На падрыхтоўку школ да новага навучальнага года пайшло 3,5 мiльярда беларускiх рублёў. Львiная доля гэтых грошай зароблена самiмi навучальнымi ўстановамi, ахвяравана бацькамi i спонсарамi. Маючы такiя грошы, удалося адрамантаваць 100 школьных дахаў, капiтальна адрамантаваць 44 будынкi. Здадзена ў эксплуатацыю другая чарга сярэдняй школы ў пасёлку Паўднёвы, пабудаваны першы блок школы ў Смаргонi i прыбудова да школы ў вёсцы Капцёўка Гродзенскага раёна.
У той жа час давялося зачынiць 40 школ. У тым лiку 28 пачатковых, у кожнай з якiх займалася менш чым па 10 дзяцей. Цяпер дзетак з вёсак, у якiх закрылiся школы, возяць на заняткi ў суседнiя, больш перспектыўныя паселiшчы. Дзеля гэтага на зэканомленыя бюджэтныя грошы набылi для вобласцi 21 аўтобус «ПАЗ» i 10 мiкрааўтобусаў «Газэль». Тэхнiка ўзята на баланс школ, а тэхнiчнае абслугоўванне i забеспячэнне аўтобусаў палiвам узялi на сябе мясцовыя гаспадаркi.
Першакласнiкаў стала менш
Калi ў навучальным годзе 1997-1998 у падрыхтоўчыя класы прыйшло 18,5 тысяч дзяцей, то сёлета толькi 11 тысяч. I падобная сiтуацыя захаваецца як мiнiмум да 2007 года. Скарочаны будзе з наступнага года i прыём на педагагiчныя спецыяльнасцi ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Яшчэ адна тэндэнцыя. Паступова змяншаецца колькасць дзяцей, якiя вучацца ў беларускiх класах. Цяпер такiя класы складаюць у школах вобласцi толькi 43 працэнты. Беларуская мова захоўвае свае пазiцыi на вёсцы, а ў гарадах дамiнуе руская мова. Становiшча трэба выпраўляць: ёсць неабходнасць адкрыць ў абласным цэнтры беларускамоўны лiцэй цi каледж, дзе моладзь атрымлiвала б элiтную адукацыю на роднай мове.
Дарэчы, у вобласцi ёсць дзве школы с польскай мовай навучання, – у Гродне i Ваўкавыску. Столькi ж школ i з лiтоўскай мовай навучання. Яны працуюць у Воранаўскiм i Астравецкiм раёнах.
З новага навучальнага года да працы павiнны былi прыступiць па размеркаваннi 873 маладыя спецыялiсты. 193 з iх ў школах не зьявiлiся. Горш за ўсё даязджаюць да месцаў працы выпускнiкi Беларускага лiнгвiстычнага ўнiверсiтэта. Таму ў нашай вобласцi адчувальны дэфiцыт выкладчыкаў замежных моў. Зрэшты, не хапае таксама выкладчыкаў матэматыкi i фiзiкi, майстроў вытворчага навучання.
Бальныя танцы за асобную плату
Школы i прафтэхвучылiшчы цяпер самастойна зарабляюць грошы. Акрамя вытворчасцi, развiваецца так званы рынак адукацыйных паслуг. За асобную плату ў школах можа прапаноўвацца вывучэнне другой замежнай мовы, альбо гурток бальных танцаў. З пачатку гэтага года пазабюджэтныя паступленнi склалi салiдную суму, – 2 мiльярды 11 мiльёнаў рублёў. Гэта i сродкi фундатараў, i дапамога бацькоў вучняў, i грошы, заробленыя самiмi навучальнымi ўстановамi.
Iстотныя змены адбылiся ў арганiзацыi харчавання дзяцей у школах. Цяпер вучнi 5-11 класаў гарадскiх школ не атрымлiваюць дзяржаўнай датацыi на харчаванне. Такую магчымасць маюць толькi сельскiя школьнiкi. Навучэнцаў прафесiйна-тэхнiчных вучылiшчаў перавялi на аднаразавае харчаванне.
Права на медаль
Шмат пытанняў выклiкае новая дзесяцiбальная сiстэма ацэнак. У нашай вобласцi ў мiнулым навучальным годзе па-новаму ацэньвалi веды вучняў у 22-х школах. Эксперымент паказаў, што пакуль складана асвойваюць навацыi як настаўнiкi, так i вучнi. Ад настаўнiкаў цяпер патрабуюць энцыклапедычных ведаў i новых вышынь у авалодваннi методыкай выкладання. Таму педагогам патрэбны новыя падручнiкi i метадычныя дапаможнiкi. А для вучняў(дзеля каго, уласна кажучы, абвешчана гэтая рэформа) навацыi таксама ствараюць нямала цяжкасцяў. Вось, хаця б тая ж самая праблема выдатнiкаў. Раней усё было ясна i зразумела: атрымаў пяцёрку – значыць, выдатнiк, i можаш разлiчваць на медаль. Цяпер жа ўведзена дзесяцiбальная сiстэма ацэнак i, каб атрымаць тую ж дзесятку, трэба праявiць нямаведама якiя таленты. А на медаль можна будзе разлiчваць, толькi маючы ацэнкi не нiжэй 9-10 балаў...
Новая якасць ПТВ
У сiстэме прафтэхадукацыi Гродзеншчыны прыём навучэнцаў сёлета зменшаны на 700 чалавек. Тлумачэнне гэтаму простае: няма бюджэтнага фiнансавання. У савецкiя ж часы матэрыяльна-тэхнiчная i вучэбная база дазваляла прымаць у ПТВ удвая больш хлопцаў ды дзяўчат, чым зараз.
Затое цяпер многiя ПТВ сталi прэстыжнымi, з высокiм узроўнем навучання i конкурсам, як у ВНУ. Пры гэтым прафтэхвучылiшчы заўсёды ўмелi зарабляць грошы, займалiся вытворчасцю. У гэтым годзе толькi аднаго збожжа абласныя ПТВ вырасцiлi i сабралi 4 тысячы 120 тон.
А ўвогуле, як ПТВ, так i школа вырашаюць не толькi адукацыйную мiсiю. У iх яшчэ адна задача: забраць падлеткаў з вулiцы. Вольнымi ад школьных заняткаў цяпер, акрамя нядзелi, становяцца i суботы. У выхадныя днi нашыя школы будуць арганiзоўваць для сваiх выхаванцаў разнастайныя культурныя i спартыўныя iмпрэзы. А дзеля гэтага Мiнiстэрства адукацыi, якое цяпер адказвае i за маладзёжную палiтыку, распрацоўвае адпаведную праграму. Зрэшты, пры гэтым у Мiнiстэрстве разлiчваюць на тое, што бацькi таксама не застануцца ўбаку ад выхавання сваiх дзяцей.
Мiхаiл ВасIлевIч