Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Рамансы, танга... і кастрыраванае парася

Цi задумвалiся вы калi-небудзь, што атрымалася б, калi б вы паспрабавалi паглядзець на гэты свет вачыма кастрыраванага парасяцi, а потым выразiць свае пачуццi ў пэўным мастацкiм творы? У вядомага гродзенскага барда Вiктара Шалкевiча, напрыклад, атрымалася «Цынiчнае танга «Кастрацыя», якое разам з iншымi, не менш экстравагантнымi, песнямi можна было пачуць 2 мая ў Гарадскiм доме культуры.

Канцэрт Вiктар Шалкевiч распачаў байкамi аб самым пачатку сваёй акторскай кар’еры, (г. зн. аб сваёй працы ў якасцi культасветработнiка), якiя плаўна перацяклi ў «Культасветработнiк primitive blues». Праз колькi хвiлiн паследавала «Мне так хочацца выйсцi замуж за хлопца з сельгасiнстытута», што выклiкала буру эмоцый у хлопцаў з таго самага iнстытута, якiя прыйшлi на канцэрт.

Шалкевiч спяваў рамансы, блюзы, танга i балады, прычым, па-беларуску, па-польску i па-чэшску. Нягледзячы на запэўнiваннi артыста, што ў «Баладзе пра таварыша Сапегу» абмаляваны калектыўны партрэт беларускага кiраўнiцтва канца 20 стагоддзя, а зусiм не канкрэтная асоба, як думаюць некаторыя, аўдыторыя ўсё ж упарта пазнавала кагосьцi ў вобразе «разняшчаснага таварыша Сапегi», якi ўсё стаяў на «длiннам i скользкам пуцi» ды вырашаў: «Куда жа цяпер, ядры яё маму, краiну сваю павяду?»

Iранiчнае стаўленне да жыцця характэрнае для большасцi песень В. Шалкевiча. Каментарыi аўтара да песень таксама ўтрымлiвалi немалую долю сцёбу. Аднак гэта не значыць, што яго творчасць наскрозь сатырычная. Неяк вельмi натуральна сярод гратэскнай вобразнасцi глядзелiся i ўзоры цудоўнай лiрыкi: «Шалёная», «У Гароднi дождж». Прыцiхнуўшы, слухала iх зала, якая толькi што рагатала з трагiкамiчнай гiсторыi кахання «Менскi часопiс «Архэ» i цаглiна з Ружанскага замку».

А што да парасяцi... Лепш прыходзьце на канцэрты i слухайце самi.

Людмiла ЯКШУК

Назад