У судзе
Прэцэдэнта не атрымалася
Суд Ленiнскага раёна Гродна часткова задаволiў скаргу актывiсткi «Маладой Грамады» Святланы Нех i намеснiка старшынi гродзенскай арганiзацыi БНФ «Адраджэньне» Змiцера Iваноўскага да Гарадзенскага гарвыканкама.
У адным з мiнулых нумароў «БI» паведамляла аб тым, што С.Нех i З.Iваноўскi падалi заяўку ў гарвыканкам на правядзенне ў Гродне пiкета «Маю права» з мэтай азнаямлення жыхароў горада з правамi чалавека. Гарвыканкам адмовiў iм, матывуючы тым, што, маўляў, грамадзяне Нех i Iваноўскi неаднойчы парушалi адмiнiстрацыйны кодэкс i прыцягвалiся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi. I ўрэшце, трэцiм пунктам у рашэннi гарвыканкама прагучала тое, што гарвыканкам i надалей не будзе даваць дазволу вышэйназваным асобам на правядзенне якiх-кольвек акцый. У судзе высветлiлася, што спадар Iваноўскi толькi аднойчы, а не шматразова прыцягваўся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за арганiзацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў. С.Нех некалькi разоў, але толькi аднойчы, як арганiзатар. Валеры Шанцiла, прадстаўнiк юрыдычнай службы гарвыканкама ў судзе, прызнаў, што адмова разглядаць заяўкi з’яўляецца незаконнай. I сказаў, што супрацоўнiк, якi прапанаваў унесцi яе ў рашэнне, будзе пакараны.
Валеры Шанцiла таксама папрасiў прабачэння ў Змiцера Iваноўскага, бо высветлiлася, што таго толькi аднойчы пакаралi паводле заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Але кiраўнiк юрыдычнай службы прапанаваў суддзi пакiнуць адмоўнае рашэнне правамоцным. Адзiнае – скасаваць пункт наконт адмовы ўладаў надалей разглядаць заяўкi ад Нех i Iваноўскага на пiкеты i падобныя мерапрыемствы. Суддзя Ленiнскага суду Ала Баўсук гэтак i зрабiла. Яна прызнала рашэнне гарвыканкаму неправамоцным часткова. Святлана Нех i Змiцер Iваноўскi павiнны зараз аплацiць судовую пошлiну – 50 тысяч рублёў кожны.
Вось такая арыфметыка. Заяўкi, значыць, разглядаць будуць, а вось дазваляць праводзiць мерапрыемствы – гэта ўжо воля выканкама. Такi Закон.
М.КАРНЕВIЧ
|