Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Шасцёра адважных

Несанкцыянаваны пiкет у абарону журналiстаў зачыненай уладамi газеты «Пагоня» адбыўся 1 красавiка на прыступках Гарадзенскага аблвыканкама.

Прыкладна ў 11.15 шэсць юнакоў сталi на ганку аблвыканкама побач з дзьвярыма для ўваходу ў будынак. У руках яны трымалi плакаты «Разам за Пагоню», «Мы за свабоду слова», «Мажэйка, Маркевiч – хто наступны?...». Усе гэта выглядала, нягледзячы на дзень жарту, даволi сур’ёзна. Асаблiва, калi з будынка выйшаў мiлiцыянт i папрасiў разысцiся. З такiмi ж патрабаваннямi да пiкетоўцаў звяртаўся i кiраўнiк упраўлення грамадска-палiтычнай iнфармацыi аблвыканкама У.Амелька. Праўда, хлопцы не паслухалiся. Яны прастаялi на прыступках аблвыканкама 20 хвiлiн. Пры гэтым падчас слухаючы абразу ў свой бок прабягаючых чыноўнiкаў, а падчас адчуваючы вясёлую ўсмешку ад мiнакоў, якiя з пытаннямi ўсё ж не дамагалiся.

Праз 20 хвiлiнаў пад’ехала мiлiцэйская машына з Ленiнскага РАУС i хлопцаў усiх забралi. У гэты ж дзень у Ленiнскiм судзе Гродна адбылiся суды над юнакамi. Усе хлопцы заявiлi суддзi Дземчанку, што яны свядома выйшлi на пiкет, паколькi маюць свае прынцыпы i погляды. Усе яны, як высветлiлася былi чытачамi «Пагонi» i лiчаць, што ўлады незаконна закрылi газету, а цяпер яшчэ i чыняць суд над журналiстамi. Дарэчы, двое з затрыманых студэнты, адзiн – настаўнiк, двое – рабочых i адзiн – безпрацоўны.

Усiм шасцi юнакам суддзя Дземчанка вынес папярэджанне, паколькi хлопцы ўпершыню прыцягвалiся да адмiнiстратыўнай адказнасцi.

Нагадаю, што суд над Мiколам Маркевiчам i Паўлам Мажэйкам павiнен адбыцца 9 красавiка ў судзе Ленiнскага раёна Гродна, у 11 гадзiн. Разглядаць справу будзе суддзя М.Сяргейка. Журналiсты абвiнавачваюцца ў абразе прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

Адвакат С.Цурко, якi будзе абараняць М.Маркевiча ў судзе, азнаёмiўшыся з матэрыяламi справы, зазначыў у iнтэв’ю карэспандэнту БелаПАН, што «складу злачынства ў дзеяннях Маркевiча няма... Зыходзячы з таго, што крымiнальная справа была ўзбуджана 5 верасня, напярэдаднi прэзiдэнцкiх выбараў, – напрошваецца вывад аб палiтычнай падаплёцы гэтай крымiнальнай справы». Пракуратура не разгледзела хадайнiцтва Маркевiча i Мажэйкi аб прыпыненнi справы ў сувязi з адсутнасцю складу злачыннасцi i накiравала яе ў суд.

На мiнулым тыднi Маркевiч i Мажэйка звярнулiся да кiраўнiкоў шэрагу дэмакратычных дзяржаў з адкрытым лiстом, у якiм папярэдзiлi аб рыхтуючайся судовай расправе над iмi. У лiсце журналiсты звярнулi ўвагу на той факт, што публiкацыi, якiя сталi прычынай узбуджэння крымiнальнай справы «з’яўляюцца публiчнымi выказваннямi асабiстай пазiцыi аўтараў, што дазволена беларускiм заканадаўствам».

М.КАРНЕВIЧ

Фота www.pahonia.com

Назад