Фестываль
Інтэрнацыянальны падворак
З 7 па 9 чэрвеня ў Гродне пройдзе IV Рэспублiканскi фестываль нацыянальных культур (РЦНК).
Яго ўдзельнiкамi стануць 18 нацыянальных суполак. Упершыню на свята прыедуць марыйцы, дагестанцы, туркмены i ўзбекi. Асноўны акцэнт будзе зроблены на беларускi падворак, якi размесцiцца непадалёк ад драмтэатра. Для суполак з малой колькасцю ўдзельнiкаў арганiзуюць iнтэрнацыянальны падворак.
Зноў плануецца вулiчнае шэсце ўдзельнiкаў i гасцей, урачыстае адкрыццё фэсту ў драмтэатры, канцэрт мастацкiх калектываў на Савецкай плошчы. У якасцi прыправы – адкрыццё партрэтнай галерэi гiстарычных славутасцяў Гродзеншчыны i фотавыставы, прысвечанай творчасцi Яна Булгака. На другi дзень адбудзецца прэзентацыя новых удзельнiкаў свята ў скверы Сяброўства (праўда, мала хто з гродзенцаў ведае, дзе ён знаходзiцца). Кожная суполка пасадзiць дрэўца, прывезенае з гiстрычнай радзiмы. Задумана свята харэаграфii, выступ тэатраў гумару, канцэрты на прадпрыемствах i ў гаспадарках, музычная праграма «Рытмы розных народаў». Падзеi трэцяга дня – гэта свята «Падарожжа ў краiну дзяцiнства», вечарына творчасцi Я.Купалы i Я.Коласа i свята нацыянальных кухняў на плошчы Ленiна.
Фестывальная блытанiна
У 1993 годзе ў Гродне ўпершыню адбылося гарадское свята нацыянальных абрадаў. Мiнiстэрства культуры вырашыла правесцi ў нашым горадзе фестываль нацыянальных культур. На першы фэст (1996) з’ехалася 600 удзельнiкаў i гасцей. Выступiлi армяне, азербайджанцы, беларусы, карэйцы, лiтоўцы, немцы, палякi, рускiя, татары, украiнцы, цыганы i яўрэi. Далей з падлiкам суполак-удзельнiц атрымалася суцэльная блытанiна. Паводле «Гродзенскай праўды» на другiм РЦНК (1998) iх было 13, у фестывальным прэс-рэлiзе ўказвалася лiчба 15, «Пагоня» ж налiчыла 14 нацыянальных аб’яднанняў. Праз два гады прайшоў III фэст. Да першапачатковага складу ўдзельнiкаў далучылiся грэкi, латышы, малдаване, чувашы i эстонцы. Беларусаў, чамусьцi, не пазначылi ў спiсах, хаця яны выступалi на фестывалi. Пра нацыянальныя суполкi, якiя выбылi са складу ўдзельнiкаў, не паведамляецца. Так што калi да 17 суполак-удзельнiц III РЦНК (разам з беларусамi) дадаць марыйцаў, дагестанцаў, туркменаў i ўзбекаў – дык атрымаецца 21, а зусiм не 18.
Дзве канцэпцыi
Першапачатковая канцэпцыя фестывалю, задуманая гарадскiмi ўладамi напачатку 90-х, адрознiвалася ад цяперашняй. Была iдэя праводзiць святы нацыянальнасцяў, якiя пражывалi на тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага, менавiта ў гiстарычным ключы – з сапраўдным тэатралiзаваным шэсцем i г.д. Фестываль, якi iснуе зараз, больш нагадвае конкурс фальклорных калектываў народаў СССР. Акцэнт робiцца на павелiчэнне колькасцi суполак-удзельнiц. Праграма святкавання пашыраецца за кошт новых мерапрыемстваў кшталту свята моды, «Падарожжа ў краiну дзяцiнства» або свята харэаграфii.
Беларусы – народ церпялiвы
Зразумела, што свята робiцца дзеля таго, каб прыцягнуць вялiкую колькасць людзей. I сапраўды, на яго рэгулярна збiраюцца тысячы i нават дзесяткi тысяч гараджан. Аднак улады дагэтуль не навучылiся забяспечваць такую масу людзей усiм неабходным. Хапае на вулiцах буфетаў з мiнералкай, пiвам i гарэлкай, больш чым дастаткова мiлiцыi, якая сочыць за парадкам. Аднак, гэтыя тысячы людзей мусяць спраўляць свае патрэбы ў хмызах, бо перасоўных прыбiральняў няма. Напэўна, арганiзатары лiчаць, што беларускi народ не толькi памяркоўны, але i надзвычай церпялiвы... Не хапае таксама кантэйнераў для смецця. У вынiку, пасля заканчэння свята Савецкая плошча ўяўляе з сябе вялiзную памыйку. Станоўчы момант – рэстаўрацыя гiстарычных будынкаў i рамонт дарог перад святам. Але марафет наводзiцца звычайна ў спешцы. Таму фасады некаторых дамоў, пафарбаваных перад адным фестывалем, паспяваюць аблезцi напярэдаднi другога. Дарэчы, на будынку па вулiцы Савецкай побач з пано, адкрыццё якога было прымеркавана да фестываля 2000 года, з’явiлася неяк улётка РНЕ. Улады не звяртаюць на яе ўвагi. Затое напiсаны на платах лозунг «Наш дом – Беларусь», якi цалкам мог бы стаць дэвiзам фестываля нацыянальных культур, знiкае ў iмгненнi вока.
613 касмапалiтаў
56% насельнiцтва Гродна складаюць беларусы, 22% – палякi, 17,8% – рускiя, 2,7% – украiнцы. Астатнiя нацыянальныя групы налiчваюць меней за 1000 чалавек. 613 жыхароў падчас апошняга перапiсу ўвогуле не ўказалi сваю нацыянальнасць. У Гродне iснуюць нацыянальныя суполкi: «Барвiнак» (украiнцы), грузiнскае аб’яднанне, Саюз палякаў Беларусi, Цэнтр нямецкай культуры, Аб’яднанне яўрэйскай культуры iмя Найдуса, «Тэвiнэ» (лiтоўцы), аддзяленне рэспублiканскага рускага аб’яднання i Цэнтр татарскай культуры. Iх дзейнасць сканцэнтравана вакол мастацкай самадзейнасцi i вывучэння роднай мовы. Прадстаўнiкi рускай нацыянальнасцi апынулiся ў прывiлеяваным становiшчы: 99% сярэднiх школ Гродна працуюць на мове гэтай нацменшасцi.
I. АСТРАЎЦОВА
|