Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Журналістаў «Пагоні» пакаралі «хіміяй»

Гэта быў першы падобны прысуд для журналiстаў у гiсторыi навейшай Беларусi

Два гады абмежавання волi для Паўла Мажэйкi i два з паловай гады – для Мiколы Маркевiча з адбыццём пакарання ў папраўчых установах адкрытага тыпу. Так прагучаў у мiнулы панядзелак прысуд для журналiстаў «Пагонi» у зале суда Ленiнскага раёна Гродна. Як патлумачыла суддзя Таццяна Клiмава, якая выносiла прыгавор, у народзе такое пакаранне называюць – «хiмiяй».

Такiм чынам суд прызнаў вiнаватымi П.Мажэйку i М.Маркевiча ў паклёпе на прэзiдэнта А.Лукашэнку. Матэрыялы былi апублiкаваны ў газеце «Пагоня» у № 36, 37 i канфiскаваны ў друкарнi супрацоўнiкамi пракуратуры. Да чытачоў нумары газеты не патрапiлi. Адбылося гэта напачатку верасня мiнулага года падчас прэзiдэнцкай выбарчай кампанii. Нагадаю што, дзяржаўны абвiнаваўца Рабаў прапаноўваў зняволiць журналiстаў у калонii агульнага рэжыму на такi ж тэрмiн.

У навейшай гiсторыi Беларусi гэта быў першы судовы працэс такога тыпу.

Прыгавор суддзя Таццяна Клiмава зачытвала больш за паўгадзiны. У залу суда забаранiлi ўваход журналiстам з камерамi i фотаапаратамi. Вядомы ў Беларусi праваабаронца Гары Паганяйла пакiнуў залу суда праз некалькi хвiлiнаў пасля таго, як суддзя пачала зачытваць прыгавор, паколькi з першых ейных словаў стала зразумела, што суд прызнаў вiну журналiстаў цалкам. Гары Пятровiч адыходзячы заявiў, што яму брыдка слухаць падобныя прыгаворы.

Нагадаю, што П.Мажэйка i М.Маркевiч абвiнавачвалiся ў паклёпе на прэзiдэнта А.Лукашэнку па арт. 367 ч 2 КК РБ. У абвiнаваўчым акце называлiся тры публiкацыi ў газеце «Пагоня», змешчаныя ў № 36, 37: «Iдзем на выбары» – аўтар П.Мажэйка, «Ён – не Лукашэнка» – аўтар Кракасевiч, i верш «Абяшчаў, абяшчаю, буду абяшчаць» – невядомага аўтара. Абвiнаваўчы бок палiчыў, што ў публiкацыях прынiжаныя гонар i годнасць А.Лукашэнкi, што ён абвiнавачваецца ў забойстве сваiх апанентаў, у генацыдзе беларускага народу, а таксама ў стварэннi злачыннай арганiзацыi або ва ўдзеле ў ёй.

Журналiсты сваёй вiны не прызналi. Асаблiва яскрава iх невiнаватасць раскрыў адвакат М.Маркевiча Сяргей Цурко. Ён канстатаваў, што ў Беларусi ўпершыню разглядаецца справа, у якой абвiнавачванне грунтуецца на iнфармацыi з Iнтэрнету. Аднак звесткi следства аб атрыманнi гэтай iнфармацыi, па словах адваката, не маюць юрыдычнай сiлы, што прызнаў i дзяржаўны абвiнаваўца. У следства, як высветлiлася, няма доказаў, што хаця б адзiн карыстальнiк Iнтэрнету наведаў сайт «Пагонi» i знаёмiўся са зместам арыштаваных нумароў – з iнфармацыяй, якую следства паклала ў аснову абвiнавачвання М.Маркевiча. Хаця колькасць наведвальнiкаў заўсёды фiксуецца.

Адвакат падсумаваў, што частка доказаў следства не мае юрыдычнай сiлы, iншыя доказы абвяргае само следства. Некаторыя доказы папросту не пацвярджаюцца – напрыклад, факт распаўсюджвання арыштаваных нумароў газеты. З высновы адваката атрымлiвалася, што не iснуе доказаў злачынства. Таму абарона i прасiла апраўдаць журналiстаў. С.Цурко зазначыў, што пракурор паклаў у аснову свайго абвiнавачвання меркаваннi, накшталт – «на маю думку», «мне здаецца», «можа будзе, можа не». На гэты конт, па словах адваката, ёсць дакладнае ўказанне закону, Крымiнальна-працэсуальнага кодэксу, дзе сказана, што любое сумненне адносна даказанасцi вiны абвiнавачаных трактуецца на карысць абвiнавачаных.

Пасля выступу абодвух адвакатаў юрысты, якiя знаходзiлiся ў зале суда, адназначна каментавалi, што абарона здолела цалкам разбiць довады дзяржаўнага абвiнаваўцы.

У апошнiм слове П.Мажэйка зазначыў, што «кожны дзень гэтага брыдкага працэсу, кожны дзень гэтага паходу з вiламi праз плячо на Слова, кожны выпад ягонай прамовы, кожная публiкацыя на гэту тэму ў беларускiм i замежным друку – усё гэта проста забойча для Беларусi». «Я не навучыўся любiць сваю Радзiму з закрытымi вачыма, пакорлiва схiленай галавой i стоячы ў агульнавядомай позе, у якую нас усiх старанна ставяць ужо восем гадоў...» – казаў Павал.

М.Маркевiч параўнаў сваю сiтуацыю з сiтуацыяй свайго дзеда, якi ў 1937 годзе быў асуджаны на 5 гадоў за тое, што меў у хаце Бiблiю. «Некалi знаёмячыся са справай аб рэабiлiтацыi майго дзеда, нягледзячы на трагiзм ягонага лёсу, я разумеў, што гэты лёс i гэтая рэабiлiтацыя – гэта свайго роду гарантыя ад таго, што падобныя трагедыi больш не паўторацца. Цяпер я разумею, што я памыляўся. I гэты суд – таму пацвярджэнне. Зноў, як i тады, у грамадстве пануе страх, па тэлевiзары штодня выкрываюць «ворагаў» i «шкоднiкаў», якiя перашкаджаюць народу жыць багата i шчаслiва, зноў пачалi знiкаць невядома куды людзi, пакуль, праўда, не так масава, як у 1937 годзе. Iзноў на першых старонках усiх газетаў амаль той самы вусаты твар, якi павучае земляробаў, як сеяць, навукоўцаў – як выкладаць, хакеiстаў, як гуляць... Iзноў пачалiся судовыя працэсы, адзiнае лагiчнае тлумачэнне i мэта якiх – застрашэнне грамадства, ператварэнне яго ў статак маўклiвых рабоў, у якiх не павiнна нават быць права голасу», – казаў М.Маркевiч.

Суддзя Т.Клiмава, узяўшы пад ўвагу ўзрост Паўла Мажэйкi (24 гады), сямейнае становiшча М.Маркевiча – у яго на ўтрыманнi жонка i двое непаўналетнiх дзяцей, вырашыла, што паклёп на прэзiдэнта быў, абвiнавачванне яго ў асаблiва цяжкiх злачынствах было, распаўсюджванне арыштаванага накладу газеты было. Змяшчэнне арыштаваных нумароў у Iнтэрнеце таксама магло быць. I Iнтэрнет можна разглядаць як спосаб распаўсюджвання паклёпу – хаця гэта не прадугледжана законам.

Прысуд П.Мажэйкi i М.Маркевiча будзе абскарджаны ў Гродзенскiм абласным судзе.

Сам працэс адбываўся ў прысутнасцi вялiкай колькасцi людзей, якiя сабралiся каля будынку Ленiнскага райсуда Гродна. Значную частку журналiстаў, а таксама палiтычных дзеячаў, якiя прыйшлi падтрымаць Мажэйку i Маркевiча, не пусцiлi ў залу, аргументуючы гэта адсутнасцю месцаў. Людзi побач з будынкам суда скандзiравалi: «Ганьба i свабода!». За ходам працэсу назiралi таксама прадстаўнiкi замежнага дыпламатычнага корпусу.

Так каментавалi прысуд

Сяргей Цурко, адвакат М.Маркевiча:

– Вiдавочна, што мы пададзiм апеляцыю. Гэта вельмi цяжкi прыгавор, першы такога тыпу ў гiсторыi навейшай Беларусi. Прыгавор на 100 працэнтаў палiтычны i антыканстытуцыйны. Суд праiгнараваў усе довады абароны.

Жана Лiтвiна, старшыня Беларускай асацыяцыi журналiстаў:

– Гэты прыгавор вынесены супраць усiх журналiстаў Беларусi, усiх людзей, якiя хочуць мець свае ўласныя думкi i не баяцца iх выказваць, незалежна ад таго супадаюць яны з прэзiдэнцкiмi цi не супадаюць.

Гары Паганяйла, намеснiк старшынi Беларускага Хельсiнскага камiтэту:

– Ужо з першых слоў зразумеў, што прыгавор асуджальны. Таму менавiта i пакiнуў залу. Нi адзiн прыгавор у падобнай справе не можа быць у нашай краiне справядлiвым.

Мiкола Маркевiч:

– Я ўпэўнены, што гэты прысуд будзе адменены. Як толькi гэтая справа дойдзе да належнага, аб’ектыўнага суду, якi будзе кiравацца выключна законам.

Павал Мажэйка:

– Спадзяваннi на аб’ектыўны суд не спраўдзiлiся.

М. КАРНЕВIЧ

P.S.Нядаўна Васiль Быкаў сказаў – за iмi перамога, за намi – iсцiна. Не так i мала.

Назад