Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

«Анёлы» і ананас

У мiнулую суботу ў выставачнай зале Саюза мастакоў адкрылася Калядная выстава. Акрамя мастакоў i журналiстаў, на адкрыццё былi запрошаны ксёндз Вiктар з Фарнага касцёла, айцец Аляксандр з Каложскай царквы i хор «Бацькаўшчына».

Маленькая дачка Марыi i Юрася Мацко, апранутая ў белую кашулю з прышытымi крыламi, трымаючы ў руках запаленую свечку, сiмвалiзавала анёла Габрыэля, якi прынёс Марыi радасную навiну аб нараджэннi Хрыста. Ксёндз Вiктар падараваў выставачнай зале сувенiрную шопку. Ён паведамiў, што рабiць шопкi – стылiзацыi сцэны нараджэння Хрыста – пачалi яшчэ ў XIII стагоддзi. Праўда, тады замест лялек выстаўлялi жывых аслоў, валоў i г.д. Абодва святары пажадалi мастакам маляваць больш рэалiстычныя карцiны.

«Мы вызначылi тэму выставы – Каляды, – гаворыць загадчыца выставачнай залы Марыя Мацко. – А кожны мастак прыносiў тое, што лiчыў патрэбным. Атрымалася, што карцiн з каляднай «атрыбутыкай» няшмат. Затое кожны з твораў адлюстроўвае стаўленне аўтара да Бога, да яго нараджэння, да жыцця ў цэлым. Таму адбору карцiн мы не рабiлi, маўляў, – гэта падыходзiць, а гэта – не».

Толькi адна з працаў – урачыста-змрочная карцiна П. Янушкевiча – мае назву «Каляды». Пра свята нагадвае збанок i абрысы касцёла на заднiм плане. Шэры анёл Жаны Чыстай зусiм не падобны да традыцыйных выяваў мiлых бялявых стварэнняў. На палатне С. Грыневiча – яскравыя крыжыкi-нулiкi. Вакол перакрэсленай нiзкi нулёў можна ўбачыць крывавыя крыжы, як напамiн пра складанае чалавечае жыццё. Каляровая кампазiцыя Вiкторыi Iльiной складзена з чатырох карцiн i мае назву «Дзiчка». Запомнiлiся таксама гускi з аранжавымi дзюбамi з карцiны М. Крукава «У тумане» i намаляваны А. Сiльвановiчам падарункавы ананас. Апроч жывапiсу на выставе прадстаўлены скульптуры У. Панцялеева, керамiка I. Радкевiч i Я. Адзiночанкi, каваны «Калядны маладзiк» Ю. Мацко, графiка Ю. Якавенкi.

I. АстраЎцова

Назад