Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 249 от 14.11.2002  

Культура

Залатая пара на мастацкай кухні

Мiкалай Трафiмавiч Бандарчук нарадзiўся ў вёсцы Сярэднiя Печы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласцi. У 1964 г. паступiў у рэспублiканскую школу-iнтэрнат па музыцы i выяўленчаму мастацтву. З 1971 – студэнт аддзялення манументальна-дэкаратыўнага роспiсу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага iнстытута (зараз Акадэмiя мастацтваў). Вучыўся ў народных мастакоў Беларусi Б.Стэльмашонка i Г.Вашчанкi. Пасля заканчэння БДТМI Бандарчук атрымаў накiраванне ў гродзенскiя мастацка-вытворчыя майстэрнi, дзе працаваў 15 год (1976-1991). За гэты час распрацаваў i выканаў 30 вiтражоў на гродзенскiх будынках (абласная бальнiца, Дом тэхнiкi i г.д.).

Прафесар кафедры выяўленчага мастацтва ГрДУ (1991-1996). Аўтар беларускамоўнага падручнiка «Тэхналогiя, тэхнiка i майстэрства алейнага жывапiсу» (1996). Займаецца таксама станкавым жывапiсам. Удзельнiчаў у 6 мiжнародных, 4 замежных, 2 усесаюзных (у савецкiя часы), 9 рэспублiканскiх выставах i пяцi мiжнародных сiмпозiумах. Зараз працуе ў Гродзенскiм каледжы мастацтваў.

Першыя жывапiсныя творы прадставiў на рэспублiканскай моладзевай выставе ў Мiнску (1983), пасля якой Саюз мастакоў набыў працу «Аўтапартрэт». Праз год на рэспублiканскай выставе ў Мiнску поспех мела карцiна «Дот». Яе дэманстравалi ў Маскве, пасля – у Заходнiм Берлiне. Зараз «Дот» знаходзiцца ў калекцыi Нацыянальнага мастацкага музея.

На мiнулым тыднi ў выставачнай зале Саюза мастакоў адкрылася выстава, прысвечаная 50-годдзю М.Т. Бандарчука. Яна мае назву «Залатая пара» i складаецца ў асноўным з невялiкiх прац – эцюдаў, кампазiцыйных распрацовак. Усяго iх – каля 30. Плюс 10 палотнаў сярэдняга памеру. «Я хачу паказаць мастацкую кухню: пошукi колеру, пластыкi, вобразнасцi – карацей, творчы працэс», – гаворыць сам Бандарчук. Да ўвагi наведвальнiкаў прадстаўлены яскравыя экспрэсiўныя пейзажныя замалёўкi. У адкрыццi выставы ўдзельнiчалi дэпутат Палаты Прадстаўнiкоў В. Фралоў, прадстаўнiк аддзела культуры аблвыканкама сп. Давыдзiк, дырэктар Гродзенскага каледжа мастацтваў В.Сяргейчык, прадстаўнiк Гродзенскага праўлення Саюза мастакоў Ю. Якавенка.

М. Бандарчук плануе таксама правесцi карцiны (частку з iх ён пакуль рыхтуе да экспазiцыi) па гарадах Беларусi i закончыць юбiлейны год выставай у Сенатарскай зале Новага замка ў Гродне. «Зараз даволi цяжка наладзiць акцыю такога маштабу. На якаснае афармленне палотнаў – гэта для мяне вельмi важна – патрэбны вялiкiя грошы. Год 15 таму назад у маю майстэрню завiтала iтальянка. Яна набыла 4 працы. Я i не думаў, што нешта яе зацiкавiць. Здымаючы халсты з падрамнiкаў яна сказала: «Вы нават не ведаеце, як вашыя карцiны будуць глядзецца ў добрых рамах».

Дарэчы, замежныя мастакi прыхiльна ставяцца да карцiн Бандарчука. «Памятаю, на мiжнародным пленэры мы малявалi разам з iспанцамi. Яны зацiкавiлiся маiмi працамi, фатаграфавалi, прапаноўвалi абмяняць. Прычым, за мае маленькiя карцiны яны давалi свае вялiкiя. Я думаю, прычына ў тым, што сёння на Захадзе нямногiя мастакi працуюць ў такой рэалiстычнай манеры, як я. А мае беларускiя калегi ўсё больш пераймаюць заходнюю традыцыю i таму губляюць нацыяльны каларыт».

«Я нават прыдумаў назву для свайго мастацкага метада – асацрэалiзм. Гэта значыць, асацыятыўны рэалiзм. Я спрабую будаваць метафары на аснове ўбачанага». Спадара Бандарчука натхняюць палотны Эль-Грэка, Левiтана, Урубеля. Падабаецца «Прадчуванне грамадзянскай вайны» Сальвадора Далi. Творы Вашчанкi ён любiць за фiласафiчнасць, а карцiны Шчамялёва – за чыcцiню колеру.

Мiкалай Бандарчук любiць працаваць на прыродзе. Некаторыя з эскiзаў адразу перарастаюць у вялiкiя працы. Астатнiя чакаюць свайго завяршэння ў майстэрнi. «Яны павiнны дайсцi да гатоўнасцi, як цеста». Мастак аднолькава любiць восень i зiму. Восень захапляе буйствам фарбаў, зiма – чысцiнёй, якая дазваляе адпачыць ад вiбрацыi колераў. «Неяк на мiжнародным пленэры ў Мiнску нам выдалi незагрунтаваныя халсты. Кожны быў вымушаны сам падрыхтаваць для сябе аснову. Замежнiкi нават не ведалi, як гэта робiцца – цывiлiзацыя ёсць цывiлiзацыя. Памятаю, мяне настолькi ўразiла белата палатна, што я вырашыў толькi крануць яе фарбай, разарваючы малочную прастору. Тады, у жнiўнi, я намаляваў дзве зiмовыя карцiны. Адну з iх назваў «Клiч пушчы». Магутныя дрэвы чымсьцi нагадваюць зуброў – гэткiя горы, цёплыя, велiчныя, заснежаныя».

Iнга АСТРАЎЦОВА

Назад