Найбольшае, чаго ўдалося дамагчыся таварыству, – атрымаць лiчбы рэпрасаваных у вобласцi. З КДБ паведамiлi пра 19 тысяч чалавек, а з мiлiцыi – яшчэ пра 29 тысяч. Але толькi лiчбы, без прозвiшчаў. Што праўда, карткi на рэабiлiтаваных асобаў перадалi ў гродзенскi архiў, але яны дагэтуль не разабраныя.
Удвох з сваiм калегам Андрэем Фiрсавым спадар Жук спадзяецца скласцi спiсы гэтых асобаў – каб выпусцiць кнiгу памяцi. Але сiлаў на такую працу засталося вельмi мала. «Мы сапраўды толькi iснуем ужо. Ужо нас мала засталося, па-першае. Па-другое, нiякай такой дзейнасьцю мы не займаемся – i старыя ўжо, i няма зусiм магчымасцi пры гэтай уладзе. Гэтая ўлада нас цалкам iгнаруе. Яна i не згадвае пра нас зусiм» – распавядаў Павел Жук.
Некалi спадар Жук дамогся ад пракуратуры, каб дазволiлi пашукаць месца расстрэлаў у гарадскiм урочышчы Пышкi. Паводле сведкi, гэта адбылося ў 1946-м годзе. Аднак выкапалi ямiну ў адным месцы, нiчога не знайшлi, i ўсё. Абы адчапiцца, – распавядае Павел Жук.
Хацелi помнiк ахвярам сталiнскага рэжыму паставiць цi хаця б памятны камень усталяваць. Намеснiк старшынi гарвыканкаму Анiшчык адказаў: калi ўсiм камянi класьцi, дык увесь горад закладзем. Анiшчыка, праўда, з гарвыканкаму звольнiлi толькi што. Аднак iлюзiяў адносна гэтай улады рэпрэсаваныя не маюць.
Iм аднак удалося ажыццявiць адну сваю задуму. З дапамогай мясцовай фiлii «Народнай Грамады» выдалi вялiкую кнiгу пад назвай «Нiколi болей». У кнiзе – успамiны каля 20 рэпрэсаваных i дзяцей, бацькi якiх загiнулi ў ГУЛАГу. Радыё Свабода