Расчаравала лідчанак пані міністр
Сумны розгалас у грамадскасцi Лiды, асаблiва ў жанчын, выклiкаў нядаўнi вiзiт мiнiстра аховы здароўя Людмiлы Пастаялка. Цудоўная палова гараджан, кiраўнiкi тэрытарыяльнага медаб’яднання спадзявалiся, што высокая госця дапаможа зрушыць з месца мясцовы доўгабуд – акушэрскi корпус. Дарэчы, гэты аб’ект уключаны згодна з прэзiдэнцкiм указам №51 ад 11.02.2000 г. у Дзяржаўную праграму ўмацавання матэрыяльна-тэхнiчнай базы ўстаноў аховы здароўя.
Спадарыня мiнiстр пабывала на доўгабудзе, але ўвагу чамусцi яе прыцягнула iншае аддзяленне цэнтральнай раённай бальнiцы – радзiльнае. Яно, хоць i невялiкае i не адпавядае сучасным патрабаванням, аднак адрамантаванае i дагледжанае. Што датычыць доўгабуда, то мiнiстр прапанавала прадаць недабудаваны акушэрскi корпус, каб пазбыцца праблемаў. Аднак з такой пазiцыяй, як заявiў на сустрэчы з журналiстамi старшыня гарвыканкама М.Чарнышоў, не пагадзiлiся мясцовыя ўлады i старшыня аблвыканкама У.Саўчанка.
Тым не менш, як паведамiў днямi афiцыйны друк, мiнiстэрства аховы здароўя ўключыла недабудаваны лiдскi аб’ект у спiс выключаных з далейшага будаўнiцтва па прычыне нястачы грошай у мiнiстэрства.
А.ЖАЛКОЎСКI
|