Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 248 от 07.11.2002  

Герой з Аўгустоўкі

Ёсць людзi, якiя былi сведкамi шматлiкiх гiстарычных падзей i нават прымалi ў iх удзел. Часта яны жылi сярод нас, але час мiнае, падзеi трапляюць у падручнiкi гiсторыi, а людзей... забываюць. Гэта няправiльна i крыўдна. Вось аб такiм чалавеку з унiкальным жыццёвым лёсам мы i збiраемся вам распавядаць.

Сёння на вулiцы Рэпiна кожны можа пабачыць безлiч разоў перабудаваны дзiцячы пакой мясцовага ЖЭСу ды старую, нядаўна адноўленую каплiцу – рэшткi маёнтка Аўгустоўка.

У царскiя часы маёнтак належыў да старажытнага iрландска-нармандскага роду О’Брыен дэ Лясы.

У 1885 годзе ў мясцовага панiча Аляксандра i сваячкi з Радавiчоў Габрыэлi-Ганэфы 18 красавiка нарадзiлася чарговае дзiця – сын Цярэнцiй. Разам з пяццю братамi ды сёстрамi рос хлопчык прыгожым, цiкаўным i дапытлiвым. Асаблiва яго маладую натуру займала вайскавая справа i вабiў ваенна-марскi флот.

У хуткiм часе хлопец паехаў у Санкт-Пецярбург, дзе паступiў у марскi кадэцкi корпус. Скончыў яго ў 1903 годзе i патрапiў служыць у званнi мiчмана на iмператарскую яхту «Aлександрия», якая толькi будавалася.

У 1904 годзе пачалася руска-японская вайна. Цярэнцiй, ахоплены рамантыкай вайны i падарожжаў, у 19 гадоў пайшоў служыць на мiнаносец «Бедовый» 2-й Цiхаакiянскай эскадры. На караблi ён заняў пасаду вахценнага начальнiка – трэцяга чалавека на мiнаносцы.

14 мая 1905 года аднатыпны мiнаносец «Бедовый» ратаваў штаб начале з Ражэственскiм з пылаючага браняносца «Суворов». Праз дзевяць гадзiн малая групка мiнаносцаў з крэйсерам «Дмитрий Донс-кой» накiроўвалася прэч ад нешчаслiвага месца разгрому ва Уладзiвасток. У наступны дзень 15 мая штаб быў пераданы з пашкоджанага «Buynuy» на карабель Цярэнцiя. Паступова некаторыя адсталi, цяпер ужо толькi два караблi iшлi ва Уладзiвасток. Аднак, праз некаторы час яны былi заспетыя двумя японскiмi мiнаносцамi. Пасля кароткай пагонi «Грозный» адарваўся ад «японца» i паспяхова прыбыў у порт. А вось «Бедовый» пад нацiскам членаў штабу здаўся ў палон. Але на караблi не аказалася белага сцягу, i тады менавiта наш зямляк прапанаваў падняць на мачце абрус з афiцэрскага стала ў кают-кампанii. Iдэя спадабалася. Так i зрабiлi. Цяжка сказаць, аб чым думаў у гэты час Цярэнцiй...

З iншымi афiцэрамi ён апынуўся ў лагеры для ваеннапалонных у Кiота. Умовы там былi цяжкiя, але 5 верасня 1905 С. Ю. Вiттэ падпiсаў мiрнае пагадненне з Японiяй, i ўсе палонныя атрымалi магчымасць вярнуцца на радзiму.

У канцы таго ж года наш герой накiраваўся ў Пецярбург, дзе пачаўся судовы працэс аб здачы мiнаносца «Byadovyu», на якiм Цярэнцiй Аляксандравiч выступiў у якасцi сведкi ды абвiнавачваемага. Яго апраўдалi. Праслужыўшы яшчэ трохi, у 1907 годзе атрымаў павышэнне – званне лейтэнанта.

У хуткiм часе сям’ю О’Брыен дэ Лясы напаткала няшчасце – памёр бацька Аляксандр. З гэтай прычыны Цярэнцiй, як старэйшы сын, павiнен быў кiнуць службу, каб займацца гаспадаркай. Яго залiчылi ў запас флоту па Гродзенскаму павету.

Тут Цярэнцiй ажанiўся з сваячкай Аленай. Займаўся ў асноўным сельскай гаспадаркай, у чым дасягнуў некаторых поспехаў, з’яўляўся членам Гродзенскага сельскагаспадарчага таварыства, стаў значнай асобай у грамадска-палiтычным жыццi Гароднi. Быў адным з фундатараў усталявання помнiка П. А. Сталыпiну.

Пачалася Першая Сусветная вайна. Згодна з усеагульнай мабiлiзацыяй 3 жнiўня 1914 ён быў прызваны на службу. Разам з былымi адстаўнiкамi-афiцэрамi накiраваны ў Конна-падрыўны атрад Балтыйскага флота пры Каўказскай туземнай коннай дывiзii ( «Дзiкай дывiзii»). Слава аб вайсковых подзвiгах дывiзii ў баях з турэцкай армiяй грымела тады па ўсёй Расii. З красавiка 1915 года Цярэнцiй стаў выконваць абавязки адз’ютанта свайго атраду. За баявыя заслугi яго ўзнагародзiлi ордэнам Святой Анны 3 ступенi з мячамi i бантам, прысвоiлi чарговае званне капiтана 2 ранга. 1 жнiўня 1917 ён перайшоў на службу ў вайсковае ведамства.

Пасля рэвалюцыi Цярэнцiй вымушаны быў вярнуцца дадому, у Аўгустоўку – на акупаваную тэрыторыю. У 1920 годзе пачалася чарговая ў ягоным жыццi – Савецка-польская вайна, наступалi бальшавiкi – усе мясцовыя памешчыкi злучалiся ў атрады дзеля барацьбы з «рэвалюцыйнай заразай». Пасля вайны Цярэнцiй Аляксандравiч згодна свайму чыну палкоўнiка камандаваў двума ўланскiмi палкамi польскага войска. Хутка жонка Алена падаравала дачку, якую назвалi таксама Аленай.

Пры дзяржаўным перавароце ў Польшчы ў 1926, калi да ўлады прыйшоў маршал Пiлсуцкi, Цярэнцiй не пагадзiўся з яго палiтыкай i нават выступiў супраць яго, за што быў звольнены са службы. I зноў ён вярнуўся ў Аўгустоўку займацца сельскай гаспадаркай. Памёр тут ад язвы страўнiка 9 лiстапада 1932 года, на тры гады раней за мацi. Роўна 70 гадоў таму. Пахаваны ў фамiльным склепе – той самай каплiцы, якая сёння радуе рэпiнцаў сваiмi гучнымi званамi. Маленнi па iм адбывалiся i па каталiцкаму, i па праваслаўнаму, i па iўдзейскаму абрадах. Падчас апошняй вайны ўсе тыя магiлы былi разбураны, так што праху не захавалася. Нi аб якiм увекавечаннi памяцi земляка гаворка дагэтуль не iдзе.

Яго лёс можа служыць прыкладам чалавечай мужнасцi дзеля ўсiх, хто прагне дабiцца чагосцi ў жыццi. Няма больш на Гродзеншчыне нiводнага прадстаўнiка славутага некалi роду. Дачка Цярэнцiя сёння жыве ў Аргенцiне.

Сцяпан СТУРЭЙКА

Назад