Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

№ 249 от 14.11.2002  

Гісторыя

Невядомая крэпасць

Сёлета споўнiлася 90 гадоў з моманту зацвярджэння 4 жнiўня (17 па новаму стылю) 1912 г. расiйскiм царом Мiкалаем II канчатковага праекта будаўнiцтва доўгачасовых ўмацаванняў, якiя павiнны былi ператварыць Гродна ў першакласную крэпасць. Гродна мог напаткаць сумны лёс Брэста, дзе пры пабудове крэпасцi горад фактычна быў знiшчаны.

На жаль, будаўнiцтва крэпасцi застаецца невядомай старонкай гродзенскай гiсторыi, хаця ўмацаваннi былi пабудаваны i адыгралi сваю ролю ў мiнулым. Крэпасць не была аб’ектам даследаванняў прафесiйных гiсторыкаў i краязнаўцаў (за выключэннем падзей, звязаных з абаронай Гродна ў першую сусветную вайну). Гэтая недаследаванасць спрыяла з’яўленню ўсякага роду недакладнасцей i недарэчнасцей пры вывучэннi гiсторыi Гродзеншчыны.

У нашай свядомасцi крэпасць звычайна атаясамлiваецца перш за ўсё з сярэднявеччам, з рэшткамi замка князя Вiтаўта на нёманскiм беразе, вядомымi кожнаму гродзенцу з дзяцiнства. Аднак размова пойдзе аб iншым часе. У 1795 г., калi Гродна ўвайшоў у склад Расiйскай iмперыi, Старыя ўмацаваннi састарэлi, таму з’явiлася неабходнасць умацавання стратэгiчна важнага месца на захадзе iмперыi па сучаснаму спосабу. Гэта выклiкала з’яўленне шэрагу планаў па будаўнiцтву Гродзенскай крэпасцi ў канцы ХVIII – пач. XIX, 1807, 1831 гг. Але палiтычныя падзеi першай паловы ХIХ ст. i недахоп грашовых сродкаў пакiнуў усе гэтыя планы на паперы. Гэта выратавала наш старажытны горад, бо калi б планы пачалi рэалiзоўвацца, Гродна напаткаў бы сумны лёс Брэста, дзе пры пабудове крэпасцi горад фактычна быў знiшчаны. Так, напрыклад, адзiн з планаў прадугледжаваў размяшчэнне артылерыйскiх батарэй на месцы Новага i Старога замкаў, францiшканскi кляштар павiнен быў скласцi аснову перадмостнага ўмацавання тыпу «тэт дэ пон», на Гараднiцы планавалася пабудова чатырох плацiн з мэтай затаплення мясцовасцi пад час небяспекi. На пэўны час расiйскiя ўлады адмовiлiся ад iдэi стварэння фартыфiкацыйных умацаванняў у Гродне.

Думка аб узмацненнi горада зноў паўстала на нарадзе ў iмператара Аляксандра II у 1873 г. На ёй была прызнана важнасць умацавання абарончай лiнii на Нёмане, паколькi ўсё больш вiдавочным станавiўся верагодны працiўнiк – Германiя, з якой прыдзецца сутыкнуцца ў барацьбе за свае iнтарэсы.

У наступныя гады па распараджэннi Галоўнага штаба праводзiлiся палявыя працы: рэкагнасцiроўкi, здымкi, картаграфаванне. На падставе гэтага ваенным мiнiстрам Д.Мiлюцiным у 1879 г. быў складзены даклад аб умацаваннi Коўна, Гродна i Асаўца. Даклад быў зацверджаны iмператарам i паступiў загад прыступiць да выканання.

На падставе гэтага даклада распрацавалi план пабудовы ўмацаванай пазiцыi, якая складалася з пяцi фартоў на 64 гарматы i 10 рот пяхоты. Аднак тады гэты план не быў здзейснены.

Зноў да яго вярнулiся ў 1887 г. пасля зацвярджэння «Соображений о планах ведения войны», складзеных начальнiкам Галоўнага штаба М.Обручавым (1880 г.). Яго прапановы зводзiлiся да таго, каб стрымлiваць ворага на адным тэатры баявых дзеянняў i рыхтавацца да рашучага наступу на другiм. Праваму флангу, дзе знаходзiўся Гродна, адводзiлася задача стрымлiваць працiўнiка (германскiя войскi).

Аснову гродзенскай умацаванай пазiцыi складалi фарты. Форт – умацаванне абарончага тыпу з выкарыстаннем сiстэмы супрацьштурмавых парашкод i мае роў. Фарты размяшчалiся ў пунктах з добрым аглядам i прастрэлам мясцовасцi i выкарыстоўвалiся як вузлы абароны. Будаўнiцтва фартоў пачалося ў 1887 г. i на працягу двух гадоў яно было завершана. У 1889 г. было прызнана, што пяцi фартоў мала i прынята рашэнне аб будаўнiцтве яшчэ двух. Форт №1 размяшчаўся на правым беразе Нёмана ва ўрочышчы Пышкi, фарты № 2-5 складалi так званую паўднёвую пазiцыю i былi выцягнуты ўздоўж занёманскага фарштата. Фарты № 6-7 будавалiся ўжо ў 90-х гг. на правым беразе Нёмана каля вёсак Дзевятоўка i Грандзiчы. Кожны з фартоў быў разлiчаны на тры роты пяхоты i чатыры гарматы. Агульная працягласць пазiцыi складала 14 км.

Усе фарты былi ўзведзены з зямлi i дрэва з мiнiмальным выкарыстаннем бетону. Менавiта гэтыя ўмацаваннi адлюстравалiся ў гродзенскай тапанiмiцы. Рэшткi фарта №4 можна ўбачыць каля 4 гарадской клiнiчнай бальнiцы ва ўрочышчы «Форт», а аднайменны гарадскi раён атрымаў у спадчыну назву ад фартоў №1 у Пышках i №7 каля Грандзiч (сучаснае перакрыжаванне вулiц Багуцкага i Горкага). У цэлым гродзенскiя ўмацаваннi мелi характар перадмаставой пазiцыi часовага характару. Войскамi ўмацаваннi практычна не выкарыстоўвалiся, таму напачатку ХХ ст. фактычна былi закiнуты.

Стратэгiчнае значэнне Гродна ўзрасло пасля руска-японскай вайны ў сувязi з распрацоўкай новых мабiлiзацыйных планаў. Зменены план вайны патрабаваў сур’ёзнай карэкцiроўкi ўсёй крапасной сiстэмы Расii. З увядзеннем плана 1912 г. на лiнii разгортвання павiнны былi быць умацаваны Коўна, Брэст-Лiтоўск, Асавец, Гродна. Першыя тры крэпасцi мадэрнiзавалiся, апошнюю фактычна прыходзiлася будаваць па-новаму.

Як вынiкае з архiўных матэрыялаў, першыя праекты новых доўгачасовых абарончых збудаванняў каля Гродна былi зроблены ўжо ў 1909 г. Аднак асноўныя даследаваннi i работы па праекцiроўцы адбывалiся ў 1911 – 1912 гг.

Праект пабудовы гродзенскай крэпасцi быў зацверджаны Мiкалаем II 4 жнiўня 1912. Было запланавана пабудаваць 13 фартоў i каля 40 апорных пунктаў. Акрамя iх прадугледжвалася будаўнiцтва адкрытых батарэй для гармат буйнога калiбру, асобныя сховiшчы для пяхоты, парахавыя паграбы, аэрадром, плацiны, дарогi i шмат iншых дапаможных збудаванняў.

Будаўнiком Гродзенскай крэпасцi (так называлася пасада кiраўнiка ўсiх будаўнiчых прац) 1912 г. быў прызначаны Дзмiтры Паўлавiч Каласоўскi з адначасовым прысваеннем звання генерал-маёра. На будаўнiцтва крэпасцi былi выдзелены вялiзныя грошы: ў 1913 г.– 3 746 000 руб.; у 1914 г. – 5 000 000 руб. i 1915 г. – 7 000 000 руб. Трэба адзначыць, што выдзеленых грошай было недастаткова. Так, напрыклад, кошт будаўнiцтва толькi аднаго фарта № 4 каля в.Стрэльчыкi складаў 2 300 000 руб па цэнах 1913 г.

Для ўзвядзення фартэцыi было створана 14 будаўнiчых участкаў, кiраўнiкамi якiх былi ваенна-iнжынерныя афiцэры. Фарты мелi сучасную форму i былi ўмацаваны з напольнага боку магутнымi бетоннымi сценамi даўжынёй да 150 м. Зверху на сценах фартоў былi зроблены ячэйкi для стралкоў i так званыя барабеты для гармат, а ў тоўшчы сцен знаходзiлiся службовыя памяшканнi для гарнiзона. На ўчастках шырока прымянялася праца вольнанаёмных рабочых, цывiльных падрадчыкаў, мясцовых сялян. Усё гэта спрыяла даволi хуткаму будаўнiцтву фартоў i апорных пунктаў, але з пачаткам вайны нi адзiн з iх не быў завершаны – у распараджэннi будаўнiкоў былi няпоўныя два будаўнiчыя сезоны. Аднак нягледзечы на гэта, гарнiзоны фартоў гераiчна абаранялi свае пазiцыi летам 1915 г., калi фронт падыйшоў да Гродна. З адступленнем расiйскiх войскаў ад Гродна ўсе ўмацаваннi крэпасной пазiцыi было загадана ўзарваць, што было зроблена з рознай ступенню стараннасцi i паспяховасцi. Не паспелi знiшчыць фарты № 4 (каля в.Стрэльчакi) i № 12 (каля в.Чашчаўляны), паколькi яны былi раней захоплены германскiмi войскамi.

Нельга сказаць, што гэтымi падзеямi закончылася гiсторыя гродзенскай фартыфiкацыi Вядома, што ў 1916-17 гг. немцы зрабiлi спробу ўмацавання ўсходняй часткi фартовай пазiцыi, а ў 1919-20 гг. – палякi. Вядомы савецкi фартыфiкатар генерал Д.Карбышаў падчас iнспекцыi будаўнiцтва Гродзенскага ўмацаванага раёна ў 1941 г. загадаў уключыць рэшткi гродзенскай крэпасцi ў структуру УРа i падрыхтаваць абарончыя збудаваннi да баявых дзеянняў. З гродзенскiмi фартамi звязаны i трагiчныя падзеi Вялiкай Айчыннай вайны – знiшчэнне гiтлераўцамi мiрных жыхароў у фарце №2 i спроба ўтрымання плацдарма савецкiмi войскамi ў раёне фарта №1 на левым беразе Нёмана ў 1944 г.

Сёння большасць гродзенскiх умацаванняў захавалася, iх уключаюць у турыстычныя маршруты (у асноўным фарты №№1 i 2). Але можна сказаць, што ўсе яны «бязхозныя», паколькi не маюць статуса гiсторыка-культурнай спадчыны i паступова канчаткова разбураюцца. Неабходна адзначыць, што помнiкi ваенна-iнжынернага мастацтва выклiкаюць вялiкую цiкавасць у нашых суседзей палякаў, а таксама ў iншых краiнах Еўропы (асаблiва Чэхii, Германii, Францыi). Вывучэнне i выкарыстанне фартыфiкацыi ў турыстычных, навучальных, выхаваўчых мэтах перажывае там сапраўдны бум. Нават узнiк новы напрамак турыстычнай дзейнасцi – вайсковы турызм. Безумоўна, у рэканструкцыю фартыфiкацый (а ў нашым выпадку – навядзенне элементарнага парядку) патрабуюцца значныя фiнансавыя ўкладаннi. Вопыт паказвае, што яны хутка i прыбыткова акупаюцца. Зварот грамадскасцi да вывучэння i выкарыстання аб’ектаў гродзенскай крэпасцi дапаможа ўзбагацiць наш горад цiкавым помнiкам гiсторыi.

Дзянiс НАРЭЛЬ, сябра таварыства вайсковай археалогii i гiсторыi, студэнт 4 курса ГрДУ,

Сяргей ПIВАВАРЧЫК, кiраўнiк таварыства, кандыдат гiстарычных навук.

Назад