Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Суд

Скончылася стадыя свабоднага аповяду

У судовым працэсе над журналiстамi «Пагонi» М.Маркевiчам i П.Мажэйкам ў чарговы раз аб’яўлены перапынак... У панядзелак быў дапытаны М. Маркевiч. Як i планавалася, гэтая працэдура працягвалася каля пяцi гадзiнаў. Адвакат Маркевiча Сяргей Цурко, падсумаваўшы вынiкi дня, зьвярнуўся да суддзi з хадайнiцтвам у чарговы раз прыпынiць справу. Ён лiчыць, што рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суду аб закрыццi «Пагонi» ўжо ўплывае на пазiцыю сённяшняга суду.

Сяргей Цурко зазначае, што Вышэйшы гаспадарчы суд перавысiў свае паўнамоцтвы, закрыўшы газету 12 лiстапада летась. Таму адвакат просiць прыпынiць працэс i прапанаваць абласной пракуратуры звярнуцца з прадстаўленнем у Вышэйшы гаспадарчы суд – каб той скасаваў сваё рашэнне аб спыненнi дзейнасцi «Пагонi».

На мiнулым тыднi

I ўсё ж вернемся да таго, што апублiкавала «БI» у мiнулым нумары. Мы не паспелi распавядаць аб падзеях, якiя развiвалiся не толькi ў судзе Ленiнскага раёну, але i побач з будынкам суду.

У аўторак на мiнулым тыднi цэлы дзень быў патрачаны на тое, каб адхiлiць хадайнiцтвы Маркевiча аб тым, каб суд быў адкрытым, каб змянiлi залу, у якой маглi б прысутнiчаць усе жадаючыя i, нарэшце, вырашыць, цi задаволiць хадайнiцтва аб адводзе старшынi суда Таццяне Клiмавай. У аўторак, людзi, якiх не пусцiлi ў залу суда, ўзялi яе штурмам. Прычым, былi пацярпелыя, выклiкалi нават хуткую дапамогу. Працэс пасля гэтага перанеслi на сераду.

У сераду а 9 гадзiне ранiцы ў зале суду былi заняты 15 сядзячых мейсцаў з 25. На iх уладкавалiся пераапранутыя маладыя мiлiцыянты, па-вайсковаму пастрыжаныя, вясёлыя i нават гаваркiя. Паседжанне пачалося зноў з хадайнiцтваў. Маркевiч запатрабаваў большай залы, прапусцiць журналiстаў i ўсiх жадаючых гарадзенцаў, а таксама, каб 15 пераапранутых супрацоўнiкаў мiлiцыi асвабадзiлi месцы. Яшчэ адно важнае хадайнiцтва датычыла таго, каб на суд у якасцi абаронцаў былi дапушчаны пенсiянер Гранатовiч, юрыст прававой дапамогi БАЖ Мiхаiл Пастухоў i намеснiк БХК Гары Паганяйла.

Суддзя аб’явiла перапынак. Падчас перапынка з залы суда знiклi 13 мiлiцыянтаў. За гэтым паследавала задавальненне хадайнiцтва аб тым, каб у зале маглi прысутнiчаць журналiсты. Каля ста жыхароў Гродна засталiся стаяць на вулiцы побач з будынкам. Аднак суддзя Клiмава адхiлiла хадайнiцтва аб тым, каб у якасцi абаронцаў у працэсе прысутнiчалi Гранатовiч, Пастухоў i Паганяйла. Яна матывавала гэта тым, што ў падсудных ёсць адвакаты.

Пасля гэтага паступiла хадайнiцтва ад П.Мажэйкi аб недаверы суддзi Клiмавай. Суддзя аб’явiла перапынак i 2 гадзiны раiлася сама з сабой, цi даць адвод самой жа сабе. Зразумела, што хадайнiцтва Мажэйкi было не задаволена, а працэс перанеслi на 6 чэрвеня.

Пачалося судовае следства

У чацвер нарэшце пачалося судовае следства. Пракурор Уладзiмiр Рабаў зачытаў абвiнавачанне Мiколу Маркевiчу i Паўлу Мажэйку. Абодвух абвiнавачваюць па адным артыкуле – 367, частка 2 Крымiнальнага кодэксу.

У абвiнаваўчым акце называюцца тры публiкацыi ў газеце «Пагоня». Яны былi змешчаныя летась у вераснi – у нумарах 36 i 37. Наклады абодвух пракуратура сканфiскавала ў друкарнi. Аўтар першай нататкi «Iдзем на выбары» – Павал Мажэйка, другой «Ён не Лукашэнка» – Кракасевiч, i верша «Абяшчаў, абяшчаю, буду абяшчаць» – невядомы аўтар.

Дзяржаўны абвiнаваўца лiчыць, што ў публiкацыях прынiжаныя гонар i годнасць кiраўнiка дзяржавы i што ён абвiнавачаны ў забойстве сваiх апанентаў, у генацыдзе беларускага народу, а таксама ў стварэннi злачыннай арганiзацыi або ва ўдзеле ў ёй.

Журналiсты сваёй вiны не прызналi. Затым адбыўся допыт Паўла Мажэйкi. Пракурор Уладзiмiр Рабаў падрабязна высвятляў, як журналiсцкiя матэрыялы трапляюць на старонкi газеты, а потым – на сайт «Пагонi». Паколькi абвiнавачанне грунтуецца толькi на цверджаннi, што матэрыялы сканфiскаваных нумароў нiбыта апынулiся потым у Iнтэрнэце.

Пасля допыту Павал Мажэйка прызнаецца калегам, што адчувае сябе пасля дзьвюх гадзiнаў допыту, як выцiснуты лiмон. Найбольш здзiвiла i ўразiла, што дзяржаўнае абвiнавачанне, пракурор Рабаў, спрабаваў увесь час апеляваць такiмi тэрмiнамi як палiтычнае забойства, палiтычнае знiшчэнне. На думку Паўла, яны хацелi апраўдаць прад’яўленае абвiнавачанне ў тым, што быццам бы ў яго артыкуле ўтрымлiваецца паклёп на Аляксандра Лукашэнку i абвiнавачанне яго ў забойстве. Гэта выглядала найбольш дзiўным.

Урэшце Павал Мажэйка заявiў у судзе, што, напiсаўшы ў газеце словы «Цi ў рэшце рэшт вартым падтрымкi можа быць чалавек, якi змагаецца з сваiмi апанентамi, забiваючы iх» меў на ўвазе не канкрэтную асобу, не аднаго з трох кандыдатаў у прэзiдэнты РБ, тым больш – не Аляксандра Лукашэнку, а меў на ўвазе абагулены вобраз палiтыка, якi, на яго думку, не мог бы стаяць на чале дзяржавы.

Допыт Маркевiча – «сачыненне на зададзеную тэму»

Допыт Мiколы Маркевiча працягваўся каля пяцi гадзiн. Той, хто прысутнiчаў у зале суду, адназначна пацвердзiць, што рэдактар «Пагонi» выдатна падрыхтаваўся да гэтага моманту.

Спачатку ён выказаў сваё бачанне крымiнальнай справы аб паклёпе на прэзiдэнта. Акт абвiнавачання галоўны рэдактар «Пагонi» назваў не юрыдычным дакументам, а «сачыненнем на зададзеную тэму». Мiкола Маркевiч звярнуў увагу суддзi Таццяны Клiмавай на наступныя абставiны. Абвiнавачанне трымаецца на цверджаннi, што дзьве нататкi i верш, у якiх нiбыта ёсць паклёп на прэзiдэнта, былi распаўсюджаныя сярод чытачоў. Аднак нумары газеты, у якiх змешчаныя публiкацыi, пракуратура сканфiскавала ў друкарнi. А, згодна з Законам аб друку, газета робiцца сродкам масавай iнфармацыi толькi пасля таго, як яна трапiць да чытачоў.

Галоўны рэдактар таксама не прызнае абвiнавачання ў тым, што арыштаваныя нумары газеты апынулiся ў Iнтэрнэце на сайце «Пагонi». Прычым, зазначае ён, Закон аб друку не лiчыць Iнтэрнэт сродкам масавай iнфармацыi – i не разглядае як спосаб распаўсюджвання паклёпу, у прыватнасцi, на прэзiдэнта. Аргументам, са слоў Маркевiча, з’яўляецца i тое, што ў дзень канфiскацыi накладу газеты у рэдакцыi канфiскавалi ўсю кампутарную тэхнiку, прычым, не апячаталi яе.

М.Маркевiч падрабязна прааналiзаваў кожны радок з «Пагонi», за якiя яму прад’яўляюцца абвiнавачваннi. Прычым, зрабiў гэта на добрым лiнгвiстычным, эстэтычным i юрыдычным узроўнi. Гэта засведчылi, як юрысты, так i лiнгвiсты, якiя прысутнiчалi ў зале. Дзеля таго, каб паказаць абсурднасць абвiнавачвання, неаднойчы цытаваў класiкаў, напрыклад, Пушкiна, звяртаўся да сусветнай класiчнай лiтаратуры. Зрэшты, цытаваў нават самога Лукашэнку.

Урэшце, для параўнаня, Маркевiч перадаў суду дзесяткi артыкулаў з самых розных выданняў, беларускiх i замежных, дзе ўжо толькi ў загалоўках утрымоўваецца сцвярджэньне аб тым, што «Лукашэнка – забойца, цi прызнаў сябе ў гэтым вiнаватым» i г.д. На фоне гэтых тэкстаў, радкi з «Пагонi», за якiя судзяць журналiстаў, бяскрыўдныя мастацкiя творы.

Падрабязнасцi аб працягу справы – ў наступным нумары «БИ».

М.КАРНЕВIЧ

Назад