Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 241 от 19.09.2002  

Пасля 10 сутак галадоўкі

У чацвер з гродзенскага спецпрыёмнiка на волю павiнен выйсцi старшыня Руху дэмакратычных сiлаў «Гарадзенскi выбар» Дзмiтрый Iваноўскi. За ўдзел у акцыi «Ланцуг неабыякавых людзей» судом Ленiнскага раёна ён быў асуджаны на 10 сутак. Усе 10 сутак Дзмiтрый трымаў галадоўку. Перадачы яму часта прыносiлi незнаёмыя людзi, якiя нават не ведалi ягонага прозвiшча.

Адзiным, каму дазволiлi сустрэчу з Дзмiтрыям у спецпрыёмнiку, стаў старшыня Гродзенскай фiлii Беларускага Хельсынскага камiтэту Аляксандр Антанюк. У судзе ён выступаў у якасцi абаронцы. Па словах Антанюка, Дзiма выглядаў бадзёрым, жартаваў i нi на што не скардзiцца. Пiў выключна мiнеральную ваду i нават кiнуў палiць. Дарэчы, тыя, хто добра ведае Дзiму не здзiўлялiся таму, як ён трымаецца, паколькi ў жыццi гэта выключна сцiплы, абавязковы i шчыры чалавек. Усе харчы i сокi, якiя яму перадаюць знаёмыя i незнаёмыя людзi, ён аддае сваiм сукамернiкам. Аляксандр Антанюк распавядаў, што перадачы Дзiме прыносiлi людзi, якiя яго не ведаюць, паколькi прасiлi ў мiлiцыянтаў перадаць iх Дзмiтрыю Завадскаму, якi, маўляў, стаяў на Савецкай вулiцы ў пiкеце. Як правiла, па словах Антанюка, гэтыя людзi сталага веку.

У камеры разам з Дзiмам сядзелi яшчэ чатыры маладыя хлопцы, асуджаныя за дробнае хулiганства. Дзiма распавядаў Аляксандру Антанюку, што найцяжэй даводзiцца тады, калi хлопцы адыходзяць на працу, а ён застаецца сам на сам з цыгарэтамi i змагаецца са спакусай запалiць.

Нагадаю, што 10 сутак Дзiма атрымаў за ўдзел у акцыi «Ланцуг неабыякавых людзей», якая была прымеркавана да другiх угодкаў знiкнення Дзмiтрыя Завадскага. Летась ён быў пакараны штрафам за выступ на тым месцы, дзе стаяў разбураны савецкай уладай першы гродзенскi касцёл.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Назад