Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Фестиваль

І спявала неба і зямля...

Тры днi Гародня ўсмiхалася, грала, танцавала, частавала i вiтала гасцей. Тры днi госцi з пяцi беларускiх абласцей, прадстаўнiкi 19 нацыянальных суполак рассыпалi ў горадзе над Нёманам суквеццi колераў, гукаў i талентаў. 7 – 9 чэрвеня ў Гродна – Чацвёрты Усебеларускi фестываль!

Напярэдаднi

Пачаўшыся ў Мiнску, фестываль пракрочыў па многiх гарадах i вёсках Беларусi, дзе на суд прафесiйнага журы на чале з народным артыстам Беларусi Мiхаiлам Дрынеўскiм было прадстаўлена мастацтва 240 выканаўцаў з 53 населенных пунктаў Беларусi. На заключным мерапрыемстве ў Гродне сабралiся найлепшыя з iх.

Горад папрыгажэў перад святам. I гэта заўважылi гродзенцы. Асаблiва бюджэтнiкi. Праўда, намеснiк старшынi Гродзенскага гарвыканкама Кунаш А. С. сцвярджае, што рэканструкцыя вулiц i будынкаў праводзiлася ў планавым парадку i непасрэднага дачынення да фестывалю не мае. А на пытанне, колькi грошай пайшло на падрыхтоўку фестывалю, сп. Кунаш адказаў, што баланс будзе падведзены толькi праз некалькi дзён, а на момант прэс-канферэнцыi дакладная сума невядомая. Адзначыў толькi, што добраўпарадкаванне, напрыклад, вулiцы Замкавай каштавала каля 60 млн. рублёў.

Парад нацый

Па водгуках жыхароў i гасцей горада, амаль што самае яскравае за днi фестывалю было святочнае шэсце ўдзельнiкаў. Ад гасцiнiцы «Беларусь» праз плошчу Ленiна i да Драматычнага тэатра дружнай грамадой прайшлi прадстаўнiкi ўсiх нацыянальных суполак. Дзяўчаты ў беларускiх строях неслi таблiчкi з назвамi абшчын. Па баках вулiц шэсце сустракаюць гарадзенцы, iх шчырыя «Вiтаем!», «Малайцы!» i проста апладысменты праводзiлi па чарзе кожную суполку. А тыя, у адказ на ветлiвыя ўсмешкi танцавалi, спявалi народныя песнi, пасылалi ўсiм пацалункi i крычалi «Мы вас любiм!», «Хай жыве Беларусь!». Нацыянальныя касцюмы i манеры дазвалялi пазнаць суполкi i без таблiчак – усмешлiвыя ўкраiнцы, звонкагалосы хор рускiх, надзвычай дружны строй яўрэяў, найвялiкшая суполка палякаў, стракатыя цыганскiя касцюмы, лiтоўцы, грэкi, армяне...

Нарэшце IV Усебеларускi фестываль нацыянальных культур абвешчаны адкрытым. I разам з успышкамi феерверку, ураз забiўшымi струменямi фантанаў i дзевятнаццацю паляцеўшымi ў неба галубамi, Гродна з галавой акунулася ў доўгачаканае свята.

Сустракаем гасцей

Пачалося ўсе з прывiтання кожнай суполкай Гродзеншчыны. У адказ кожнай з iх – музыкальнае або танцавальнае прывiтане нашых землякоў: танцавальны калектыў вучылiшча мастацтваў «Карун», ансамбль «Весялуха» з Зельвы, «Лiда-мюзiкл», знакамiтыя гродзенскiя спевакi... Спачатку некаторыя з прадстаўнiкоў дэлегацый былi незадаволены арганiзацыяй музыкальнага афармлення, але з выпраўленнем якасцi гука падняўся i настрой прысутных. Здагадлiвы вядучы, ведаючы, чым яшчэ больш узрушыць народ, успомнiў, што заўтра мы далучымся да ўсяго свету i, гледзячы БТ, будзем балець за футбол (дружнае «Ура!»). А потым пачалiся выступленнi. I з гордасцю гледачы адзначалi вельмi высокую прафесiйную падрыхтоўку навучэнцаў Гродзенскага вучылiшча мастацтваў, музыкальна-педагагiчнага коледжа i проста неаспрэчнае багацце маладых талентаў ў сваiм горадзе.

Асаблiвасцi нацыянальнага святкавання

У гэтым годзе ў сям’ю творчасцi прыняты нацыянальныя аб’яднаннi, якiя ўпершыню удзельнiчалi ў фестывалi. У скверы сяброўства да дрэў, пасаджаных нацыянальнымi аб’яднаннямi 2 гады таму далучылiся дрэўцы марыйцаў, дагестанцаў, туркменаў, узбекаў i чувашоў.

Сiмвалам фестывалю традыцыйна з’яўляецца кветка з сямю рознакаляровымi пялёсткамi, што сiмвалiзуе сяброўства i яднанне розных народаў, якiя жывуць на тэрыторыi Беларусi. Кожнай абшчыне адвялi свой куточак у Старым горадзе.

Адчуць у поўнай меры каларыт культуры гэтых народаў гродзенцы i госцi горада мелi магчымасць, зазiрнуўшы на нацыянальныя падворкi. Людзi, што заходзiлi сюды, сапраўды маглi наведаць нейкiя iншыя маленькiя сусветы, дзе прадстаўнiкi розных абшчын сабралi захаваныя iмi традыцыi, звычаi i стварылi кавалачак сваёй радзiмы. I ўсе, хто мог, старанна выкарыстоўвалi такую рэдкую магчымасць, бо калi яшчэ давядзецца палюбавацца грэчаскiм народным танцам «сiртакi», пацягваючы халодненькi рускi квас, пабачыць на свае вочы, як татары ходзяць у госцi да яўрэяў i ўсе дораць адно адному свае песнi, частуюць адзiн аднага сваёй нацыянальнай ежай... Вось каля татара-башкiрскага падворку зладзiлi народнае гульбiшча, дзе мужчыны розных нацыянальнасцяў даказваюць сваю моц, з iмпэтам лупячы адзiн аднога невядома чым набiтымi мяхамi i пры гэтым стараючыся не звалiцца з бервяна, а таксама змагаючыся за прыз, якi вiсiць на высокай жардзiне... Латок з цыганскай кухняй вылучаўся не столькi экзатычнай ежай, колькi пераапранутымi прадаўшчыцамi гандлёвага дому «Нёман», якiм вясёлыя (пасля «спатыкача дзядзькi Лявона») мужыкi намеравалiся пазалацiць ручку. А прадаўшчыцы, вiдаць, па цыганскаму звычаю, за 27 тысяч спрабавалi «талкнуць» тое, што на самой справе каштавала каля сямi. Абшчына рускiх уладкавалася пад вялiкай шыльдай «Квiтней родная Беларусь» i разгарнула там мiлы сэрцу кожнага расiянiна «Русский трактиръ». А прыклад сапраўднай нацыянальнай кансалiдацыi i iнтэрферэнцыi прадэманстравалi немцы, жвава гандлюючы пiвам «Лiдскае» i «Балтыка». Дарэчы, нямецкi падворак адзiны, за выключэннем беларускага, дзе практычна ўвесь час гучала беларуская мова. Астатнiя нацменшасцi, як высветлiлася, беларускай мовай не карыстаюцца.

Лыжка дзёгцю...

«А потым будуць скардзiцца, што ўвесь горад за...ны,» – са злосцю ўсклiкнула жанчына, што прабягала побач у пошуках прыбiральнi. Нават некалькiх дадатковых бiяпрыбiральняў яўна не хапала: аб гэтым яскрава сведчылi чэргi па 20 чалавек. Катастрафiчна не хапала i сметнiц. Калi тыя, што мелiся ў наяўнасцi, былi забiтыя да немагчымасцi, народ пачаў кiдаць смецце пад ногi.

Уявiце сабе маладзёвую дыскатэку, п’яны натоўп, якi скача пад музыку i... шкляныя бутэлькi з-пад пiва пад нагамi.

Дарэчы, адным з самых актуальных пытанняў, асаблiва на першы дзень фестывалю, было: «Дзе пiва бралi?» Увечары продаж спiртных напояў у цэнтры спынiўся, i рэйды мiлiцыi час ад часу наведвалi гандлёвыя «кропкi» з мэтай папярэджання магчымых парушэнняў. Затое на кiёскi побач з аўтавакзалам ў гэтыя днi пралiўся залаты дождж: народ усё iшоў ды iшоў... Як выказаўся адзiн мiлiцыянер, «нават паветра нейкае п’янае, палова паддатыя». Зрэшты, мiлiцыя спраўна несла сваю службу i ўсё цягала «паддатых» грамадзян у машыны, што стаялi за Палацам Тэкстыльшчыкаў. Так што асаблiвых эксцэсаў, мабыць, не адбылося. На месцы таксама дзяжурыла выяздная брыгада з бальнiцы хуткай дапамогi. Падчас фестывалю да iх звярнулiся толькi тры чалавекi, адзiн з iх парэзаў нагу, а ў двух былi праблемы з сэрцам.

Феерверк, якi пачаўся на гадзiну пазней, чым было запланавана, народ не ўразiў. Воклiчаў расчаравання было куды больш, чым радасцi. А само абсталяванне для феерверку змясцiлi на месцы Фары Вiтаўта, узарванай бальшавiкамi. Непрыемнае супадзенне, цi не так?

Была яшчэ адна недарэчная непрыемнасць. У першы дзень фестывалю ў Новым Замку адкрылася выстава гродзенскага мастака Качана, прысвечаная губернатарам, якiя мелiся ў гiсторыi нашага гораду. За некалькi гадзiнаў да яе адкрыцця з галерыi быў зняты партрэт Сямёна Домаша, якi ў 1993-94 гг быў таксама старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Усе мы памятаем, што ён не падтрымаў палiтыкi сучаснага прэзiдэнта, за што i быў адхiлены з пасады. Пазней С. Домаш узначалiў апазiцыю на Гродзеншчыне i быў кандыдатам у прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь. Учынак мясцовых уладаў яшчэ раз сведчыць аб тым, што яны застаюцца на ранейшых пазiцыях, не робячы нiякiх вывадаў. Прычым, калi мы спрабавалi даведацца – хто аддаў гэты загад – усе пахавалiся, як мышы, i баялiся прызнацца.

***

Свята нацыянальных культур – гэта свята, калi ў атачэннi каларытных прадстаўнiкоў iншых нацый, любуючыся i захапляючыся iмi, беларусы з асаблiвай вастрынёй усведамляюць сваю нацыянальную прыналежнасць. Гэта свята, калi беларусы ў поўнай меры адчуваюць сябе гасцiннымi гаспадарамi на сваёй зямлi. Раптам бачыцца свая ўласная адметнасць, прачынаецца гордасць за гэтую адметнасць, i тады на дыскатэчнай праграме ўвечары нават моладзь, якую толькi лянiвы цяпер не абвiнавачвае ў суцэльным пафiгiзме i эгаiстычнасцi, пачынае ва ўвесь голас падпяваць: «Мы першы бакал уздымем па праву за Белую Русь, за нашу дзяржаву...»

Кожная нацыянальная культура – гэта незвычайнае, багатае на колер вiдовiшча, сустрэча з якiм пакiдае трывалы след у памяцi. А калi гэтыя культуры на працягу некалькiх гадзiн калейдаскопам змяняюць адна адну, калi складваецца ўражанне, што за дзень ты наведаў з добры тузiн розных куткоў зямлi – пачуццё эйфарыi забяспечана. I толькi раз-пораз тонкiм тужлiвым званочкам прарывалася скрозь святочны смех i тлум пачуццё праўдзiвай настальгii.

Алена СТАСЮКЕВIЧ, Людмiла ЯКШУК

Назад