Алiмпiяда
Нашы вучні лепшыя
Школьнiкi Гродзенскай вобласцi атрымалi найбольшую колькасць дыпломаў на 18 Рэспублiканскай алiмпiядзе па беларускай мове, якая адбылася сёлета на вясеннiх канiкулах у Лiдзе. Вучнi з Мiнску, якiя занялi другое месца, набралi амаль у два разы менш балаў, чым пераможцы.
У штогадовай алiмпiядзе ўдзельнiчалi каманды ўсiх шасцi беларускiх абласцей, асобных лiцэяў i гiмназiй, а таксама каманды з беларускiх школак Польшчы i Лiтвы.
Алiмпiяда складалася з трох тураў. Першы з iх – водгук на лiтаратурны твор, другi – лiнгвiстычны конкурс. Трэцi тур, па словах многiх удзельнiкаў, самы складаны– вуснае выказванне. Гэты тур патрабуе не толькi дакладнага ведання мовы, але i агульнай эрудыцыi i нават артыстызму.
Усе каманды, як адзначыла на закрыццi алiмпiяды журы, выступiлi годна. Амаль кожная з iх павезла дадому дыпломы. Але ўсё ж такi найбольшую колькасць дыпломаў атрымалi прадстаўнiкi каманды Гродзенскай вобласцi. Трэба адзначыць, што гэта ўжо 13-ы год, калi каманда нашай вобласцi прывозiць з сабой з алiмпiяды такую перамогу.
Для «алiмпiйцаў» была арганiзавана экскурсiя на шклозавод у Бярозаўцы. Наведалi яны таксама i Лiдскi краязнаўчы музей, а ў вольны ад конкурсаў i экскурсiй час яны маглi пазнаёмiцца з цiкавымi мясцiнамi горада.
Рэдакцыя «БI» вiншуе нашых землякоў з перамогай i добрымi ведамi роднай мовы i лiтаратуры. Ганарымся вамi. Так трымаць!
Г.ЯНКУТА
Фото www.irex.minsk.by
|