Фотаапарат вагой ... дзьве тоны
Адразу дзьве выставы з Санкт-Пецярбурга адкрылiся ў гродзенскiм Новым Замку. Музей пад назвай «Анамалiя» прывёз эксклюзiўную экспазiцыю, прысвечаную галаграфii. Унiкальны фотаапарат «Грыф» вагой 2 тоны, якi быў створаны спецыялiстамi iнстытута iмя Вавiлава, да гэтага часу дзейнiчае i здзiўляе гледача.
Здымкi робяцца з дапамогай лазернага праменя. Яны атрымлiваюцца асаблiвыя – адразу ў трох вымярэннях. Галаграфiя зафiксавала скульптуры, вазы, карцiны са збораў славутых музеяў Санкт-Пецярбурга. Вось Залаты Дракон, танцуючы Шыва, а вось проста букет кветак. Усё гэта – не больш чым iлюзiя...Яшчэ адна выстава, якую прывезлi да нас з Санкт-Пецярбурга, – «Французскi габелен». Тут прадстаўлены ўжо рэчы абсалютна рэальныя. Супрацоўнiца музея «Анамалiя» Iрына Нiкалаева пераконвае, што гэта хаця i копii старадаўнiх габеленаў, але ўсе яны сапраўды выраблены французскiмi майстрыхамi. Хаця i сучаснымi. Як вядома, умельства габеленаў ( iх раней у нас называлi яшчэ шпалерамi) добра было развiта ў Гродне. Асаблiва ў часы Антонiя Тызенгауза. Ёсць такiя майстры i цяпер. Як ёсць i тыя, хто цiкавiцца ўсiм «анамальным». Так што сапраўды дзве цяперашнiя выставы ў Гродне з «Паўночнай Пальмiры» вартыя ўвагi.
Мiхаiл ВасIлевIЧ
|