Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Сёння суд над пагоняўцамі

На 16 траўня прызначаны суд над журналiстамi «Пагонi» М.Маркевiчам i П.Мажэйкам. Нагадаю, што журналiсты зачыненай уладамi газеты «Пагоня» абвiнавачваюцца па артыкулу 367 ч. 2 КК РБ у паклёпе на прэзiдэнта РБ.

Максiмальны прысуд згодна гэтага артыкула – пазбаўленне волi да 5 гадоў. Суд адкладваўся ўжо двойчы: першы раз па прычыне раптоўнай хваробы суддзi Сяргейкi. Пазней быў прызначаны новы суддзя – Таццяна Клiмава. Яна таксама з-за моцнай занятасцi адзiн раз ужо перанесла прызначаны працэс. Суддзя Клiмава вядома ўжо тым, што пару гадоў таму разглядала зыск аднае чытачкi да журналiста А.Пiсальнiка i вынесла яму абвiнаваўчае рашэнне. Праўда, абласны суд пазней гэта рашэнне адмянiў.

Гэтым разам на судовае паседжанне М.Маркевiч запрасiў прадстаўнiкоў замежных амбасадаў, якiя акрэдытаваны ў Беларусi. На момант выхаду газеты было вядома, што згоду далi ў амбасадзе ЗША, Вялiкабрытанii, Нямеччыны i Польшчы. З астатнiмi яшчэ вялiся перамовы.

I яшчэ. М.Маркевiч на мiнулым тыднi падаў дакументы ў гарвыканкам на дазвол размяшчэння чарговага выдання пад назвай «Голас». Як вядома, адпаведна з заканадаўствам, для рэгiстрацыi новага СМI ў Мiнiстэрстве iнфармацыi належыць ўзгаднiць з мясцовымi ўладамi ўмовы яго размяшчэння. Пасля закрыцця «Пагонi» М.Маркевiч двойчы – у лютым i сакавiку – накiроўваў у гарвыканкам заявы на ўзгадненне размяшчэння выданняў пад назвамi «Газета «Пагоня» i «Мужыцкая праўда». Аднак гарадскiя ўлады адмовiлi ў размяшчэннi мас-медыяў.

М.КАРНЕВIЧ

Назад