Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Гастролi

Падарожжа з Варшавы ў Санкт-Пецярбург

Акцёры Гродзенскага тэатра лялек нядаўна вярнулiся з Варшавы, дзе са спектаклем «Неверагодны iлюзiён» яны выступалi ў тэатры «Гулiвер». Арыгiнальнае тэатральна-лялечнае шоу, якое прывезлi ў польскую сталiцу беларускiя акцёры, прыйшлося даспадобы гледачу.

Дарэчы, «Неверагодны iлюзiён» – гэта рэжысёрская праца Алега Жугжды, якi паставiў i спектакль «Паэма без слоў», прэм’еру якога толькi што ўбачылi гродзенцы. Спектакль гэты па матывах драматычнай паэмы Янкi Купалы. Ставiўся ён i раней, але не меў багатага сцэнiчнага лёсу. Яго уключалi ў свой рэпертуар як аматарскiя гурткi, так i славуты Купалаўскi тэатр. Працаваў над гэтай пастаноўкай таксама i наш абласны драматычны тэатр. I вось зараз прэм’ера на сцэне Гродзенскага тэатра лялек. Рэжысёр Алег Жугжда пастараўся зрабiць спектакль больш сучасным, дзеля чаго давялося ўвесцi ўспектакль як мага больш элементаў пантамiмы i балету. У новай пастаноўцы заняты акцёры Ларыса Мiкулiч, Васiль Прабадзяк, Iван Добрук, Вячаслаў Корнеў, Людмiла Паўлоўская, Святлана Баброўская, якiя сапраўды творча працавалi над гэтым спектаклем. Гэтак жа, як i мастак Ларыса Мiкiна. Арганiчна ўвайшла ў пастаноўку музыка Паўла Кандрусевiча.

Што яшчэ новага ў гэтага творчага калектыву? З 5-га па 12-е красавiка Гродзенскi абласны тэатр лялек чакаюць ужо ў Санкт-Пецярбургу. Балтыйскi фестывальны цэнтр праводзiць у горадзе на Няве чацвёрты фестываль тэатраў краiн СНД i Балтыi «Сустрэчы ў Расii». Як расказаў дырэктар Гродзенскага тэатра Аляксандр Iгнаценка, сярод удзельнiкаў фестывалю наш творчы калектыў будзе адзiным прадстаўнiком Беларусi. Аб узроўнi гэтага свята тэатраў сведчыць тое, што там выступяць Рускiя драматычныя тэатры Рыгi, Талiна, Вiльнюса, Тбiлiсi, Ташкента. У якiх што нi творчы калектыў, то вядомыя iмёны.

Гродзенцы выйдуць на сцэну 7 -га красавiка – са спектаклем «Трагедыя аб Макбеце». Гэта для нашых землякоў сапраўды падзея, i яшчэ якая...

Мiхаiл ВасIлевIЧ

Назад