Навагрудак-Карэлiчы
Не ад хвароб збаўленне, а ад грошай
Пра даверлiвасць вясковых людзей пiшуць i гавораць нямала. А яны, бедалагi, i надалей гатовыя верыць кожнаму сутрэчнаму-папярэчнаму.
I калi ў хаты шэрагу навагрудскiх i карэлiцкiх вёсак заходзiлi добра апранутыя мужчыны, прадстаўлялiся ўрачамi i са спачуваннем гаварылi са старымi аб здароўi i цяжкай долi – перад iмi людзi гатовы былi адкрыць душы. Тым больш, калi даведвалiся ад нечаканых збавiцеляў пра цудадзейны электравiбрамасажор. Маўляў, ён выратоўвае чалавека ад усiх хваробаў. Прадаецца па спiсах толькi iнвалiдам i пенсiянерам. Вядома, па льготных цэнах: большую частку грошай аплачвае дзяржава. Таму тыя масажоры i прадаюцца ўсяго за 75 тысяч рублёў замест 245 тысяч.
Ну як тут адмовiцца ад выратавальнай штукенцыi?
I сяляне, аддаючы апошнiя грошы, куплялi прапануемы тавар. А неўзабаве стала вядома, што прадавалi хвалёныя трэнажоры нiякiя не дактары, а «чуллiвыя» прайдзiсветы. Iмi аказалася не святая, а злачынная троiца: Т.Бандзюш, Я.Грышын i А.Бекiш. Закупiлi яны ў Мiнску на рынку тыя масажоры па 3000 рублёў за штуку i рушылi ашукваць сялян. Ад iх продажу «камерсанты» атрымалi 1 мiльён 379 тысяч рублёў прыбытку. Вось такi бiзнес.
Т.Бандзюш пакарана судом, а яе калегаў па цэху шукае мiлiцыя.
С.ВАЛОШКА
|