Смаргонь
Сацыяльнае сіроцтва: выхад у сумеснай працы
Блiзу 15 дзяржаўных i недзяржаўных арганiзацый Смаргонi ўдзельнiчаюць у працы па стварэннi сеткi грамадскiх i дзяржаўных структур для прафiлактыкi сацыяльнага сiроцтва ў горадзе. Каардынуе выкананне праекта грамадскае аб’яднанне «Смаргонскае сацыяльнае агенцтва».
Як распавёў сябра Рады арганiзацыi Алег Лабейка, неабходнасць стварэння падобнай сеткi ў Смаргонi наспела даўно. У адным з самых маладых гарадоў Гродзеншчыны жыве каля 35000 жыхароў, 45% з якiх – гэта дзецi ва ўзросце да 18 год. Многiя жыхары Смаргонi перабралiся ў горад з iншых мясцiн Беларусi i не маюць падтрымкi з боку родных. Iснуюць праблемы алкагалiзму, беспрацоўя, цяжкага фiнансавага становiшча ў сем’ях. Таму вельмi часта дзецi застаюцца без нагляду. Нярэдка гэта прыводзiць i да т. зв. сацыяльнага сiроцтва, калi бацькоў пазбаўляюць бацькоўскiх правоў. Па словах сп. Лабейкi, зараз у Смаргонi выяўлена больш за 1000 сем’яў з т. зв. «групы рызыкi». Але вiдавочна, што iх колькасць у некалькi разоў большая. З ужо выяўленымi сем’ямi працуюць псiхолагi ды iншыя спецыялiсты са Смаргонскага сацыяльнага агенцтва, упраўлення адукацыi, сацыяльнай абароны, аховы здароўя райвыканкама, недзяржаўных арганiзацый Смаргоншчыны. Асвятленнем праблемы займаюцца мясцовыя газеты «Новая газета Смаргонi» i «Светлы шлях».
Для працы з падобнымi сем’ямi створаны i крызiсны стацыянар Сацыяльна-педагагiчнага цэнтра. У iм адначасова могуць знаходзiцца да 16 дзяцей, для якiх у сям’i iснуе пагроза гвалту альбо якiя жывуць у дрэнных бытавых умовах. Дзецi могуць знаходзiцца ў стацыянары на працягу шасцi месяцаў. У гэты час спецыялiсты вывучаюць сiтуацыю ў сям’i, праводзяць працу з бацькамi i выносяць рашэнне аб пазбаўленнi цi непазбаўленнi бацькоўскiх правоў. Месцы ў стацыянары нiколi не пустуюць, i нават iснуе чарга на некалькi месяцаў наперад.
Вiталь АЛIСIЁНАК
|