Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 248 от 07.11.2002  

В.Шалкевіч: «У нас іншае, цікавае творчае жыццё»

Вядомы беларускi бард з Гродна Вiктар Шалкевiч адзначаны мiжнароднай узнагародай аўстралiйскага фонду падтрымкi незалежнай польскай культуры «Polcul». Як гаворыцца ў афiцыйнай паперы, якую атрымаў Вiктар, узнагарода прызначана за ўзмацненне польска-беларускага сяброўства. Узнагароду Вiктар Шалкевiч атрымае напрыканцы месяца ў Варшаве.

З гэтай нагоды з iм гутарыць карэспандэнт «БИ».

– Вiктар, «БИ» шчыра радуецца за цябе, вiншуе з узнагародай. Спадзяёмся, што i нашы чытачы далучаюцца да вiншаванняў. А цяпер раскажы, калi ласка, як табе гэта ўдалося.

– Шчыра кажучы – не ведаю. Я i аб фондзе гэтым практычна нiколi не чуў. Папросту, як зазвычай, штогод туды дасылаюцца рэкамендацыi на людзей, якiх можна ўзнагародзiць за падобныя дасягненнi, а там самi выбiраюць каго i за што адзначаць. Я толькi атрымаў афiцыйны лiст з фундацыi, у якiм мне i было паведамлена аб узнагародзе.

У мiнулым годзе ў мяне было шмат канцэртаў у Польшчы. I потым, кожны з гэтых канцэртаў, спадзяюся, нейкiм чынам змяняе ў вачах польскага гледача i слухача погляды на Беларусь. Як бы не было дзiўна, але сучасны паляк вельмi мала ведае пра нашу краiну. Вось вам свежы прыклад. Еду ў таксоўцы па Варшаве, як звычайна размаўляю з кiроўцам, ён уражаны тым, што я добра гавару па-польску. Ён таксама ў адказ хоча зрабiць мне нешта прыемнае i пытаецца: – «А сталiца вашай дзяржавы – Брэст?». Вось я i стараюся рабiць так, каб такiх пытанняў беларусам у Польшчы не задавалi.

– А хто з вядомых людзей раней атрымлiваў узнагароды ад гэтага фонда?

– Напрыклад, такiя вядомыя пiсьменнiкi, як Ежы Анджэеўскi, Яцэк Бахрыцкi, мая любiмая акторка Мая Камароўская, Ганна Скаржанка.

– Вiктар, я ведаю, што ты выдатна ведаеш не толькi беларускую культуру, але i польскую. Разумею, што трацiў на яе пазнанне i захапленне шмат часу, высiлкаў. Ты выдатна валодаеш польскай мовай, зусiм не так, як гавораць людзi на Гродзеншчыне побач з касцёлам. Я быў на тваiх канцэртах i бачыў, як палякi рэагуюць на тваю творчасць. Што ты адчуў, можа зразумеў, калi атрымаў гэтую паперу з фонда?

– Мне было вельмi прыемна. За 22 гады працы ў сваёй краiне я нiколi афiцыйна нiчога падобнага не атрымлiваў. Я зразумеў, калi мяне адзначылi людзi далёка за мяжой, гэта значыць, што мая праца вартая. Гэта здорава.

– Польская i беларуская культуры ў гiсторыi заўсёды iшлi побач, яны былi блiзкiмi, зразумелымi адна адной i нават дапаўнялi адна другую. На твой погляд, апошнiм часам, як выглядае iх блiзкасць цяпер? Як мне здаецца, людзi, лёсы нашых краiн, на жаль, аддаляюцца?

– Сапраўды, мы ўжо даўно жывём у розных дзяржавах, хоць i з агульнай мяжой. У нас засталiся сэнтыменты, але гэта, як ты заўважыў, хутчэй гiстарычная i генетычная цiкаўнасць. У гiсторыi гэта было. Нягледзячы нават на тое, што афiцыйная гiсторыя заўсёды трактавала палякаў як прыгнятальнiкаў. Але памяць людская – рэч мацнейшая. Нашы культуры перапляталiся, жылi, развiвалiся. Хто можа падзялiць сёння Мiцкевiча, цi мог зрабiць гэта раней? А гэта якраз i ёсць сапраўдная культура, выкрышталiзаваная на агульным нашым мiнулым.

На сваiх канцэртах у Польшчы я заўсёды заўважаю, як цiкава палякам наша культура, яны быццам нечага дадаюць сабе, нешта страчанае i забытае. Але мушу канстатаваць, што яны сапраўды вельмi мала ведаюць пра Беларусь.

– I ўсё ж, Вiктар, калi таксiст называе сталiцай Беларусi – Брэст, то гэта яшчэ аб нечым сведчыць...

– Заўваж, на якiм узроўнi адбываюцца культурныя кантакты памiж Беларуссю i Польшчай. Гэта звычайная штучнасць, ды i адбываецца гэта толькi зрэдку. Сучасная беларуская культура практычна не прэзентуецца. Я, дарэчы, у такiм выпадку заўсёды пытаюся – а цi ёсць нам сёння што прэзентаваць?

– Польская культура таксама сцiпла прэзентуецца, i толькi, як правiла, на ўзроўнi iнтэлектуалаў. Якой табе бачыцца перспектыва адносiн гэтых двух культур?

– Канешне, польская культура прэзентуецца больш. Апошнi прыклад: цудоўны фестываль «Польская восень». Але, сапраўды, гэта больш на ўзроўнi iнтэлектуалаў. Мне, наогул, бачыцца перспектыва больш нефармальнага зблiжэння гэтых двух культур. Дзяржава, чыноўнiкi, палiтыка – гэта адно. Але ёсць яшчэ i людзi, якiя падтрымлiваюць памiж сабой стасункi, якiя, пазнаёмiўшыся i пасябраваўшы, зразумелi, што хочуць быць сябрамi назаўсёды. I гэтага нiхто не здольны адабраць у iх.

– Я таксама ўпэўнены, што, нягледзячы нi на якiх палiтыкаў, нашы культуры здолеюць нейкiм чынам не забыцца адна на адну. А мне хочацца вярнуцца да тваёй творчасцi. Раскажы аб сваiх навiнках, знаходках, увогуле, як жывецца i працуецца?

– Пiшу песнi, выступаю з канцэртамi, хутка выйдуць мае кампакты. Адным словам – працую.

– I ўсё ж падрабязней.

– Былi цудоўныя канцэрты ў Варшаве, Гданьску, Празе. Выйшаў кампакт з раннiмi песнямi, якi называецца «Добрай ранiцы». Спадзяюся, што хутка будзе прэзентацыя, i ваша газета ўсiм аб гэтым паведамiць. Хутка, спадзяюся напрыканцы года, выйдзе альбом, якi будзе называцца «За сто крокаў ад Вострай брамы, альбо Геаграфiя Вялiкага княства Лiтоўскага i ваколiцаў». У наступным годзе павiнна пабачыць свет опера, якая будзе называцца «Галiлейская гiсторыя». Усё гэта з’явiцца на кампактах.

– Цiкава, што гэта за опера? Калi можна, хоць некалькi словаў...

– Гэта опера пра тое, як у адным малым Галiлейскiм калгасе нарадзiўся збаўца свету. Магу сказаць, што гэта плануецца прымеркаваць да калядаў.

– Значыцца, песнi пiшуцца?

– Пiшуцца, пiшуцца.

– Ад песень ты, вiдаць, яшчэ не стамiўся. А ад жыцця?

– Як табе сказаць.., няма калi.

– Так шмат хочацца зрабiць?

– У мяне ёсць i новы праэкт. Разам з рэжысёрам Кшыштафам Ковнасам i прафесарам Сарбонны Людвiгам Стомам мы запланавалi зрабiць серыю фiльмаў, якая будзе называцца «Гiсторыя з забытай Еўропы». Гэта будуць фiльмы, якiя распавядуць аб жыццi звычайных людзей у Беларусi, Украiне i Расii. Мы рыхтуемся да гэтага i спадзяёмся, што будзе цiкава. Рэалiзоўвацца яны будуць на студыi «AXFILM» у Варшаве.

– Вiця, а табе не здаецца, што ў Гродне апошнiм часам, нават у культурным сэнсе, стала неяк нецiкава жыць. Як быццам нешта знiкла з нашага горада?

– Мне, наогул, здаецца, што нешта знiкла з усёй Беларусi. Урад жыве сваiм жыццём, тэлебачанне – сваiм, радыё – таксама сваiм. А людзi – у iх таксама сваё жыццё. I нiдзе нiчога агульнага. Я даўно заўважыў, калi збiраемся з калегамi ў Варшаве, дык размовы аб нечым цiкавым, творчым. А у нас людзi сядуць i пачынаюць спрачацца, якая гарэлка лепшая – мiнская цi брэсцкая. Я кажу аб iнтэлектуальных людзях. Нешта не так у нашым жыццi. Гэта ўжо вiдавочна.

– Тым не менш, я заўважыў адну цiкавую рэч. Нягледзячы на тое, што творчае жыццё цiкавей за мяжой, але песнi ты пiшаш чамусьцi, чэрпаючы матэрыял з Бацькаўшчыны. Магчыма, гэта не так?

– Дзiўная рэч, але колькi цудоўных людзей выйшлi з нашай зямлi, раз’ехалiся па свету i дасягнулi вядомасцi абавязкова за мяжой. Чаму так? Чаму немагчыма гэтага дасягнуць у нас? А што будзе далей.

А што тычыцца таго, што чэрпаеш з Бацькаўшчыны. Магчыма, гэта i так. Але, як мне здаецца, калi чалавек таленавiты, то ён у нейкiм сэнсе незалежны нi ад якай краiны. Проста нашай краiне чамусцi не патрэбныя таленавiтыя людзi.

– Сумна, канешне. I апошняе пытанне. У нашай дзiўнай краiне ў чацвер свята – Дзень кастрычнiцкай рэвалюцыi. Гэта нават больш, чым дзiўна. Тым не менш, як ты з iм сустрэнешся?

– Ды нiяк. Гэта абсалютна не свята. i я быў вельмi рады, калi яго адмянiлi. Ведаеш, я ўзгадваю, як мацi мне некалi распавядала пра канец 1939 года, калi Саветы прыйшлi да нас першы раз i пачалi вывозiць усiх падрад пад маркай палякаў, багатых... Iх з сем’ямi вывозiлi з нажытых хатаў недзе ў Сiбiр... Якое гэта свята?

А ў чым сэнс стаяння Ленiна на ўсiх плошчах нашых гарадоў? Ужо даўно паказана i даказана – кiм быў гэты самы Ленiн... Але калi людзi так хочуць, то хай жывуць. А ў нас iншае, цiкавае i творчае жыццё.

– Што ж, жадаю поспехаў.

– Дзякуй!

Гутарыў Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Фото IREX/ProMedia

Назад