фотавыстава
Вялікае хобі Ёрга Арндта
У абласным Доме мастацкай i тэхнiчнай творчасцi, што па вулiцы Замкавая, 13, – адчынiла дзверы новая фотавыстава., якая займае адразу дзве залы. Аўтар прац, якiя тут прадстаўлены, – нямецкi фотамастак, замежны сябра фотаклубу «Мiнск».
Творчасць Ёрга Арндта блiзкая кожнаму, хто разумее прыгажосць i бачыць яе вакол нас.
«Пошук, фантазiя, эксперымент».
Гэта назва выставы Ёрга Арндта, якая крыху раскрывае асноўныя накiрункi яго творчасцi. Фотамастак карыстаецца колерам, фактурай, прыёмамi мантажу. Шырока выкарыстоўвае магчымасцi кампутарнай тэхнiкi. I гэта адчыняе перад iм прастору творчасцi...
Нарадзiўся Ёрг ва Ўсходняй Германii, у гарадку Лауххалле, што паблiзу Брандэнбурга. Пасля вучобы ў гiмназii ў яго была магчымасць паступiць у Беларускi палiтэхнiчны iнстытут, якую ён i скарыстаў. У Мiнску стаў дыпламаваным iнжынерам-электратэхнiкам i цяпер працуе на Берлiнскiм прадпрыемстве энергазабеспячэння «BEWAG».Вольны час аддае фотамастацтву, – свайму вялiкаму хобi. Дарэчы, гэтым сваiм прыгожым захапленнем Ёрг абавязаны Беларусi. Бо падчас вучобы ў нашай сталiцы крыху выпадкова трапiў на пасяджэнне фотаклуба «Мiнск», дзе i «прыкiпеў» душою да таямнiцы фатаграфii.
З таго часу i здымае. Пабываў ужо ў многiх дзяржавах свету. Геаграфiя самая шырокая: Германiя, Аўстрыя, Нарвегiя, Швецыя, Коста Рыка... Краявiды i жыхары гэтых дзяржаў – на фотаздымках Ёрга Арндта, якiя прадстаўлены на гродзенскай выставе. Водзывы першых наведвальнiкаў, якiя занатоўваюцца арганiзатарамi экспазiцыi ў спецыяльнай гасцявой кнiзе, – самыя спрыяльныя для фотамастака з Берлiна.
I колькасць такiх «камплiментаў» Ёргу будзе яшчэ павялiчвацца, таму што гродзенцы маюць магчымасць знаёмiцца з гэтай выставай яшчэ да сярэдзiны лютага. I падзякаваць фотаклубам «Мiнск» i «Гродна», а таксама Дзяржаўнаму музею гiсторыi беларускай лiтаратуры i Беларускаму камiтэту Мiжнароднай Рады музеяў, што спрычынiлiся да арганiзацыi гэтай экспазiцыi.
Мiхаiл ВасiлевIЧ
|