Аляксандр Яцук
У цяжкiм стане сустракаў А. Яцук мiнулагоднi Дзень Перамогi. Таму гаварыў са мною нядоўга. Яго ж бедная Антанiна далiкатна заiкнулася аб сiмвалiчнай дапамозе хвораму. «Хоць бы хто выдзелiў быўшай ва ўжываннi тканiны ды марлi» – сказала яна. Мясцовая ўлада ў сувязi са святам выдала невялiкую суму грошай. А скарыстаных трантаў не знайшлося нi ў бальнiцы, нi ў грамадскiх арганiзацыях.
Праўда, у 1994 годзе Аляксандр на момант адчуў гонар i радасць. Разам з горыччу. Тады польскае пасольства ў Мiнску запрасiла ветэрана здзейснiць паездку ў Iталiю, дзе адзначылi пазней 50-годдзе бiтвы пад Монтэ-Касiна. Але ў дарогу чалавека не пусцiла цяжкая хвароба. Помню, мой цёзка, трымаючы ў руках тое запрашэнне, раптам адклаў паперу i бездапаможна развёў рукамi. I нечакана для мяне сказаў: «Мо напiсаць у пасольства, мажлiва, яны ахвяраваныя на дарогу грошы прыслалi б мне». Я пацiснуў плячыма i выказаў меркаванне, што наўрад цi трэба iсцi на такi крок... Даўнейшы факт гаворыць перш за ўсё пра бядотны матэрыяльны стан большасцi ўдзельнiкаў сусветнай вайны ў нашай краiне. Гонар i горыч, на жаль, iх спадарожнiкi. Прычым, апошняе пачуццё пераважае i прыгнятае першае.
Бернард Чарнавус
А зараз пра лёс iншага героя бiтвы ў далёкай Iталii – лiдчанiна Бернарда Чарнавуса. Яго сын Генрых быў маленькiм хлапчуком, калi татку забралi на вайну. Сталася гэта напачатку верасня 1939 года. Iшлi першыя днi Другой сусветнай. У Лiдзе аб’явiлi мабiлiзацыю рэзервiстаў, i неўзабаве Бернард апынуўся на нямецка-польскiм фронце. Па сведчанню аднапалчан, наш зямляк мужна змагаўся з фашыстамi пад Львовам. З уступленнем у вайну СССР Б.Чарнавуса iнтэрнавалi часцi Чырвонай Армii i вывезлi ў Расiю. Адтуль ён пiсаў лiсты жонцы i дзецям, у якiх выказваў спадзяванне на хуткае вяртанне дамоў.
Аднак спадзяванням салдата не суджана было збыцца. Раптам выбухнула Вялiкая айчынная вайна. Праз некаторы час Бернард трапiў у сфармiраваную ў СССР польскую армiю генерала Андэрса. А закончыў свой франтавы шлях далёка ад лiдскай зямлi – аж у гарах Iталii. Аб лёсе мужа i бацькi Чарнавусы атрымалi толькi скупыя звесткi праз некалькi гадоў пасля пераможнага мая 45-га. З Польшчы ў Лiду напiсаў ветэран, якi разам служыў з Бернардам i таксама ўдзельнiчаў у бiтве пад Монта-Касiна. У час штурму гэтай крэпасцi лiдчанiн атрымаў цяжкае раненне i па дарозе ў шпiталь памёр. Пазней падобнае паведамленне Чарнавусам прыйшло з Англii.
Факт
Монта-Касiна. На жаль, нямногiя ў нашай Беларусi чулi i ведаюць пра штурм гэтай крэпасцi. Савецкая гiстарычная навука замоўчвала падобныя факты, хоць у гэтай бiтве ўдзельнiчалi сотнi нашых землякоў. Аб значэннi гэтай бiтвы можна меркаваць па тым, што згаданае ўмацаванне кантралявала аўтадарогу Неапаль-Рым i блакавала прасоўванне саюзнiцкiх войскаў на поўнач Iталii. Дарэчы, саюзнiкi ў студзенi-сакавiку 1944 года тройчы безвынiкова спрабавалi авалодаць крэпасцю. А ў маi на штурм пайшлi воiны II корпуса генерала Андэрса. Жорсткiя кровапралiтныя баi скончылiся толькi на восьмы дзень – 18 мая. Страты жаўнераў у рагатыўках, сярод якiх побач з палякамi было нямала беларусаў i ўкраiнцаў, склалi каля 4000 чалавек (разам з параненымi i без вестак прапаўшымi). Такiм быў цяжкi i бязлiтасны рахунак толькi адной бiтвы, у якой удзельнiчалi нашы землякi. Зрэшты, многiя з iх знайшлi на скалiстым узгор’i Iталii свой вечны спачынак.
Канстанцiн Астрэйка
Згадаем пра цяжкiя шляхi-дарогi iншых герояў Монта-Касiна. З лiдскай вёскi Эйтуны напярэдаднi Вялiкай Айчыннай мабiлiзавалi ў Чырвоную армiю Канстанцiна Астрэйку. Служыў пад Масквою, адтуль даслаў лiсты i фатакартку, удзельнiчаў у баях за абарону Масквы. Цяжка сказаць, чаму чырвонаармеец-беларус апынуўся потым у польскiм корпусе. Фактам застаецца тое, што К.Астрэйка прайшоў ваеннымi пуцявiнамi разам з польскiмi жаўнерамi нямала краiн i скончыў свой шлях пад Монта-Касiна. А сваякi больш чым паўстагоддзя фактычна нiчога не ведалi пра лёс роднага чалавека.
Аркадзь Барысевiч
А вось iншы прыклад. Аркадзь Барысевiч з вёскi Новая Жыжма Iўеўскага раёну, як i лiдчанiн Бернард Чарнавус, ваяваў з фашыстамi ў вераснi 1939 года пад Львовам. Затым савецкi палон, армiя Андэрса, Монта-Касiна i смерць на чужой зямлi. I зноўжа шматгадовая невядомасць пра лёс чалавека.
Антон Хвайнiцкi
Той жа восенню 39-га пакiнуў сваю сям’ю на хутары Мiхайлаўка былога Радуньскага раёну i пайшоў на германа-польскую вайну Антон Хвайнiцкi. Пасля разгрому Польшчы салдат-рэзервiст апынуўся пад Калугай. Затым корпус Андэрса, быў санiтарам. Пад Монта-Касiна Антон, неаднойчы рызыкуючы сваiм жыццём, выратаваў нямала жаўнераў. Па словах сведкi-земляка, у час жорсткай контратакi немцаў Хвайнiцкi рушыў на ворага. Неўзабаве побач з санiтарам разарвалася мiна, яму адарвала ногi. У жахлiвых муках салдат з-пад Васiлiшак памёр на полi бою.
А людзям крыўдна...
Толькi ў другой палове 90-х гадоў некаторыя беларускiя выданнi змясцiлi спiсы землякоў, якiя навечна засталiся ў далёкай краiне на Апенiнах. Родныя, калi што-небудзь i ведалi пра лёс загiнуўшых, то баялiся аб гэтым казаць услых. Яшчэ ў 50-я гады прыналежнасць да сям’i былога жаўнера-андэрсаўца магла наклiкаць бяду – за гэта атрымлiвалi тэрмiн са ссылкай у Сiбiр. Але ў чым была вiна тых загiнуўшых жаўнераў? У тым, што яны змагалiся за сваю радзiму, абараняючы яе ад ворага? Дарэчы, малодшы сын Бернарда Чарнавуса – Генрых, бездакорна служыў у Савецкай армii. Крыўдна людзям, што многiя ў былым Саюзе лiчылi салдат польскага корпуса Андэрса, загiнуўшых i жывых, амаль што ворагамi краiны Саветаў. А за што? Цяжка адказаць...
Сыноўскi абавязак клiча нашчадкаў у далёкую Iталiю пакланiцца магiлам бацькоў, завесцi туды жменьку роднай зямлi. Але за якiя грошы сёння беларус можа паехаць на Апенiны. Нерэальна гэта сёння як самiм франтавiкам, так iх дзецям i ўнукам.
Шмат пакут i гора ад тае вайны i не менш пытанняў. Хто суцешыць боль тых, хто за сваiх бацькоў i сваякоў разам з гонарам зведвае i горыч?
Аляксандр ЖАЛКОЎСКI