Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Працяг суду над журналістамі – 4 чэрвеня

У чарговы раз у Гродне перанесены судовы працэс над журналiстамi газеты «Пагоня» М.Маркевiчам i П.Мажэйкам, якiх вiнавацяць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Гэтым разам судовы працэс перанесены па прычыне раптоўнай хваробы пракурора Уладзiмiра Рабава, якi павiнен быў выступаць у ролi абвiнаваўцы.

Перад будынкам Ленiнскага суду Гродна 16 мая iзноў сабралася шмат людзей. Аднак большасць з тых, хто ў гэты дзень прыйшоў, каб пабачыць, як будуць судзiць журналiстаў, так i засталiся стаяць перад зачыненымi дзьвярыма судовай залы. Маленькая зала, дзе пачаўся судовы працэс, змясцiла толькi трохi больш за 20 чалавек. Перад дзьвярыма, якiя сцераглi некалькi мiлiцыянтаў, стаялi не толькi чытачы, большасць журналiстаў, але i прадстаўнiкi амбасадаў ЗША i Вялiкабрытанii, якiя на працэс «Пагонi» прыехалi спецыяльна з Мiнску.

Першае паседжанне працягвалася каля 20 хвiлiнаў. Як высветлiлася, напярэдаднi захварэў пракурор Уладзiмiр Рабаў, якi павiнен быў выступаць у якасцi абвiнаваўцы. Новапрызначаны пракурор Яўген Шчэрбак, натуральна, за ноч не здолеў азнаёмiцца са справай. Працэс ужо ў чарговы раз перанеслi – першае пасяджэнне, якое павiнна было адбыцца 9 мая, было адкладзена па прычыне раптоўнай хваробы суддзi Сяргейкi. Чарговае пасяджэнне суду прызначана на 4 чэрвеня.

Сам Мiкола Маркевiч на ганку судовага будынку пракаментаваў няўдалы пачатак суду наступным чынам: «Мая першая рэакцыя, ужо калi казаць шчыра, – расчараванне. Таму што знаходзiцца ў такiм стане сапраўды вельмi цяжка – i маральна, i фiзiчна, i матэрыяльна. Я яшчэ проста ўражаны тым, наколькi прымiтыўныя крокi робiць гэтая ўлада. Замест таго, каб выправiць памылку i папрасiць прабачэння ў тых людзей, якiм яны нанеслi шкоду, гэта значыць – не толькi мне i Паўлу, гэта значыць – усiм чытачам «Пагонi», гэтыя людзi пачынаюць выкручвацца, шукаць нейкiя хады-выхады, пачынаюць хварэць. Я думаю, што гэта шлях у нiкуды».

Як бы не было, але ў мiнулы чацвер судовы працэс над журналiстамi, якога дагэтуль нiколi не было ў Беларусi, усё ж распачаўся. А гэта значыць, што будзе i працяг...

М.КАРНЕВIЧ

Назад