Рашэнне вызвалiць трох журналiстаў ад незаконных штрафаў прынята ў Ленiнскiм судзе Гродна. Спачатку разглядалася справа Андрэя Пачобута – супрацоўнiка газеты «Глос з-над Немна», якую выдае Саюз палякаў.
26 лiпеня ў пасёлку Пагранiчны Бераставiцкага раёну ўлады зрабiлi спробу разбурыць недабудаваны храм Беларускай аўтакефальнай царквы. Андрэй Пачобут прыбыў на месца здарэння. Яго затрымала мiлiцыя, i начальнiк райаддзелу падпалкоўнiк Амбражэвiч аштрафаваў яго на 50 тысяч рублёў за незаконнае, быццам бы, знаходжанне ў памежнай зоне.
У судзе высветлiлася, што журналiст меў, як належыць, камандыровачнае пасведчанне. Але мiлiцыянты яго не запатрабавалi, а сам Андрэй таксама не прад’явiў яго. Але суддзя Чылека прызнала, што штраф быў беспадстаўным, i скасавала яго, замянiўшы папярэджаннем.
Другое затрыманне адбылося ў ноч з 1 на 2 жнiўня. Царкву ў Пагранiчным пачалi разбураць. Андрэй Пачобут прыехаў туды разам з калегамi – Анджэем Пiсальнiкам i Iрынай Чарняўкай. Спачатку iх спынiлi памежнiкi, доўга спраўджвалi дакументы, але адпусцiлi, бо ўсё было ў парадку.
Неўзабаве журналiстаў затрымала мiлiцыя. Усiх трох даставiлi ў Бераставiцкi райаддзел i пратрымалi да самай ранiцы. Потым з’явiўся начальнiк РАЎС падпалкоўнiк Амбражэвiч i аштрафаваў кожнага на 100 тысяч рублёў за знаходжанне ў памежнай зоне.
Суддзя Анатоль Пракопiк прызнаў незаконнай пастанову начальнiка Бераставiцкага райаддзелу мiлiцыi падпалкоўнiка Амбражэвiча, якi аштрафаваў журналiстаў Пачобута, Пiсальнiка i Чарняўку. Журналiсты цалкам вызваленыя ад адказнасцi.
Сяргей АСТРАЎЦОЎ,
Радыё Свабода