Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 248 от 07.11.2002  

М.Ткачоў жыве сярод нас

У мiнулы чацьвер споўнiлася 10 год з дня смерцi вядомага беларускага гiсторыка, грамадскага дзеяча i выдатнага чалавека – Мiхася Ткачова. З гэтае нагоды ў гродзенскiм гарадскiм Доме культуры на паседжаннi клуба «Паходня» адбылася ўрачыстая вечарына ягонай памяцi.

Зала ў ГДК была запоўненая, нягледзячы на тое, што «Паходня» апошнiм часам практычна не збiраецца. Арганiзатарамi гэтай вечарыны выступiлi былыя вучнi прафесара М.Ткачова. Яны якраз найбольш распавядалi аб iм, як аб выкладчыку, грамадскiм дзеячы i чалавеку. Г.Семянчук, выкладчык гiсторыi ўнiверсiтэта iмя Я.Купалы прадставiў кнiгу, прысвечаную М.Ткачову, якая была выпушчана спецыяльна да гэтай даты. Як зазначыў Г.Семянчук, кнiга павiнна стаць своеасаблiвым «помнiкам» выдатнаму навукоўцу. Кнiга мае назву на лацiнскай мове – «Castrum, urbis et bellum», што ў перакладзе азначае – Замак, горад, вайна. Гэта якраз тая тэматыка, якой займаўся М.Ткачоў. У кнiзе змешчаны артыкулы вядомых i маладых беларускiх, лiтоўскiх, латышскiх i польскiх даследчыкаў, археолагаў, гiсторыкаў, мастацтвазнаўцаў. Упершыню друкуецца i артыкул М.Ткачова, прысвечаны сярэднявечнай гiсторыi Чачэрска.

З 1978 года прафесар Ткачоў жыў i выкладаў у нашым горадзе. Ён з асаблiвай любоўю ставiўся да Гродна i называў яго «сапраўдным музеем пад адкрытым небам». У канцы 80-х ён быў адным з заснавальнiкаў i прэзiдэнтам гiсторыка-культурнага клуба «Паходня», якi стаў пачаткам дэмакратычнага руху на Гродзеншчыне. У 1989 годзе М.Ткачоў вымушаны быў пакiнуць наш горад i пераехаць у Мiнск. Працуючы ў рэдакцыi выдавецтва Беларуская Энцыклапедыя (спачатку кiраўнiком гiстарычнай рэдакцыi, а пазней – галоўным рэдактарам), менавiта ён быў iнiцыятарам стварэння фундаментальнай энцыклапедыi «Археалогiя i нумезматыка Беларусi», а таксама шасцiтомнага выдання энцыклапедыi «Гiсторыя Беларусi». Аб усiм гэтым узгадвалi тыя людзi, хто яго ведаў, хто побач жыў, працаваў i вучыўся ў яго. Гаварылi яшчэ шмат цёплых слоў аб iм, як аб выкладчыку, бацьку, як аб добрым сапраўдным чалавеку.

М.КАРНЕВIЧ

Назад