Будуем масты ўзаемнасці
У Гродне прайшла ўжо 10-я па лiку традыцыйная канферэнцыя «Шлях да узаемнасцi». Яе арганiзатарамi на працягу ўсiх гадоў выступаюць Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы i Саюз палякаў Беларусi. Гэтым разам да арганiзацыi далучылiся Камiтэт па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў пры Савеце мiнiстраў РБ, а таксама Гродзенскi абласны выканаўчы камiтэт.
Адметнасцю канферэнцыi стала тое, што ў ёй узялi удзел аж 85 навукоўцаў з Польшчы, Беларусi i Лiтвы. А таксама прадстаўнiкi консульстваў Беларусi ў Беластоку i Польшчы ў Гродне, прадстаўнiкi ўлады Гродзенскай вобласцi i Падляшскага ваяводства. Падчас пленаранага паседжання выступiлi старшыня БГКТ Янка Сычэўскi i Саюза палякаў Беларусi Тадэвуш Кручкоўскi. Сычэўскi распавядаў пра гiсторыю мiнулых канферэнцый, зазначыў пра iх неацанiмы ўклад у развiццё стасункаў памiж беларускай меншасцю ў Польшчы i польскай у Беларусi.
Тадэвуш Кручкоўскi прысвяцiў свой даклад праблемам польскай меншасцi ў Беларусi. У прыватнасцi ён зазначыў, што ў Канстытуцыi Беларусi дэкларуюцца правы для нацыянальных меншасцяў, але на справе яны не выконваюцца. Ён заявiў: афiцыйна лiчыцца, што палякаў у Беларусi 400 тысяч, але «мы ведаем, што нас болей».
Напярэдаднi канферэнцыi на галоўнай управе Саюзу палякаў узнiмалася пытанне аб недаверы спадару Кручкоўскаму. Аднак ён не дапусцiў, каб адбылося галасаванне. Наогул, астатнiм часам у СПБ адбываюцца нейкiя дзiўныя рэчы. Аб гэтым сведчыць i нядаўняя публiкацыя ў адной з самых буйных польскiх газет «Rzeczpospolita», у якой спадар Кручкоўскi абвiнавачваецца ў хабарнiцтве.
Што датычыць навукоўцаў, якiя з’ехалiся на канферэнцыю, то яны зазначылi цiкавую асаблiвасць: гiсторыкаў разбiлi на две секцыi, прычым, не храналагiчна i такiм чынам, каб яны не маглi сумесна дыскутаваць па самых вострых пытаннях. Удзельнiчаць у канфэрэнцыi адмовiўся гродзенскi гiсторык Алесь Смалянчук – спецыялiст па беларуска-польскiх дачыненнях. Летась ён выступiў з дакладам у Беластоку, але пераканаўся, што мерапрыемства iгнаруе Беларускi саюз у Польшчы i аўтарытэтныя гiсторыкi. Iгнаруюць, бо яго арганiзатар, Беларускае грамадзска-культурнае таварыства, падтрымлiвае рэжым Лукашэнкi.
У пятнiцу паседжанне канферэнцыi адбывалася ў Навагрудку i Мiрскiм замку.
Адным з самых цiкавых момантаў у праграме «Шляху да ўзаемнасцi» быў канцэрт. У iм бралi ўдзел беларускiя калектывы з Польшчы ды польскiя – з Беларусi. Гурт «Прымакi» з мястэчка Гарадок, што на Беласточчыне, не мае сёння канкурэнтаў. Беларуская песня ў выкананнi гэтых артыстаў захапiла i зачаравала. Выдатна выступiлi i iншыя калектывы, – «Цаглiнка» са Старога Ляўкова, «Хлопцы-рыбалоўцы» з вёскi Рыбалы, танцавальны ансамбль «Ютшэнка» з Ваўкавыска, фальклорны калектыў з вёскi Таневiчы Шчучынскага раёна, юная спявачка Эвелiна Карчэўская з Беластоку. Усе яны вартыя сцэны сталiчнай, не тое што абласной... Асаблiвае ўражанне пакiнула фiнальная частка канцэрта, калi i прадстаўнiкi Гродзеншчыны, i госцi з Беласточчыны спявалi разам. Спявалi беларускiя i польскiя песнi, у якiх такiя цёплыя словы пра любоў да радзiмы, пра дружбу i паразумененне памiж людзьмi.
Дарэчы, наступная сустрэча самадзейных артыстаў Беларусi i Польшчы пройдзе ў будучым годзе, – ў Беластоку.
М.МIКАЛАЙЧЫК, Р.ПАЎЛАЎ
|