Штогод гэтая ўстанова ладзiць навуковыя канферэнцыi, на якiя з’язджаюцца студэнты з розных гарадоў краiны, у тым лiку i сталiцы.
I калi для студэнта з Гомеля ў параўнаннi, напрыклад, з гродзенцам Мазыр – амаль дом родны, то перад вачыма чалавека з другога канца краiны паўстае кавалачак ужо iншай Беларусi. Той жа самай, але ў той жа час у нечым i не той...
...Цягнiк з Гродна адыходзiць увечары. Пакуль яшчэ за акном мiльгаюць звыклыя воку зараснiкi змешаных лясоў. Стромкiя сосны ўпiраюцца вершалiнамi ў неба i сцяной ствалоў засланяюць заходзячае сонца... Хутка гэта зменяць iншыя краявiды: кволыя бярозкi па калена ў балотнай вадзе, купiнкi чэзлага хмызняку на чорнай зямлi. Мяркуючы па вiдовiшчы, што адкрываецца з акна цягнiка, тут поўным ходам iдзе выпальванне сухой травы.
З суседкай па купэ «пашанцавала»: гэта настаўнiца-пенсiянерка, афiцэрская жонка, едзе дахаты, у Светлагорск. На працягу некалькiх гадзiн выкладае сваю бiяграфiю i адначасова дзелiцца мноствам карысных звестак на розныя тэмы (ад сервiроўкi стала да правядзення адкрытага ўрока):
– У нас у Светлагорску настаўнiкам зарплату былi не выплацiлi за люты. Але знайшоўся хтосьцi, прарваўся да Лукашэнкi, дык той разабраўся з гэтымi круцялямi – зарплату за люты адразу выплацiлi. Цяпер трэба неяк атрымаць за сакавiк. Але ж не будзеш прэзiдэнта кожны месяц турбаваць!
Развагi пенсiянеркi аб тым, што ў прэзiдэнта ёсць куды больш важныя клопаты, чым зарплата яго народа, настройваюць на фiласофскiя роздумы. Ужо колькi стагоддзяў жыве ў народзе вера ў добрага цара. I нi ўрокi гiсторыi, нi эра тэхнiкi i камунiкацыi , аказваецца, не здольны паўплываць на гэты адвечны кансерватызм i цiхую, затоеную ўпартасць...
Праз Мазыр не праходзiць чыгунка. Таму трэба спачатку дабрацца цягнiком да станцыi Калiнкавiчы, а адтуль ужо ходзяць спецыяльныя рэйсавыя аўтобусы да Мазыра. Дзякуючы iм гэтыя два гарадкi звязаны як быццам артэрыяй i ўяўляюць сабой калi не адно цэлае, то прынамсi непарыўна злучанае – як сiямскiя блiзняты. Для жыхароў, напрыклад, Калiнкавiч цалкам натуральна з’ездзiць у Мазыр у цырульню.
Мазыр сустракае цiшынёй i малалюднымi вулiцамi. Як быццам летнiм днём на вёсцы – нават дарогi няма ў каго спытаць.
Кандуктарка ў адказ на пытанне, цi можна на гэтым аўтобусе даехаць да iнстытута, моўчкi глядзiць з паўхвiлiны, а потым буркае: «Дзяўчына, плацiце 60 рублёў i едзьце, куды хочаце.» Так пацверджваецца стэрэатып аб змрочным, зацятым паляшуцкiм характары. Гэты стэрэатып, аднак, тут жа парушаецца iншай кандуктаркай – старэнькай бабулькай: «Чакай, дзетачка, зараз рэшту дам».
Што ў Мазыры кiдаецца ў вочы, дык гэта дарогi. З-за ўзгорыстага рэльефу дарогi i масты ў пэўных мясцiнах уяўляюць сабой вар’яцкiя вiражы. А скрыжаваннi перакульваюць усе звыклыя ўяўленнi аб скрыжаваннях: гэта спляценне некалькiх дарог, якiя зноў-такi вiражамi разыходзяцца ў розныя бакi. А каля гэтага спляцення можа стаяць адзiн светлафор. I пайдзi, здагадайся, каму ж усё-такi ён свецiць (калi свецiць увогуле).
Дарэчы, Мазырскi iнстытут стаiць на ўзвышшы, i трапiць у яго можна не iнакш як пераадолеўшы лесвiцу ў... 144 прыступкi, што i робяць кожную ранiцу студэнты ды выкладчыкi. Вiця (хлопец, якi прапанаваў давесцi мяне ў iнстытут) напаўжартам-напаўсур’ёзна распавядае, што студэнты нават хацелi скiнуцца на эскалатар. Цiкава, колькi пакаленняў студэнцтва павiнна штомесяц скiдвацца, каб са сваёй стыпендыi назбiраць на падобны цуд тэхнiкi.
Такое адчуванне, што ў Мазыры амаль няма звыклых для жыхара вялiкага горада мiжгароднiх таксафонаў, агромнiстых рэкламных шчытоў. Затое захавалiся стэнды ледзь не з савецкiх часоў. «ГАИ бережёт вас!» – абвяшчае адзiн. На другiм – выява сённяшняга герба РБ (якi любоўна завецца ў народзе «капуста») i пажаданне «Квiтней, родная Беларусь». Цi, можа, просьба?
А Прыпяць усё па-ранейшаму коцiць свае воды: як кацiла да 1986 года i пасля яго. Цi пры расейцах, цi пры паляках, цi пры Лукашэнку – яна заўсёды адбiвала i будзе адбiваць сваiм люстрам аблокi. I ў гэтым ёсць нешта мудрае i вечнае, непераможнае нiякай уладай.
Людмiла ЯКШУК