Выстава
«Не сумуйце – хутка лета»
У суботу ў галерэi «Раскоша» прайшло адкрыццё выставы «Не сумуйце – хутка лета». На сценах размясцiлiся 34 карцiны трох гродзенскiх мастакоў – Валерыя Стратовiча, Алеся Сурава i Вацлава Рамашкi. Мерапрыемства арганiзавана дзякуючы тэхнiчнай i фiнансавай падтрымцы Гродзенскага грамадскага аб’яднання «Ратуша» i Юрыя Рэмшы. Выстава працягнецца да 20 студзеня.
«Зiма ў нас доўгая, ужо ў кастрычнiку-лiстападзе скоўваюць зямлю першыя маразы. Дзень скарочваецца i за вокнамi цямнее хутка. Вось i цягнуцца доўгiя зiмовыя вечары. Але ўжо ў ноч з 24 на 25 снежня – зiмовы сонцаварот – сонечная кола пагортваецца на новы гадавы цыкл. Дзень становiцца даўжэйшым, а з гэтым прыходзiць надзея на хуткае абуджэнне прыроды. А на хрысцiянскiм календары вялiкае свята Раства Хрыстова. Наперадзе яшчэ палова зiмы, але сумаваць з гэтай нагоды не трэба. Лепш навучыцца радавацца розным порам году пры любым надвор’i», – напiсалi мастакi ў сваiм прэс-рэлiзе.
Яшчэ да пачатку iмпрэзы сабралася нямала людзей. Паступова натоўп рос, i неўзабаве працiснуцца памiж карцiнамi, бутэрбродамi i гасцямi было практычна немагчыма. Але броунаўскi рух працягваўся. Наведвальнiкi вiншавалi мастакоў з адкрыццём выставы i разглядалi карцiны. У асноўным, пейзажы, большасць з якiх – зiмовыя i восеньскiя. Трапляюцца i нацюрморты – букеты Вацлава Рамашкi ды кампазiцыi з яблыкамi Алеся Сурава. На адной з работ Валерыя Стратовiча – цiхi заснежаны хутар. Гэта яна дала назву выставе.
«Вацлаў скрупулёзна пераносiць прыроду на холст. Мае карцiны – гэта пейзажы-асацыяцыi, пераасэнсаванне беларускай прыроды. Валерый смакуе беларускую жывапiсную старыну – маляўнiчыя куточкi, дамкi. Пераносячы iх на карцiну, ён дадае ўласныя ўражаннi ў выглядзе блiкаў, напрыклад, – тлумачыць А. Сураў. – Гэта ўжо другая выстава нашай Суполкi Сурава, Стратовiча, Рамашкi (скарочана – СССР). Першая прайшла ў 1999 годзе ў галерэi Тызенгауза i называлася «Пра любоў». Не падумайце толькi, што назва СССР – сур’ёзная. Гэта чысты сцёб. Проста мы ўтрох падобна ўспрымаем навакольны свет i не належым да плынi агульнай масы мастакоў. У апошнiя 10-годдзi ў беларускiм жывапiсе культываваўся прагматычны графiчна-дызайнерскi падыход. Але жывапiс – гэта ж эмоцыi, пошук сябе ў фарбах, адлюстраванне ўласных думак.
Апошнiм часам у жыццi горада адчуваецца нейкая стагнацыя, людзi ходзяць сумныя. Мы вырашылi падбадзёрыць публiку, а таксама нагадаць таксама пра тое, што мы iснуем як творцы, нягледзячы на перашкоды, якiя iснуюць у беларускiм грамадстве».
I. АстраЎцова
|