Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 241 от 19.09.2002  

Крыж усталяваны на месцы бою

У нядзелю каля вёскi Белiца Лiдскага раёну ўсталявалi мемарыяльны дубовы крыж. Крыж стаiць на месцы бою беларускай шляхты з маскоўскiм войскам у 1659 годзе.

Дубовы крыж даўжынёй каля дзевяцi метраў неслi 17 чалавек. Яго ўсталявалi на ўскрайку вёскi Белiца Лiдскага раёну. Паводле формы гэта крыж Еўфрасiннi Полацкай, ён узвышаецца над зямлёю на 6,5 метраў. На iм напiсана: «Бог, Гонар, Айчына» i даты: 1659-2002.

Ва ўзножжы ўмураваная гранiтная дошка з выявай Пагонi i тэкстам: «На гэтым месцы ў 1659 годзе шляхта Лiдскага павету дала бой 30-тысячнаму маскоўскаму войску, засланiўшы сабой шлях на Горадню i Лiду. Вечная слава змагарам за незалежнасць Бацькаўшчыны».

На адкрыцьцё сабралася прыблiзна 100 чалавек, пераважна мясцовыя жыхары. Белiцкi ксёндз Ян асвяцiў крыж. У ганаровай варце стаялi ветэраны Армii Краёвай. Пазней iх змянiлi ўдзельнiкi рыцарскага клубу «Дайнова» з Лiды. Луналi бел-чырвона-белыя сцягi i сцяг з эмблемай Таварыства беларускай мовы.

На адкрыцьцi выступiў старшыня БНФ «Адраджэньне» Вiнцук Вячорка. Ён звязаў падзеi 17 стагоддзя, калi маскоўскае войска знаходзiлася на беларускiх землях, з сённяшнiмi. Спадар Вячорка зазначыў, што заўсёды важна баранiць незалежнасць – i тады, i цяпер, калi Расiя iзноў хоча паглынуць Беларусь.

Старшыня Лiдскай гарадской арганiзацыi партыi БНФ Станiслаў Суднiк прачытаў свой верш, прысвечаны лiдскай шляхце. У лiстападзе 1659 яна суткi трымала каля броду праз Нёман войска, якое колькасна пераўзыходзiла яе ў дзесяць разоў.

Пасля асвячэння крыжа ў белiцкай каплiцы адбылася iмша на беларускай мове – яна была прысвечаная змагарам за незалежнасць, якiя палеглi ва ўсiх войнах. Iнiцыятарам мерапрыемства выступiла Лiдская арганiзацыя Таварыства беларускай мовы.

Сяргей АСТРАЎЦОЎ, Радыё Свабода

Назад