Прарэктара асудзілі
На 5 гадоў пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi пакараў суд Ленiнскага раёну Гродна былога прарэктара Гродзенскага Дзяржаўнага унiверсiтэта iмя Янкi Купалы Леанiда Кiвача.
Суд прызнаў яго вiнаватым у здзяйсненнi злачынства, прадугледжанага часткай другой артыкула 430 Крымiнальнага кодэкса РБ – «атрыманне хабару ў буйным памеры». Крымiнальная справа супраць прарэктара была ўзбуджана па заяве мацi абiтурыента, якi не паступiў ва унiверсiтэт. Паводле версii жанчыны, што i стала падставай для крымiнальнага абвiнавачвання, 15 сакавiка 2001 года Леанiд Кiвач пагадзiўся ўзяць хабар у памеры 2000 даляраў ЗША за станоўчае вырашэнне пытання аб залiчэннi яе сына ў ВНУ. Дамовiлiся, што першая палова сумы будзе аддадзеная перад уступнымi iспытамi, а другая – пасля. Лiтаральна праз месяц, 21 красавiка, Кiвач быццам атрымаў аванс. Хлопец не паступiў, мацi прыйшла за грашыма, але Кiвач, па яе словах, адмовiўся iх вяртаць. Згодна з судовым выракам Леанiд Кiвач павiнен адбываць пакаранне ў калонii строгага рэжыма. У тэрмiн пакарання былому прарэктару залiчаныя восем месяцаў, якiя ён правёў да агучвання выраку ў следчым iзалятары. Вядома, што адвакат Л.Кiвача падаў касацыйную скаргу ў абласны суд.
Аддзел iнфармацыi
|