Шашлыкі на Дзень Перамогі
9 мая ў Гродне ўрачыста адзначалi Дзень перамогi. А 10-й гадзiне ранiцы традыцыйна з Савецкай плошчы па Савецкай вулiцы рушыла шэсце. Наперадзе неслi сцяг РБ, зацверджаны пасля рэферэндума 1995 года, за iм – савецкi. Трэцiм быў сцяг 6-й гвардзейскай танкавай Кiева-Берлiнскай дывiзii. Далей крочыў салдат у плашч-накiдцы, касцы i з дзяўчынкай на руках –жывы плакат. За iмi – цэлая група гэтак жа апранутых салдат са стрэльбамi наперавес. За салдатамi – абласное i гарадское начальства, ветэраны са сваякамi. Замыкала шэсце машына «хуткай дапамогi». Уздоўж вулiцы стаялi школьнiкi з настаўнiкамi. Дзецi падбягалi да ветэранаў i дарылi iм кветкi. З-пад парасонаў са столiкамi ля ўнiвермага за ўдзельнiкамi шэсця назiралi цiкаўныя.
Плошча Ленiна была ўжо запоўнена людзьмi – салдатамi, мiлiцыянтамi, пенсiянерамi, цiкаўнымi. Стаяла тры машыны хуткай дапамогi i грузавiк з таямнiчым надпiсам – «тягач». Злева ад Ленiна для ветэранаў павыстаўлялi шэрагамi сiнiя пластмасавыя крэслы. Неўзабаве пачаўся мiтынг. Цiкава, што аратары, якiя выступалi гэтым разам з трыбуны, гаваралi сапраўды пра вайну i перамогу, без якiх-кольвек iдэалагiчных выпадаў. Старшыня гарвыканкама А.Антоненка ўзгадаў нават, што за перамогу над фашызмам змагалiся i замежныя грамадзяне з палка «Нармандыя-Нёман» i дывiзii Тадэвуша Касцюшкi.
З-пад гарвыканкама чулiся бадзёрыя галасы гродзенскiх тэлевядучых. Побач стаяў грузавiчок з надпiсам «Родина-мать». Прагучала iмправiзаваная гiсторыя Вялiкай Айчыннай у датах, вершах i лозунгах. Асаблiвую цiкавасць прысутных выклiкалi жанравыя сцэнкi, наладжаныя на чатырох грузавiках. Першая была прысвечана абароне Брэсцкай крэпасцi. На грузавiчку ляжалi салдаты са стрэльбамi пад намаляванай на фанеры каменнай сцяной з надпiсам прыблiзна такога зместу «Умрем, но отечество не уступим». Сцэнка «Узяцце Берлiна» выглядала наступным чынам. Ля iмправiзаванай сцяны, падняўшы рукi ўверх, стаяў «фашыст» у касцы i чорнай кашулi са свастыкай. У яго цэлiўся вайсковец. Пад iх нагамi ляжаў другi «забiты» «гiтлеравец». «Савецкага салдата» «сустракала» хлебам-соллю маладая дзяўчына. Машыны з «акцёрамi» праязджалi па плошчы i збочвалi на вулiцу Ажэшкi.
Мiтынг доўжыўся больш за гадзiну. Пасля заканчэння калоны салдат i мiлiцыянтаў рушылi за грузавiкамi. Прысутныя накiравалiся ў парк iмя Жылiбера. Ля вечнага агню стаялi чатыры салдаты ў белых пальчатках i стаптаных ботах. Да помнiка ўсклалi мноства кветак i прымацаваных да iх паветраных шарыкаў.
Не абыйшлося падчас мiтынгу i без эксцэсаў. Дваiм салдатам, якiя стаялi ў калоне якраз насупраць трыбуны, стала зусiм дрэнна. Аднаго з iх выцягнулi зусiм непрытомнага. Хлопца абступiлi жанчыны i пачалi аблiваць мiнеральнай вадой. Нейкая кабета, напэўна медык, сунула яму пад язык таблетку. Дзякуй Богу, ён адкрыў вочы. Неўзабаве падвялi яшчэ аднаго салдацiка. Ён выглядаў зусiм бледным. Яго пасадзiлi на лаўку i далi напiцца мiнералкi. Праз нейкi час абодва хлопцы прыйшлi ў сябе, i сябры адвялi iх да вайсковай машыны.
У парку распачаўся святочны гандаль. У палатцы Гроднамалкамбiната выставiлi брэндзi «Праздничное», джын-тонiк, гродзенскае пiва, лёды, чыпсы. Чарга –23 чалавекi. Побач – сапраўдны вайсковы намёт, каля яго – складзеныя дровы. Пад камуфляжнай сеткай – 16 столiкаў. Шыльда паведамляе: «ЧУП ОП «Бар «На Телеграфной». Апранутыя ў вайсковую форму дзяўчаты гандлююць твiксамi, снiкерсамi i Кока-колай. Палатка «Гродна – Лiмож» прадае пiва «Балтика». У парку сапраўды было чым пажывiцца – i курыца-грыль, i салёныя гуркi, i каўбаса накшталт хатняй. Калi я зайшла сюды пасля мiтынгу, дык усе столiкi былi ўжо занятыя. Прычым, не пенсiянерамi або ветэранамi. Вiдаць, пенсii не заўсёды хапае на шашлыкi.
I. АСТРАЎЦОВА
Фота А. Грыгор’ева
|