Даўгабуд
Ці спагадаюць у Лідзе жанчынам?
На пастаўленае пытанне адказаць няпроста, хоць размова iдзе аб горадзе з прыгожым жаночым iмем. Прамоў i заяў пра ўвагу да жанчын i клопат пра iх здароўе i дабрабыт хапае. Асаблiва перад святам 8 сакавiка. Iншая справа – практычныя дзеяннi ў гэтым накiрунку. Колькi разоў наша газета пiсала аб бальнiчным «даўгабудзе» – узвядзеннi акушэрскага корпуса. Ды цяжка сказаць, калi ён пачне працаваць.
Але гэтым аб’ектам марныя пакуль надзеi лiдчанак не абмяжоўваюцца. Не лепшае становiшча склалася з палiклiнiчным абслугоўваннем лепшай паловы чалавецтва. Жаночая кансультацыя месцiцца ў аварыйным будынку, узведзеным яшчэ ў часы Пiлсудскага. Колькi гадоў таму гарвыканкам перадаў для гэтай установы будынак былога дзiцячага садка. Дзеля яго рэканструкцыi зроблена нямала. Аднак да наваселля, мусiць, далёка. Неабходна замянiць аконныя i дзвярныя праёмы, пакласцi падлогу, аднавiць электраправодку, правесцi ўнутраныя сантэхнiчныя работы для водазабеспячэння, ацяплення, каналiзацыi.
Для завяршэння рэканструкцыi неабходна затрацiць каля 90 мiльёнаў рублёў. Такiя ж расходы мясцовым бюджэтам не прадугледжаны. У сувязi з чым гарадскi Савет дэпутатаў сёлета ў сакавiку вырашыў стварыць пазабюджэтны фонд. Каб за кошт добраахвотных складак i ахвяраванняў прадпрыемстваў i прадпрыймальнiкаў, устаноў i арганiзацый, свядомых гараджан вырашыць набалелае пытанне. З гэтае нагоды ў «Лiдскай газеце» апублiкавалi зварот гарадскога Савета. Але ў грамадскую скарбонку грошы пакуль не цякуць, нават сцiплым ручайком. Дабрачыннасць праявiла фiрма «Белтэк-Оптык», якая перавяла на рахунак фонда 2 мiльёны рублёў. Iншыя ахвяраваннi за амаль тры месяцы ледзь дасягнулi 700 тысяч рублёў.
Словам, добрай задуме пагражае правал. I вось са зваротам у раённай газеце выступае дэпутат гарадскога Савета Б.Ус. Ён канстатуе, што ў дзяржавы складанае фiнансавае становiшча. I ўсклiкае, што дапамогi лiдчанам няма адкуль чакаць. Затым спадар Ус з папрокам звяртаецца да кiраўнiцтва Лiдскага райвыканкама i горада Бярозаўкi: «У першую чаргу вы павiнны клапацiцца пра здароўе жанчын горада i раёна». Складваецца ўражанне, што ўлады Лiды як бы ў вырашэннi гэтай праблемы адносяцца на другi план. Цi не так? А можа дэпутат думае, што ў Бярозаўцы i ў вёсках раёна паўсюдна адныя багацеi? Не! Калгасы стогнуць ад безграшоўя, тое ж i з сялянамi. Не жыруюць i шкловары.
А час бяжыць iмклiва. У Лiдзе па-ранейшаму не чуваць аб грашовых патоках у пазабюджэтны фонд. Дзе ж знайсцi выйсце? Урад не мае сродкаў на завяршэнне будаўнiцтва акушэрскага корпуса, мясцовая ўлада – на завяршэнне будаўнiцтва жаночай кансультацыi...
А можа варта таму ж гарадскому Савету звярнуцца за дапамогай да Аляксандра Рыгоравiча? Вядома, што ў яго ёсць прэзiдэнцкi фонд, да таго ён так высока цэнiць жанчын i пра iх клапоцiцца. Як кажуць, сам Бог падаў слушную думку.
С.ВАЛОШКА
|