У старажытнае беларускае мястэчка Мiр з’ехалiся творчыя i мастацкiя калектывы, гiстарычныя групы i рыцарскiя клубы з мэтаю прадэманстраваць сваё майстэрства. А спажыўцоў хапала – цi не дзясяткi тысяч чалавек апынулiся на замкавым пляцы ў чаканнi вiдовiшча. Перад сабраным людам таксама выступiлi прадстаўнiкi дзяржструктураў i iнтэлiгенцыi.
Ужо ад самага ранку да галоўных плошчаў гораду пачалi падступацца натоўпы. Дзясяткi аўтобусаў i мноства аўтамабiляў пад’язджалi да пляцовак i вакзалаў, шмат народу падыходзiла пехатою.
Афiцыйна свята пачалося прыкладна а 12-ай гадзiне. Насупраць уваходу ў Мiрскi замак напачатку прамаўляў прэм’ер-мiнiстар Генадзь Навiцкi, якi падкрэслiў важнасць беларускага пiсьменства для Беларусi. Пасля выказвалiся прадстаўнiкi iнтэлiгенцыi, паэты чыталi вершы. А затым на пляцоўцы выступiлi групы гiстарычнага танцу, прадэманстраваўшы цудоўную харэаграфiю.
На адзiн дзень Мiр ператварыўся з цiхага гарадку ў шумны прамысловы цэнтр, вялiзны гiпермаркет. Набыць можна было без выключэння ўсё i ў вялiкай колькасцi – ад прадуктаў харчавання да вопраткi ды цацак. Да некаторых гандлёвых месцаў было не прабiцца, нягледзячы на высокiя i не вельмi выгодныя кошты.
РайПО шматлiкiх беларускiх раённых гарадоў зарганiзавалi гандаль уласнай прадукцыяй. Пры гэтым добра-такi адчувалася канкурэнцыя, таму кожны стараўся перацягваць наведнiкаў на свой бок за кошт пашырэння выбару i паслугаў.
Вiдаць, шмат каму стварыў непрыемнасцi жорсткi мiлiцэйскi парадак. Вельмi часта службоўцы ў цывiльным папросту прыпынялi людзей, прасiлi паказаць дакументы. За адсутнасцю iх праводзiлi ў пастарунак – у мясцовую хлебапякарню. Прыпынялi таксама i некаторых, азначаных «пэўнай сiмволiкай». Як стала вядома, удакладнялi асобы i абшуквалi ўласныя рэчы тых, хто быў у майках «Выбiрай», у вопратцы альбо з упрыгажваннямi нацыянальных колераў. Супрацоўнiкi мiлiцыi трымалi «зламыснiкаў» даволi працяглы час у пастарунку, удакладнялi асобы i патлумачвалi свае паводзiны так: учора, маўляў, група моладзi з такой сiмволiкай здзейснiла хулiганства. Пасля прасiлi зняць з вопраткi тое, што магчыма, i адпускалi.
Вельмi кепска быў наладжаны рух транспарту. Ужо каля гадзiнаў пяцi вечара амаль усе квiткi на рэйсавыя аўтобусы былi прададзеныя. Прычым, яны хадзiлi недастаткова часта, а праезд каштаваў зусiм нятанна. Многiя з «святкаванцаў» былi вымушаныя дабiрацца дамоў аўтастопам цi пешкi да блiжэйшага населенага пункту.
Францiшак ВЯЧОРКА