанаваць зруйнаваны храм? Пасля чаго атрымаў штраф у такiм памеры, якi наўрадцi можа выплацiць звычайны грамадзянiн РБ нават за некалькi дзесяткаў гадоў.

– Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, як гарант правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь?

– Старшыня Гродзенскага гарвыканкаму Антоненка А.I., забараняючы мiтынг: «Без гiсторыi – няма будучынi»?

– Суддзя Ярашэвiч С.Г., якi аб’яву аб забароне мiтынгу лiчыць правапарушэннем, песнапеннi i малiтву квалiфiкуе як мiтынг?

З нецярпеннем чакаю Вашага адказу, сп. Лукашэнка А.Г.

09.12.2001 г.

Грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь Iваноўскi Д.П.

Ад рэдакцыi: лiст будзе адпраўлены прэзiдэнту экспрэсс-поштай сення, 20-га снежня.

Назад